— Давай сюды, Міхась, пагутарым. А ёсць аб чым, — дзядзька Кандрат глядзіць то на мяне, то зноўку на апарожнены куфаль. — Мала плацяць, Міхась. Ой, мала, — апошнія словы адрасаваны — не ведаю — мне ці куфалю, ці нейкім, непрысутным тут калеярскім міністрам.
Не скажу, каб перспектыва гутаркі з дзядзькам Кандратам цешыла мяне, прынамсі так, як ягонае ранейшае прывітанне. Мо паказалася мне, што дзядзька праехаў ужо сёння свой апошні кіламетр і пара яму высаджвацца на гэтым прыпынку, дзе працуе начальнікам Яго Вяльможа Сон.
І я, аказваецца, не памыляюся. У гэты момант нябачны начальнік хапае галаву свайго падначаленага, прыціскае яе да стала, і цяпер ужо абодва, злітыя ў адну постаць, стынуць нерухома, забываючы пра ўвесь навакольны свет.
Побач акна, але і насупраць дзвярэй рассядаецца Каляровая Амэлька. Тут, так сказаць, знаходзіцца самы лепшы ў Алесевай гаспадарцы назіральны пункт. Амэлька можа назіраць і на дзверы, і на тратуар, што, ўзяўшы пад увагу яе прафесію, мае вялікае значэнне. Не паспееш варухнуць клямкай, а галасней адзываецца Амэльчына васемнаццацігадовае сэрца. Кароценькая спаднічка, якая больш паказвае, чым прыкрывае, бадзёра паднятая галава, грудзі бы дзве ракеты СС-20, нацэленыя ў дзверы і гатовыя да стрэлу. Вось табе і ўся Амэлька. Магутныя карпарацыі рэкламуюць свае вырабы па радыё і па тэлебачанні, плацяць вялікія сумы спецыялістам, а людзі і так робяць пстрык! “пілотам”. Амэлька — адначасова і выраб, і рэклама сваёй маленькай, аднаасобнай фірмы. Часам пакіне нейкія грошы ў цырульні або фітнес-клубе і гэта ўсё. Калі нехта мае выбіраць між шакаладам з альпійскага малака і Амэлькай, заўжды дабавіць некалькі злотых і возьме гэтае другое. Аднак апошняй ноччу Амэлька не ператамілася. Калі б было інакш, не сядзела б тут з белай раніцы, а як і ўсе яе сяброўкі адсыпалася б пасля працоўнай вахты.
Распазнаўшы маю асобу, Амэльчыны ракеты, ужо амаль выстрэленыя, пачалі раптоўна прызямляцца. Грошы пакінулі мяне раней, чым жонка і Амэлька аб гэтым дасканала ведае. Паглядзіць яшчэ хвіліну ў мой бок і, канчаткова ўжо расчараваная, бяжыць зрокам за акно, заглыбляецца думкамі ў свой малады, хаця нялёгкі лёс.
Ледзь паспееш прысесці за сталом, як з’явіцца Алесь. Пра Алеся можна сказаць коратка: заўжды на варце, заўжды чуйны і заўжды гатоў на супрацоўніцтва. Выхаваны ў прыгранічнай вёсачцы, рана стаў гарцэрам, а там пагранічнікі напераменку з настаўнікамі папрацавалі над ягонай чуйнасцю, фармуючы пры нагодзе правільнае грамадзянскае стаўленне.
На акцыю супроць каларадскага жука Алесь не патрапіў. Не з гультайства, вядома, а толькі таму, што не было яго яшчэ сярод народжаных. А калі ў стогнах і болях маці падарыла свету Алеся, плён буржуазнай дыверсіі распаўсюдзіўся і пазвычайнеў, як і звыклай стала ранейшая ўдзельніца каралеўскіх банкетаў — Яе Высокасць Бульбіна. Каларадскім жуком людзі перасталі сабе марочыць галовы, а бацька сказаў, што з капіталізмам ніхто яшчэ не выйграў. Пасля гэтага бацька кудысьці прапаў і дзеду Астапу прыйшлося забіраць з гарадскога шпіталя дачку і ўнука. Пройдзе год і другі, пакуль бацька вернецца і, ўпершыню ўбачыўшы сына, яшчэ раз скажа:
— Помні, сынок: з капіталізмам яшчэ ніхто не выйграў.
Як відаць, бацька нічога не навучыўся, затое — Алесь вельмі многа. Ён рашыў, што калі ўжо дарасце, запішацца ў капіталісты. Тады яшчэ не ведаў, што раней прыйдзецца яму запісвацца ў гарцэры, дзе, як кожны добры гарцэр, будзе абавязаны злавіць свайго ўласнага шпіёна. А заданне не было лёгкае. Вёсачка раскінулася за гарамі — за лясамі, далёка ад прамысловых цэнтраў, і шпіёны, не звяртаючы ўвагу на пабожныя жаданні мясцовых гарцэраў, зазіралі сюды вельмі-вельмі рэдка. Відаць, мала іх цікавіла: драўлянымі ці жалезнымі плугамі варочаюць зямлю аўтахтоны.
Усё-такі Алесю пашанцавала. Летам прыйшоў у вёску чалавек і адразу было вядома, што гэта шпіён. Барадаты, у доўгім пінжаку, таямнічы мяшок з правага пляча перавешаны на левы клуб. Так апісваў шпіёнаў капрал Бароўскі, а як сам запэўніваў — шмат іх, падлюгаў, вылавіў і пад суд паставіў. І вось стаіць перад табою экземпляр родам з расказаў капрала Бароўскага ды яшчэ пытае, кудою найбліжэй дайсці на граніцу. Кожны добры гарцэр ведае, што рабіць у такім незвычайным выпадку. Алесь таксама ведаў: шпіёна накіраваў у фальшывы бок, а сам шмыгануў да солтыса.
Пагранічнікі прыехалі на матацыкле маркі “ВФМ”.
— І дзе ён, гэты твой шпіён? — зрыфмавалася сяржанту. Выпадкова хіба, бо паэзіяй ніколі ён, нават у школе, не займаўся.
Читать дальше