– А як, дарэчы, Вашаць кагадзе здагадаўся, што я меў на ўвазе Такешу?
Вочы пана Жураўскага люта бліснулі, рука пацягнулася да зброі. Але капітан першым выхапіў шаблю і прыставіў яе супору да горла.
– Ня рухайся, – загадаў іншаземец. – Ты таксама зь імі? Колькі яшчэ тваіх апалчэнцаў супраць нас?
– Паасьцярожней з шабелькаю, Ёган. І ня трэба клямства вярзьці, пане, гонар мой шляхецкі ўлегцыменьнем зьневажаць.
– Адкуль чакаць казацкага наступу? Дзе іх зьбірюцца ўпусьціць у Гомей? – не сунімаўся Ёган і пачынаў патроху націскаць шабляю.
У памяшканьне раптоўна забег жаўнер і пачаў штось гаварыць да Мантгомэры. Скарыстаўшы з гэтага пан Аляксандар адскочыў назад, агаліў шаблю, падаўся наперад, секануў жаўнера па галаве і накінуўся на капітана. Рухі Жураўскага нагадвалі скачкі рысі. Агаломшаны, капітан зь цяжкасьцю абараняўся. На колькі цельпукаватым здаваўся яму здраднік, на столькі ж спрытным ён насамрэч апынуўся, атакуючы з усіх бакоў і патрапляючы адбіваць усе капітанавы выпады. Адчуўшы пэўную слабасьць, камандзір найміцкай залогі клікнуў сваіх жаўнераў, просячы дапамогі. “Цэльце ў рукі-ногі. Але не замардуйце”, – лямантаваў ён па-нямецку. Супраціўнік працягваў адорваць яго магутнымі шабельнымі ўдарамі, стрымліваць якія рабілася ўсё цяжэй а цяжэй. Бухнуў мушкетны стрэл. Пан Аляксандар Жураўскі адразу спыніў барацьбу і, прашаптаўшы: “Нашы сэрцы палаюць агнём”, марудна апусьціўся долу мёртвым. “Я ж прасіў параніць”, – крахтаў ад незадаволенасьці Мантгомэры. Прыбеглы зь вязьніцы пахолак яшчэ больш узвар’яваў яго: кат перастараўся і абодва затрыманыя, так нічога не сказаўшы пра казакоў, душамі загавелі. Ёган адчуў прарэзьлівы боль галавы і пагрузіўся ў ружовы вязкі, бы кісель, туман. Такое ўжо здаралася раней пад Дэсаў і Лехам. Ад празьмернае стомы, напругі, а можа быць і невядомай хваробы, ён губляў пачуцьцё рэчаіснасьці, сядаў з заплюшчанымі вачыма долу і маўчаў. І абудзіць яго з гэтага здранцьвеньня было немагчыма.
8.
Адзінотны мушкетны стрэл на Спаскай вежы вельмі ўсхваляваў Лявона. Ён пашыбаваў да Забелы.
– Там нешта ня тое адбываецца, – заявіў паказачаны гамеянін.
– Ну стрэліў нехта, шклянога бога павітаўшы, дык што? – скептычна спытаў палкоўнік. – Ці хочаш сказаць, яны там ня п’юць?
– Ня ведаю, ці п’юць. Але рэч у тым, што ўмоўлена было па іншаму. Калі за парканам дзеіцца ўсё ладным для нас чынам, адзін з апалчэнцаў пачынае гарлаць песьню пра пападзьдзёвы цыцкі і страляць у неба. Акурат самы час для гэтага. Але, як бачыш, ані знаку. За парканам нешта творыцца… А раптам іх усіх выкрылі?
– Ведалі на што ішлі, – цьвёрда, без найменшага нацеку на міласэрнасьць прамовіў Пятро Забела. – І нюні разьвешваць тут ня трэба. Калі жывыя, дык азавуцца. Калі памерлыя, дык вечны ім спачын. Мы і самі можам управіцца. Работы маім малойчыкам і так пакуль знойдзецца. Па ваколіцах праехаць ды шляхту за кашэль патрэсьці. Дзень-другі перачакаць можам. А ў іх, за парканам, прыпасаў паменее.
– Дазволь мне прабрацца ў Гомей сёньня.
– А я табе адразу казаў, што ўвязваць бабу ў такую справу ня трэба. Усё сапсуе.
– Яна ня баба, – як сякерай па калодцы ўдарыў, сказаў Лявон. Але словы ягоныя прагучалі неяк сьмешнавата, бо неўпрыцям нагадалі пра палкоўніка Мартына Нябабу, з чыйго загаду яны і апынудіся пад Гомеем.
– У кожным разе, – стары палкоўнік пільна зірнуў на паказачанага, – ніякага зухвальства я табе на сёньня не дазваляю. Сядзі тут. Адпачывай. Сілаў назапашвай.
– Але ты павінен ведаць: калі Аля яшчэ жывая, яна абавязкова зробіць належнае.
– Ты непапраўны летуценьнік. Ідэаліст, як кажуць філёзафы.
– Тым-сім філёзафам хапае спрыту заставацца чыстымі доўбнямі. Я не летуценьнік і не ідэаліст. Я проста кахаю яе і ведаю, на якія афяры яны мусіць ісьці, каб дапамагчы нашай справе. Нашай агульнай справе…
– Жанка створана для ўцех і для падаўжэньня роду чалавечага. І тое, што пэўныя кабеты паказуюць мужчынскія якасьці, выклікае нядобрыя падозраньні: ці ня чорт у ёй сядзіць.
– Мне лепей ведаць пра ейных чарцей. І я ніколі не згаджуся з думкай, што жонка толькі ярэмны даважак да нашага жыцьця, які дастаецца выпадкам, а катуе пасьлядоўна і дамэтна аж да скону.
– Ты ці сапраўды шчасьлівы, ці проста дурань. Нават цяжка падумаць, як цябе такога ў казакі занесла.
– Бо мусіла занесьці, – ціха сказаў Лявон і на мігі папрасіў дазволу скончыць гутарку і зыйсьці.
9.
Здарэньне на Спаскай вежы, застаўшы зьнячэўку, чыста зьбіла з тропу і жаўнераў-наймітаў, і апалчэнцаў, і проста мяшчан, якія не ваявалі. Бальшыня зь іх разважала-варажыла аб прычынах дзіўнага двубою паноў Жураўскага і Мантгомэры. Цела забітага пана Аляксандра, перанесьлі ў склеп-лядоўню, каб пасьля аблогі пахаваць, як і слушыць двараніну з усімі адпаведнымі пашанотамі. Пана Ёгана даставілі ў дом Красоўскіх, дзе ён кватараваў. Яго ня здолелі выпрастаць і таму пакінулі седзячым. “Выліты апостал Лука”, – здумляўся Красоўскі. І сапраўды згнобленая постаць капітана нагадвала драўляную фігурку сьвятога з грэка-рымскай царквы.
Читать дальше