Часам, між клопату, між работы, успамінала Фімка той час, Святланку ўспамінала, доктара, думала — дзе яны цяпер, ці жывыя засталіся? Ці выжыў тады Мурмонь? I, як іголка ў сэрца — Ромка... У яе ж пасля Ромкі ніводнага мужчыны не было...
Зноў усчаўся вецер, зноў шкрэблі, стукалі ў шыбу галіны змерзлага бэзу, быдта прасіліся ў хату, у цяпло, зноў грымеў, быдта громам, кавалак ададранай бляхі і шу-шу-шу, шу-шу-шу — шумела, спявала за акном мяцеліца. Застагнаў, скрыпнуў зубамі праз сон Іван — спалі з Таняю за тонкаю перагародкаю. I зноў сцішвалася ўсё, таілася, прыкрытае цёмным полагам ночы.
«Дакумент, дакумент»,— думае Фімка.— На чорта мне той дакумент... Толькі вось людзям, мусібыць, трэба... Доктарцы Веры Сяргееўне... Таксама ж казала — чаму няма дакумента... Тані трэба... Дзецям... Можа, лепшую кватэру дадуць?.. Можа, і праўда дадуць ёй асобную?.. Хоць нашто ёй асобная... Хіба каб потым і праўда памяняць і выгадаць Тані з дзецьмі яшчэ лепшую...»
Павярнулася Фімка на бок, уздыхнула. Заплюшчыла вочы — спаць, спаць. Але сон не прыходзіць. Нешта яшчэ трывожыць, падступае да грудзей. Не выгада, не карысць з таго, што дакумент аформіць... Нешта іншае. Жыла ж яна, усё-такі, у зямлянцы... Мыла бінты, варыла параненым есці... Ляжала на Мішкавых, ды ці толькі на Мішкавых, нагах, пакуль доктар кулі выкалупваў... Была ў партызанах, як ні круці, а знаку, як той доктар сказаў, акрамя дзірак на целе, ніякага... Для душы, для сэрца, для тых жа людзей. Вунь тая, Зіна Патапава, як усюды пра яе пішуць, гавораць... Былая партызанка... Яе фатаграфію Фімка выразала з часопіса, некуды схавала, у некую кніжку паклала. На той фатаграфіі Зіна Патапава — сталая ўжо, у гарнітурчыку і белай блузачцы, з медалямі на грудзях, гаворыць нешта піянерам і ручкаю ўгору паказвае. Пазнала яе Фімка, адразу пазнала, ды і падпісана ж — Зінаіда Юр’еўна Патапава... I пастарэла мала... Такі ж прывабны, ясны твар... Можа, і Ромка недзе жывы, можа, ходзіць па тым жа горадзе, па тых жа вуліцах, ды не спатыкаюцца.
Спакайнее ў Фімкі ў грудзях, пачынае гайдаць на арэлях сваіх дрымота, паволі апускаецца ў мяккі сон.
А назаўтра на вуліцы зноў забівае дыханне мароз, зноў аўтобус з замураванымі інеем вокнамі, жоўтыя ад электрычных лямпачак калідоры бальніцы і вочы хворых, для якіх прыход Фімкі — канец цяжкой ночы, пачатак новага дня, ад якога чакаюць лепшага. Закруцілася ў сваім калаўроце, пабеглі калёсы па сваёй каляіне, быдта і не выбівала іх ніколі лішняя турбота, не заварочваў ніхто яе каня аглоблямі назад, на мінулае. I ўсё-такі, усё-такі... Не-не той конь ды азіраўся, і ўсё ясней бачыла Фімка то Ромкаў твар, то твар той жа Зіны Патапавай, збялелы твар Мурмоня, якога пакінула, укрытага посцілкаю, на зямлі. Усплывала перад вачыма полымя партызанскага вогнішча, чуліся пах самагонкі, што давалі параненым перад аперацыяй, пах скрываўленых бінтоў. Хацелася ўжо, каб нехта пацвердзіў, што ўсё гэта не прыснілася, што было тое наяве, было...
Кліент, у якога рабіла Таня рамонт, сам некалі быў у партызанах, ён падрабязна растлумачыў, куды павінна пайсці Фімка, дзе шукаць слядоў свайго баявога жыцця.
I Фімка наважылася. Праўда, з дня на дзень адкладала, адкладала, усё не было часу, ды і сорамна чамусьці было ісці, не верыла, што мае на гэта права, не верыла, што і знойдзецца ў той канторы які след.
I ўсё-такі аднойчы сабралася. Па адрасу, які запісала Таня, знайшла дом. Адчыніла цяжкія драўляныя дзверы. Увайшла ў цемнаваты, з высокаю столлю, вестыбюль. Пры лесвіцы, якая вяла на паверхі, за столікам з тэлефонам сядзеў міліцыянер. Фімка спынілася пасярод вестыбюля, не адважваючыся спытаць у яго — куды ёй паткнуцца са сваёю просьбаю. Міліцыянер сам спытаў у яе:
— Вам каго трэба?
I Фімка збіўчыва пачала тлумачыць, што вось, трэба ёй аформіць дакумент... Была ў партызанах...
Міліцыянер паказаў ёй рукою на сцяну, злева, і толькі цяпер Фімка ўбачыла, што гэта не сцяна, а перагародка ў вестыбюлі, а ў ёй, як у касе на вакзале, вакенца. У гэтым вакенцы Фімка ўбачыла і вяршок светлай жаночай галавы, а потым і цёмнае вока, што глянула стуль раўнадушна.
Фімка нясмела падышла да вакенца. Цяпер добра ўбачыла жанчыну са светлымі, акуратна ўчасанымі валасамі, з цёплаю хусткаю на плячах — мароз даходзіў і сюды. Кабета наставіла на Фімку чакальны позірк, і тая, як нядаўна міліцыянеру, пачала збіўчыва тлумачыць, чаго прыйшла.
Жанчына скора зразумела, што трэба гэтай прасіцельніцы, зашастала перад сабою на стале паперкамі, падала ў вакенца разлінаваны лісток.
Читать дальше