Бой з казакамі быў кароткім, але дужа крывавым. Вартавыя, што забілі Лявона Гамельку, зь нявыкруткі намысьліць штось лепшае, паспрабавалі спаліць мост за брамай. Першыя ж жаўнеры, што падасьпелі сюдых зь іншых частак горада, палічылі іх за пераапранутых ворагаў і забілі. Казацкая хваля набліжалася. Абаронцы залезьлі на вежу і пад несьціханым агнём праціўніка хацелі выстарацца апусьціць вароты. Не атрымалася. Вялікая частка казакоў на конях і пехам пранеслася вуліцай да гандлёвае плошчы. Плошча была пустая, але на ейным краі паўкругам стаялі пашыхтаваныя капітанам Мантгомэры жаўнеры, чакаючы каманды пачынаць бой. Як толькі вораг апынуўся на плошчы, такая каманда прагучэла. Пачаў страляць першы шэраг. Стрэліўшы, ваякі прысядалі, даючы магчымасьць стрэліць другому шэрагу, а сабе – зноў падрыхтавацца да бою. І гэтак чатыры шэрагі па чатыры разы… А потым была іх атака – павольная, але дзейсная: казакі падаліся назад і ўрэшце ўцяклі з Гомея, як чэрці ад сьвяцонай вады.
16.
Пераможцаў, асабліва наймітаў, агарнула эўфарыя. Яны цешыліся з буйной удачы ў абароне горада. Але капітан Мантгомэры быў пануры, як тая хмара ў дзень на сьвятога Ільлю. Ён загадаў праверыць, ці не застаўся хто жывым з вартавых, што першыя прынялі бой. Неўзабаве да яго прынесьлі ледзьве жывога вугорца і той зь цяжкасьцю распавёў пра кагадзе бачанае. Прысутны побач пан Заякот нямала здуміўся, пачуўшы, што бой пачалі мяшчане з гэтага боку. Ня верачы сваім вушам, ён перапытаў жаўнера на роднай мове. Капітан ведаў, што льга было й не перапытваць.
– Ну што, пане Іштван? – змрок валадарыў у ягоным голасе. – Хто дасьць наступны загад: Вашаць ці я?
– Можа абыйдземся? – адразу зразумеў сэнс пытаньня суразмовец і настаўбурыўся.
– Не, не абыйдземся. Яшчэ няведама, колькі казакі трымацьмуць Гомей у аблозе. Нам хоць бы ад іх адбіцца. А калі нехта яшчэ й па гэты бок паркана нам шостку падкідваць будзе, дык зусім швах справа… Дык што ж, Вашаць, скажаш?
– Чакаць загадаў – вось мая ўся справа. Калі пан мне загадае загадаць, то я загадаю. Ды, як па шчырасьці сказаць, ня хочу. Я ўжо аддаваў такі загад у гэтай краіне. Як жа, бач яго, той горад на балоце называўся?..
– Добра. Я сам. Але рэляцыю яго міласьці князю Янушу Радзівілу Вашаць пісаць будзе. Пад маю дыктоўку.
Той згодна прамаўчаў. Мантгомэры павярнуўся да плошчы. Жаўнеры аглядалі забітых ды іх рэчы. Слугі адносілі агледжаныя целы. Капітан угледзіў свайго пахолка, падазваў яго і распарадзіўся склікаць усіх сваіх намесьнікаў, якім пашчасьціла застацца цягам ночы жывымі. Менавіта ім ён меркаваў няголасна аддаць той злашчасны загад, адданьня якога стараўся ўнікнуць пан Іштван. Аднак вакольле раптоўна ахінулася поклічам вартавога: “Мадонна ідзе!”
– Што ты плявузгаеш, Мадонн тварыцель, Рафаэль?! – сумеўся паручнік Заякот. – Можа якая дзеўка кепская, а не Мадонна.
– Не плявузгаю. Чыстая праўда. Там на дарозе. Уся ў белым, а галава ў чорным…
– Дык гэта ж не Мадонна, а Плачка, – выгукнуў нехта з апалчэнцаў, – вястунка і праважатая вайны, паморку, голаду… Няўжо гораду канцы настаюць?
– Не дрыстос, дык мытуха, – умяшаўся Мантгомэры. – Я канечне не інквізітар, але давайце ўжо хоць безь язычніцтва? Зараз пабачым, хто там і дзеля чаго.
Ён падняўся на вежу. Па Чачэрскім гасьцінцы, мінуўшы казакоў, крочыла жанчына. Вецер трапятаў яе бялюткі строй. Чым бліжэй яна падыходзіла, тым больш выразным, больш знаёмым станавілася ейнае аблічча. “Яна”, – ледзь стрымаўся ад крыку капітан. Яму зрабілася ніякавата. Ён ня мог пракаўтнуць сьліну, нібыта рот быў поўны калючак. Не хацелася нават уяўляць, навошта гэтая вядзьмачка і здрадніца так адкрыта вяртаецца ў Гомей. “Гэта нейкая пастка, – шалянічна разважаў Мантгомэры. – Кабеціна за ноч цямней і хітрасьцяў ейных не зьлічыць”.
Алюта, цяпер ужо сапраўды ўдава, падыйшла зусім блізка да моста, спынілася і, утаропіўшы пагляд на вежу ці то заплакала, ці то засьпявала: “Ёган, не рабі гэтага. Адпусьці. Хай зыйдуць. Дазволь. Прашу цябе. Я буду тваёй нявольніцай назаўсёды. Толькі не рабі надуманага. Не рабі…”
“Што за д’ябальская праява? – капітан ня мог стрымаць калачэньня. – Як яна магла дазнацца? Вядзьмарства. Куды толькі царква сьвятая глядзіць… А можа проста здагадалася? Ці казакі падказалі. Яны ж оную практыку знаюць… Што яна просіць? Божухна, гэты бляск і вільгота вачэй. Гэты рот прагны да цалункаў… Маёй нявольніцай… Вось дык лазьня. Не зрабіць? Дык Януш Шматаблічны асабіста папалошчыць. У крыві папалошчыць. І ўсяму каюк… Не дзеля гэтага я сюдых прыехаў і сьмерці фігі круціў утрапёна… Любоў мая… Проста скінуць зь сябе ярэмны гнёт любосных чараў. Не паддавацца. Не спакушацца. Спакуса больш за жыцьцё. Што тут выбіраць?” Ён працягнуў руку да зьбянтэжанага вартавога і жэстам папрасіў гакаўніцу.
Читать дальше