Дома яна не плакала, а неяк уся сцялася. Зноў хадзіла па пакоі, як ваўчыца, і на злосць яму, на злосць яшчэ невядома каму вырашыла пакінуць дзіця. Няхай прыйдзе на свет, няхай гадуецца, будуць удваіх, не адзінокія.
Прыняўшы рашэнне, Таня паспакайнела, хадзіла на работу, заказвала і рыхтавала да друку рэцэнзіі, артыкулы, часам цэлыя літаратурныя старонкі, адказвала на пісьмы. Гэта была, бадай, самая цяжкая работа ў аддзеле, і выконвала яе Таня, Люба як загадчыца толькі падпісвала лісты.
Рэдакцыю завальвалі вершамі, але толькі іх наіўныя аўтары маглі лічыць, што гэта вершы, з паэзіяй рыфмаваныя радкі, што грудзіліся на Таніным стале, не мелі нічога супольнага.
I трэба было цярпліва, не абражаючы найлепшых намераў і пачуццяў аўтараў, растлумачваць, чаму гэтыя вершы нельга надрукаваць, а растлумачыць было цяжка. У адказ на свае пісьмы яна часта атрымлівала гнеўныя папрокі — «А вы навучыце мяне пісаць так, каб можна было друкаваць!». Іншыя скардзіліся ў вышэйшыя інстанцыі, былі ўпэўнены, што вершы іх не горшыя за тыя, што друкуюцца ў газеце, рэдакцыя проста зацірае невядомых аўтараў.
Рэдактар выклікаў Таню, паказваў такія скаргі, патрабаваў, каб яна пісала аўтарам больш падрабязныя лісты, з падрабязным разборам вершаў, больш аргументаваныя.
— Міхаіл Арсенавіч,— гаварыла Таня,— пераканаць каторага з іх проста немагчыма, ёсць такія графаманы, што ў іх хоць кол на галаве чашы.
— А вы тлумачце, тлумачце,— гаварыў рэдактар.— Гэта ваша работа, на тое вас ва універсітэце вучылі.
Таня абяцала:
— Добра.
Яна, як і да гэтага часу, сумленна, шчыра працавала, але ад усяго іншага быццам адгарадзілася, быццам стварыла вакол сябе паветраную падушку, якая павінна была абараняць ад непатрэбнага. Прыходзячы дадому, яна пагружалася ў сябе, нібы прыслухоўвалася да таго, што адбывалася ў ёй самой.
«Няхай бы была дзяўчынка... Ах, няхай бы была дзяўчынка»,— думала Таня. Яна так хацела, каб нарадзілася дзяўчынка, што нават імя ёй прыдумала — Даша. Ёй падабалася гэта імя — Даша.
У рэдакцыі пакуль нічога не заўважалі, а Таня нікому нічога не расказвала, нават Любе. I ўсё ж — шыла ў мяшку не схаваеш. Першая зноў-такі заўважыла Люба. Яна сядзела за сталом, праз свае круглыя акуляры ўважліва сачыла, як Таня падыходзіла да тэлефона, вярталася на сваё месца. Таня адчувала на сабе гэты дапытлівы позірк і думала: «Няхай сабе... Усё роўна ўсе даведаюцца».
— Слухай, дзеўка,— загаварыла Люба,— гляджу я на цябе, гляджу і гатова аб заклад пабіцца, што ты цяжарная.
Таня пераклала паперы з аднаго боку на другі, памаўчала.
— I выйграла б заклад,— сказала спакойна.
Люба адкінулася на спінку крэсла.
— Ад каго?
Невядома, чаго больш было ў Любіных вачах — ашаламлення, цікаўнасці, спагады.
Таня чакала гэтага пытання.
— Ты яго не ведаеш.
— Разумею, хаваеш... Тваё дзела... Не буду дапытвацца. Да-а...
Люба кінула аловак, адсунула ад сябе рукапіс, было ясна, што працаваць яна больш не можа, так уразіла яе навіна.
I Таню ўзрушыла размова, круціла ў руках аловак, стукала ім па стосіку чыстай паперы, што ляжаў перад ёю,— збіралася пісаць адказ чарговаму паэту.
— Значыцца, думаеш адна гадаваць дзіця... А ты ведаеш, як цяжка гадаваць дзяцей, у мяне мама, муж і то...
Канечне, Люба была адна са шчаслівых жанчын, яна мела клапатлівага мужа — ідучы з работы ён заходзіў ва ўсе магазіны, што былі па яго дарозе, і прыносіў дадому цэлы партфель прадуктаў, ён па начах уставаў да дзіцяці, мяняў пялёнкі і падаваў малое Любе ў пасцель — толькі пакарміць, ён ніколі не сказаў Любе грубага слова. З імі жыла Любіна маці, якая вяла ўсю гаспадарку, і то Люба гаварыла, што другое дзіця нарадзіла зусім выпадкова, а болей, прабачце, ні за што на свеце.
— Цяпер ужо нічога не зробіш, буду гадаваць,— сказала Таня.
Люба сашчапіла рукі.
— Танька, ты гераіня... Канечне, вырасце дзіця, нідзе не дзенецца, я ведаю такіх кабет, родзяць сабе дзяцей і гадуюць... Ты — гераіня!
Яны доўга гаварылі. Люба то пужала Таню цяжкасцямі, то захаплялася яе смеласцю, абяцала і маральную, а калі спатрэбіцца, і матэрыяльную падтрымку.
Таня была ўдзячная Любе за тое, што не асудзіла, не пачала выпытваць лішняга, што прыняла блізка да сэрца.
Хутка даведаліся ўсе супрацоўнікі рэдакцыі. Здаецца, ніхто не асуджаў яе, наадварот, людзі зрабіліся больш уважлівыя, мужчыны на лятучках наперабой падстаўлялі крэслы, жанчыны частавалі цукеркамі, яблыкамі.
Читать дальше