Ён, відаць, чуў, колькі каштавала Дзедзічу хата.
У Мішкі заварушылася злосць на Рэдзьку, што той усё знае і лезе сляпцом у душу, на самога сябе, што не хватае адвагі паслаць яго к чортавай матары.
— Цяпер так — не ўварвеш...
Рэдзька гаварыў нешта, але Мішка адвярнуўся — падышлі хлопцы. Мішка іх помніў малымі, цяпер яны цвёрда і стала падавалі руку, пыталіся:
— Чаму не гуляеш? Ідзі, бяры каторую ды танцуй.
Выключылася радыёла, пласцінку не мянялі.
Бразгаючы кубкам аб край вядра, маладое дзяўчо, у даўгаватай, пэўна, мацерынай сукенцы, злівала хату.
Мішка выйшаў разам з хлопцамі курыць.
На захадзе чырванеў, завешаны рэдзенькімі хмаркамі, нізкі месяц — збіраўся сесці. Ад зямлі паднімалася, як прытаптаная кудзеля, рэдкаватая цемната. Дзеці бліскалі ліхтарыкам туды, дзе хаваліся дзеўкі. Хлопцы пакрыквалі на малых ганарыстым, густым голасам.
Мішку было трохі нязвыкла і смешна, што тыя, каго ён ганяў з папружкаю сам, цяпер ужо пакрыкваюць цвёрдым голасам на другіх, і што ім недзе па дваццаць пяць, і што яны таксама сталыя.
— Можа пойдзем разам з намі? — хлопцы ўзялі Мішку пад рукі.— Ідзі, пакаштуй нашае цукровае...
— Я тут во з Ладакам Аўсянікам збіраюся,— змахляваў Мішка і, адбіўшыся ад хлопцаў, пайшоў вуліцаю. I яму здалося, што ён, як і некалі, ідзе з вечарынкі дадому. Пад нагамі ў цемнаце шорстка шасцела леташняе перасохлае лісце. Густа, як у пустую бочку, на хутарах брахаў сабака. «Гуд-гуд-гуд...» — тры разы запар дудзеў, сціхаў і зноў дудзеў на нечым гумне дудак, і Мішку спомнілася, як маці казала, што гэта спявае яўрэйская зязюлька. На балоце кракталі жабы, нібы там паднімалася, шыпела, лопаючыся вялікімі пухірамі, рошчына.
Наткнуўшыся на дрот, Мішка завярнуў у свой падворак. У цёмных вокнах адсвечваў смутны чырвоны месяц. I Мішку зноў падалося, што ён, як і даўней, стаіць сярод падворка і зараз пагрукае ў акно,— у хаце загарыцца агонь, рыпнуць дзверы і маці спытае з сяней: «Міша, гэта ты?»
Нейкай глухатою і сцішанасцю маўчала хата. Мішка пастаяў, спомнілася яму, калі астатні год маці ўжо недамагала і ён вярнуўся з танкера, зволіўся з работы, каб даглядаць яе. Дзеля весялосці купіў транзістар, круціў яго ад ранку да вечара і незнарок патрапіў на аб’явы: перадавалі, што пры сельэлектрабудзе адкрыліся курсы і што туды прымаюць без прапіскі. Мішка сказаў маці.
— Што ж ты мецьмеш адзін сядзець,— згадзілася маці, але ў голасе была нейкая туга, не то па ім, не то па сабе.— Едзь ужо, калі хочацца, едзь...
I Мішка паехаў, а праз два месяцы быў на лініі, ставіў апоры, рабіў зазямленні, жыў у вагончыку, а найбольш кватараваў па вёсках.
Аднаго разу Мішка ўбачыў на сваёй полцы тэлеграму: «Памерла мама. Прыязджай. Тоня». Тэлеграму адбіла сястра, што была замужам тут, у вёсцы. Мішка прачытаў першае слова і здранцвеў, у вачах усё завалаклося нейкім туманам. Галаву сціснуў, як абручом, цемны боль. Нешта даўкае, сухое засела ў горле — і Мішка выбег з вагончыка, баючыся, што зараз заплача і ўсе ўбачаць. I Мішка, нават не адпрасіўшыся ў брыгадзіра, паехаў дадому. Ехаў прыгарадным поездам праз Баранавічы — не паспеў узяць білет на аўтобус. А поезд, здаецца, доўга стаяў на кожным паўстанку: Мішка глядзеў на пустыя платформы, прысыпаныя снегам, на чорныя рэйкі, што роўна блішчалі на сонцы, на чалавека з флажкамі ў похве, што вымятаў са стрэлак снег, на заінелыя цыстэрны ў тупіку, на белае поле, на пахіленыя шчыты ўздоўж чыгункі, на чорныя стрымбукі сухога быльніку, што тырчаў па белым снезе на адкосе, на жоўтае ў смузе сонца, на будкі каля пераездаў, на людзей, што тапталіся каля санак — конь перабіраў сена,— было ўсё звыклае на свеце, але Мішка чуў, што ў ім нечага недалягала, як недалягае маленькіх зморшчаных лісцікаў на маладой бярэзінцы ў голую раннюю вясну.
Мішка сядзеў як скамянелы, і яму ўсё не верылася, што маці ўжо нежывая, што яна ляжыць у труне, што ён не ўчуе яе голасу, не ўбачыць, як мільгне за акном яе выцвілая суконная хустка, што пра яе астанецца толькі памяць.
Дома быў Мішка толькі пад вечар. Нанач браўся туман, сіняваты, густы, як завараны крухмал. Капала са стрэх на раскіслы снег, моцна: «Шах-шах...» Здалёк не было відаць хат, а толькі агні ў вокнах, ружавата-сіняватыя, як праз пару. I не было відаць здалёк людзей, а толькі чутна, што шахкае ў некага пад нагамі раздражджэлы снег.
Мішка падышоў пад хату, яшчэ ўсё не верачы, што гэта праўда, што памерла маці, але яшчэ з вуліцы пачуў плач: «А мамачка! А родненькая! На каго ж ты нас пакінула?..» Мішка пазнаў Касін голас, і ў яго перасохла ў горле. Дзверы ў хату былі адчыненыя — там стаялі, сцішыўшыся, кабеты. З сяней Мішка ўбачыў спярша не маці, а свечку, жоўты язычок хіліўся ад скразняку. Маці ляжала ў труне, і твар у яе быў чужы. Са свечкі цёк воск на яе ўжо скурчаныя, нежывыя пальцы. На сцяне нехта завесіў люстэрка кужэльным з доўгімі кутасамі ручніком.
Читать дальше