Чужыя кабеты, што шпацыравалі тут каля цёмных кіпарысаў, накінуўшы на плечы шарсцяныя кофты — далёка ў цемнаце было відаць іхнія белыя, мусіць, выфарбаваныя румянкам валасы,— напаміналі мне пра жонку, і я шкадаваў, што паехаў адзін. Але я быў давольны — тут не было абрыдлых разумных гутарак,— я спачываў душою. Я заўсёды любіў і люблю адзіноту. Ды я, мусіць, урадзіўся такі — бо некалі, помню, ходзячы за кіламетраў пяць у школу з вёсачкі ў невялікі горад, я любіў невядома чаму восень, познюю восень, ветраныя дні, макрэчу і жаласлівы звон тэлефонных правадоў — на душы было смутна, але я любіў гэты смутак, думалася пра нешта радаснае, і ад гэтай радасці і шкадавання да самога сябе на вочы набягалі слёзы. Я быў як хворы. А можа, гэтую хваробу павінен перажыць кожны. Я таксама тады пісаў вершы, як кожны з вас у гэтую пору, але мяне не надрукавалі ў раённай газеце. Мне не пашанцавала, як усім вам, а то я, напэўна, пайшоў бы ў паэты.— Петраш паглядзеў на нас і крыва ўсміхнуўся.
За акном мільганула маланка, стрэліў пярун, аж страсянулася пад нагамі падлога. На дварэ прыпусціў спорны дождж, задрыжала лапушыстае лісце на клёне, за альтанкай на дварэ разлілася лужына, на ёй збіраўся шум, скакалі бурбалкі.
Я, каб не перабіць Петраша, ціха адчыніў акно — у пакой хлынуў роўненькі шэпт дажджу, пацягнула прэснай і лёгкай сырасцю, як ад рэчкі.
— Во, стала лягчэй,— сказаў Петраш, усё гэтак дзвюма рукамі каля вушэй падгладжваючы назад свае валасы. Ён склаў рукі на каленях і, адхіліўшыся ад стала, пачаў расказваць зноў: — Ды я там мала з кім гаварыў. Хіба са сталяварам з Магнітагорска, з якім жыў у адной палаце. Сталявар любіў, як кажаце вы, узяць чарку. Ён кожны дзень заглядаў да «цешчы» — гэтак называлі паграбок, што быў недалёка ад санаторыі і ў якім дзябёлая ўкраінка ў вышыванай кашулі прадавала на разліў «Гарылку». Не помню, але, мусіць, гуляючы на пляжы ў карты, я пазнаёміўся, а потым і сышоўся з адным інжынерам з Харкава, маім, здаецца, равеснікам, ціхім добрым чалавекам і, можа, трохі дзіўнаватым — ён прызнаўся мне потым, што хоча нагледзець сабе кабету, тры гады назад ад яго ўцякла жонка — другая, бо першая памерла ад родаў, пакінуўшы яму малое дзіця.
Іншы раз вечарам мы гулялі з гэтым харкаўскім інжынерам па санаторным парку, заглядваючы на адкрытую веранду, дзе, здаецца, разы са два ці тры ў тыдзень былі танцы і дзе вось гэтыя самыя лысыя немаладыя дзядзькі дзеразаваліся, як маленькія — балазе іх ніхто ні з блізкіх, ні са знаёмых не бачыць. А чалавек, калі ён думае, што ён адзін і ніхто яго не бачыць, бог ведае што пачынае вычвараць.
Інжынер, бывае, ціхенька мне шаптаў, няўзнак паказваючы на якую-небудзь маладзіцу,— ён ведаў, хто да яе заляцаецца ці ў якое ўжо каханец паехаў.
Вось праз сватаўство гэтага харкаўскага інжынера ўсё і пачалося.
Неяк, здаецца, нядзеляю, у ціхі час, што бывае ў санаторыях з трох да чатырох гадзін, калі я лёг прыдрамаць, ён пастукаўся да мяне ў палату.
— Ты спіш? — спытаўся ён, прыадчыніўшы дзверы і ўваткнуўшы галаву.— Ідзём, паіграем у карты.
— Не, — я нацягнуў да самага падбародка коўдру. Мяне ўжо змарыў сон, уставаць не хацелася.
— Ідзём-ідзём, там у мяне сядзяць кабеткі,— ён схіліў набок галаву і прыжмурыў вочы.
— Я ж не выручу цябе, не ўмею іграць,— я не змахляваў: я папраўдзе не люблю і не ўмею гуляць у карты.
— Ой, шкода,— ён цмокнуў языком і зачыніў дзверы.
Але толькі я сцішыўся і пачаў драмаць, як у дзверы пастукалі.
— Заходзьце! — крыкнуў я, злуючыся, што гэты харкаўскі інжынер выб’е мяне са сну.
Дзверы адчыніліся, і паказалася прысадзістая, гадоў недзе дваццаць сем маладзіца, спярша нават сумеўшыся, што ўбачыла мяне ў ложку, і прыстакнуўшы ў парозе.
— Ой, выбачайце, я не ведала, што вы спіцё,— і на твары ў яе плямамі выступіла чырвань. На ёй быў лёгенькі карычневы халацік у белыя кветкі, што пасаваў да яе загарэлых і голых да пляча рук, да яе маладжавага твару і белых, коратка падстрыжаных, але высока начэсаных валасоў.
Мне ўспомнілася, што я недзе, здаецца, бачыў яе — ці не ўчарашнім вечарам, калі разышоўся спорны дождж і пазаганяў усіх на ганак санаторыі.
— Іван Мікалаевіч (гэтак называлі таго харкаўскага інжынера) просіць, каб вы прыйшлі да яго,— загаварыла яна, стоячы ў парозе і не ідучы далей у палату.
Мне было таксама брыдка перад ёю, што ляжу на ложку, але ўстаць я не мог — быў раздзеты.
— Добра, я прыйду, тым болей, калі кліча такая дзяўчына,— і я сказаў, здаецца, яшчэ нешта банальнае, як заўсёды гавораць людзі, не знайшоўшыся, што сказаць.
Читать дальше