Камандваньне апалчэньнем пераняў зусім юны сотнік Аўсей Пац. Найміцкую залогу на час нядужасьці ротмістра Мантгомэры ўзначаліў першы зь яго заступнікаў[7] паручнік Іштван Заякот. Вырашылі трымацца ранейшае тактыкі, не распачынаючы актыўных дзеяньняў паперад праціўніка. Была глыбокая ноч.
10.
Сьвежае паветра даходзіла да падземнае схованкі марудна. Алюце даводзілася трываць такую нязручную акалічнасьць. Каб выжыць… Калі ўраньні яна заўважыла, што жаўнеры забіраюць Такешу і Анісіфора, стала ясна: “Прыйдуць і па маю душаньку”. Напоўніўшы вадой (з таго самага злашчаснага вядра) біклагу, прыхапіўшы букатку хлеба, Лявоніха пакінула дом. Яна рушыла ў самы аддалены куток свайго падворку – туды, дзе звычайна звальвалася сьмецьце і зьліваліся памыі. Пахла ня кветкамі, але смурод жанчыну зусім не турбаваў. На самым краі сьметніцы, што ўшчыльную прылягаў да плота, пад хлудам месьцілася века, за якім пачынаўся падземны лаз. Ён вёў да досыць вялікіх і разгалінаваных галерэяў, невядома калі збудаваных і забытых усімі месьцічамі. Незадоўга да папярэдняй аблогі ход выпадкова знайшоў Лявон. Муж меркаваў, што недзе мусілі быць падземныя дарогі да Сажа і Гамеюка. Але добра агледзіцца ў блукаходнях яны тады не пасьпелі, адно вызначылі, у якой нішы на выпадак новай злыбяды будзе хавацца Алюта…
Жанчына наракала на нешанацаваньне. Дакарала сябе за тое, што праваліла ўсе мужавы задумы. Папікала ў баязлівасьці. Халодныя сьлёзы пырснулі з вачэй, і яна прыглушана зарумзала ад цяжару собскіх няўдаліц. Пахла зямлёю. Зусім блізка пішчэлі пацукі і мышы. Абараняцца ад падземных жыхароў, а заразом і ад верагодных гасьцей з назем’я, Лявоніха меркавала вялікім нажом – склюдам, што быў прыхаваны ў нішы.
– Госпадзе, – услых прамовіла яна, – што ж я сяджу? Шкуру сваю ашчаджаю, а ўсіх на вырак лёсу спускаю. Так нельга. Няможна. Я ж моцная. Хітрая я. Я многае магу, а ня толькі па-блуднічы прывабліваць мужчын. Трэба выбірацца і шукаць…
– Далёка маладзіца сабралася? – мужчынскі голас у змроку змусіў Алюту скалануцца перш, чым яна сьцяміла, каму ён належыць.
– Лявоне, – нягегла выгукнула яна, падскочыла і пабегла ў цемрадзь.
Цалункі здаваліся бясконцымі. Жанчына не хацела ў тыя імгненьні цікавіцца-пытацца, што ды як. Жадалася ёй узгадаць-прыпомніць мужавы ласкі-пяшчоты. І хоць падземныя пахі вымагалі чакаць лепшага, а паветра ставала чуць на чуць, Алюта ціхмяна сказала: “Ты павінен зрабіць гэта. А потым хай зноўку будзе вайна”. Сказаўшы яна павярнулася да мужа сьпінай і падалася тулавам уперад, прыклаўшы далоні да прахалоднай земляной сьцяны…
11.
У горадзе дваццаць чалавек напружана чакалі таемнага загаду аб помачы казацкаму войску. Частка іх, зь ліку апалчэнцаў, патанала ў трывожных сумневах. Яны меліся выконваць распараджэньні пана Жураўскага. Толькі ён трымаў у галаве ўвесь рэестар дзеяньняў апалчэнцаў, верных казацкай справе. Але камандзір загінуў. Паліты вадой порах высыхаў. Заставалася толькі спадзявацца на нешта яшчэ. Спадзявацца, нібыта на чараўніцтва. Чакаць, быццам зыркую зорку, што прадкажа перамогу над уласнымі суродзічамі, зь якімі так цяжка было жыць у адным гаспадарстве.
Іншыя з той дваццаткі заставаліся ў сваіх дамох, але ня спалі. Яны таксама мелі надзею на чыёсьці слоўца, якое б ясна вызначыла наступны цяг іх учынкаў. Проста выйсьці і рушыць да паркана ці брамы не ставала адвагі. Бессэнсоўнай пагібелі ніхто не хацеў. Але кожны быў гатовы аддаць жыцьцё, дапамагаючы тым войскам, што аблажылі Гомей з трох бакоў. “Паміраць, дык толькі пад граньне сурмаў баявых”, – думаў ці адзін зь іх. Найбольшых ваганьняў зазнаў Дзяніс Дудар, які перахоўваў скрадзены ў Мантгомэры ключ. І думалася яму, што яшчэ ўдзень ён мог перастрэць пана Аляксандра і хоць намякнуць, куды на ноч трэба ставіць верных людцаў з апалчэньня. Але наўпрост, без пасярэдніка, рабіць гэта яму забаранялася. Пасярэдікам быў Такеша. Раптоўнае зьнікненьне апошняга, гойсаньне немцаў з вугорцамі па гораду ў пошуках удавы Лявонавай Алёны, няўцямнае забойства Жураўскага няшчадна кроілі ўсе разьлікі, падбівалі нават самыя простыя спадзевы.
У дзьверы Дзянісавага дома пастукалі. Ён ні на міг не ўсумніўся, што пачуў умоўны стук, але не было пэўнасьці, ці сапраўды знадворку нехта з супольнікаў.
– Хто? – сувора спытаў гаспадар, стаўшы вустарань ад уваходу.
– Дзядуля Хто-б-ні-быў і бабка Пацалуйка, – прагучэла ў адказ. Дудар пазнаў голас і адчыніў дзьверы. Лявон і Алюта ўвайшлі ў хату. Узрадаванаму, але разам з тым зьдзіўленаму, Дзянісу давялося тое-сёе патлумачыць.
Читать дальше