Здаецца, Бадлер заўважыў, як любяць літаратурныя крытыкі паразытаваць на ваеннай тэрміналёгіі. Мы таксама скарыстаемся з гэтай традыцыі на парадыйным (ад слова “парад”) узроўні.
Лічы, стагодзьдзе беларуская літаратура, як, зрэшты, і сама Беларусь, гналася за іншым сьветам. За лічаныя гады яна мусіла адольваць цэлыя эпохі культурнага разьвіцьця. Сёньня, калі верыць разбуральніку парыжаў Валянціну Акудовічу, гнацца больш няма за кім, бо перадавая заходняя культура — падзякуем постмадэрнізму — згубіла мэту свайго імклівага развою й таксама спынілася ў разгубленасьці. Дык, можа, дзьве акрэсьленыя вышэй “беларускія” рэтардацыі былі дарэчнымі й своечасовымі?
Закончылася гонка літаратурных узбраеньняў (як і літаратурная халодная вайна), калі мы даганялі Эўропу й сьвет ды эўрапейскі й усясьветны літаратурны працэс. Ёсьць час спыніцца для роздумаў, падумаць пра дасягнутае й крытычна ператравіць яго. Усе пляцдармы захоплены, настаў час для рэкагнасцыроўкі, бо, як сьцьвярджае вядомая показка, перш чым сказаць “гоп”, варта агледзецца, куды ты ўскочыў. Настаў час ня толькі павярхоўнага, але й глыбіннага засваеньня тых этапаў літаратурнага разьвіцьця, якія мы праскочылі сямімільнымі марш-кідкамі, не засвоіўшы як сьлед. Для беларускага літаратара пачынаецца курс маладога байца, засваеньне новых стратэгіяў, што забясьпечаць ня столькі перамогу над умоўным ворагам, колькі элемэнтарнае выжываньне паэзіі. Я, не прэтэндуючы на паўнату й аб’ектыўнасьць, паспрабую прапанаваць тры такія стратэгіі.
Ратаваньне топасам. Сучаснай беларускай паэзіі (як і нашай літаратуры наагул) не пашкодзіла б нарэшце быць упісанаю ў сыстэму ўсясьветных літаратурных топасаў, тэм, вечных вобразаў. Вандроўныя сюжэты чалавечай культуры мусяць нарэшце дабрысьці й да Беларусі, а дабраўшыся сюды,— распазнацца чытачамі як такія.
Вялікая гульня ў постмадэрнізм у беларускай літаратуры пачалася. Патэнцыйныя гульцы нават збольшага ведаюць, як бавіцца з новымі цацкамі. Вось толькі саміх гэтых цацак покуль што катастрафічна бракуе. Ёсьць шмат аўтараў, гатовых да пародыяў, цытацыяў, стылізацый, перайманьняў ды іншых спосабаў карыстаньня чужымі тэкстамі. Не стае саміх гэтых тэкстаў, вартых постмадэрнісцкай дэканструкцыі. Колькі можна зьдзеквацца зь беларускай савецкай літаратуры? Яна не такая ўжо й разнастайная. Ну, можна ўхваліць мілую сэрцам нямецкую мову (былі ж і ў немцаў свае Танкі!), можна аздобіць “Хлопчыка й лётчыка” мацернай лаянкай. Што яшчэ? Кпіць з таго, як і чым пахне чабор, ствараць эратычную эпапэю “На простынях”? А далей? Трэба выйсьці ў іншую плоскасьць, засвоіць здабыткі іншых літаратураў, зрабіўшы іх сваімі, сутыкнуць Кракаў і Ракаў, “Атэла” й Янку Маўра, Рабле й Рублеўскую, Акутагаву й Акудовіча, Асорына й Баярына, Дантэ й Данчыка. Вось, “Міколка-Паравоз”, стылізаваны пад Джойса, гэта ўжо крута! Глядзіш, сучасны чытач і да “Хаўтур па Фінэгану” пацягнецца, а можа — чаго ў сьвеце ні бывае! — і Міхася Лынькова прачытае. І ня так ужо й істотна, ці зрабіла покуль беларуская літаратура нейкія там адмысловыя постмадэрнісцкія адкрыцьці, ці проста які ўжо раз вынайшла ровар. Важна, што гэты ровар яна атрымала і самы час навучыцца на ім езьдзіць.
Першыя крокі ў гэтым кірунку ўжо зроблены. Згадайма кнігу “Шалёны вертаградар” і асабліва пазьнейшыя паэмы Міхася Баярына. Паэт выгодна атабарыўся й утульна пачуваецца ў прасторы ўсясьветнай культуры — зусім не пакідаючы пры гэтым беларускай. Абмяжуемся адным прыкладам зь “Лістоў да беларускага сябра”:
Бачыць цябе, мой Аргус, неяк няма жаданьня.
Там у вас восень, канешне, вечная сьмерць лісьця.
Восень у вас заўсёды. Гэта мяне й лякае.
Ты ашалеў, мой Аргус, і хаты не ўвартаваў.
Зараз жывуць у палацы якіясь людзі чужыя.
Дый калі б я й вярнуўся, ты б мяне не пазнаў.
Згрыз бы сваймі зубамі. І людзі б цябе хвалілі.
Далі б кавалак мяса, і ты бы спакойна спаў.
Жэк лістоў не чытае зь вельмі простай прычыны.
Я іх не адпраўляю, тут гэта зрабіць няма як.
У непадрыхтаванага чытача пачынаецца лёгкая запамарока ад розных літаратурных сабачых вобразаў. Згадваецца сабака Адысэя, што першым пазнаў гаспадара, калі той вярнуўся на родную Ітаку. Недзе лунае водгульле разьвітальнай песьні Чайльд-Гарольда: “…І пёс, павыўшы ля вуглоў,/Чужым служыць пачне./Калі ж вярнуўся б я дамоў —/Парве ў шматкі мяне” (пераклад У.Дубоўкі [39] Байран Дж. Г. Лірыка. — Мн.: Маст. літ., 1989. — С. 117.
). Але тут, скажа нехта, ні з пушчы ні з поля, мяняецца мянушка адрасата: замест Аргуса зьяўляецца Жэк. Чаму ні з пушчы? Менавіта з Пушчы, зь Язэпа Пушчы, бо тут алюзія на ягоны верш “Ліст да сабакі”. Менавіта ў ім зьяўляецца параўнаньне сабакі Жэка з адысэеўскім Аргусам і гучыць рэфрэн-заклінаньне, просьба вартаваць родную хату [40] “Вартуй, вартуй лепш хату да расьсвету”, // Вартуй, мой дружа, родны ганак”, // Чужыя людзі ходзяць каля склепа.// Пільнуй!”Пушча Я. Збор твораў у двух тамах. Т. 1. — Мн.: Маст. літ., 1993. — С. 113, 117.
. Просьба, якой баярынскі Жэк-Аргус ня выканаў.
Читать дальше