– Шабака, што ты рабіць?! – прагучэлі зьверху скаверканыя словы найміта.
– Татусь твой сабака, крутасёр, – адказаў Лявон і дадаў. – Калі самі падымеце вароты, абяцаю адпусьціць.
Голас быў настолькі важкім, вострым, бліскуча сталёвым, што здавалася хопіць толькі яго аднаго, каб пасекчы каго-заўгодна на шматкі. На вежы пачалася спрэчка. Вартавыя пару хвілін запальчыва даводзілі нешта адно аднаму. Ажно ўрэшце грымнуў стрэл, і вароты сталі павольна падымацца.
– Цудоўна. Скачы ў роў і давай чосу адсюль да Сажа. За ракой зможаш перачакаць, а можаш адправіцца, куды захочаш, – пацьвердзіў сваё абяцаньне мешчанін. Вартавы так і зрабіў. Не зважаючы на мітусьню за сьпінай, Лявон выйшаў праз вароты на мост, набраў у грудзі ранішняга паветра і гучна крыкнуў: “Вольны хо-о-д!” Рэха звонка ўторыла яму. Казакі, што стаялі ля садоў, рушылі на ягоны кліч. Бачачы іх набліжэньне, ён сьмяяўся. Сьлёзы міжволі ўпалі з вачэй. Вялікая гакаўнічая куля, што ляцела ззаду, ударыла Лявона ў сьпіну, перабіўшы хрыбет. Ён здолеў павярнуцца і толькі глянуць у зеўру Чачэрскае брамы, скуль ляцелі яшчэ дзьве варожыя кулі…
15.
Капітан Мантгомэры здрыгануўся і ў адно імгненьне падахапіўся з свайго месца. Пераляканы пахолак, як мог, патлумачыў яму сэнс адбыванага ў Гомеі, паказваючы пальцамі ў розныя бакі. З усіх бакоў гучалі стрэлы. Ёган выбег з дому і прыслухаўся. Найбольшы шум далятаў ад Рэчыцкай брамы. Туды ён і прыпусьціў. Казакі тамака перасталі страляць, але не давалі апалчэнцам папусткі, шпурляючы ў іх цяжкімі дубовымі калодкамі. Пабаёвішча было ўсьцелена целамі забітых і цяжкапараненых. Сотнік Пац, страціўшы багата людзей, ня мог пераламіць бой на сваю карысьць. Ці не адзінай удачай быў пачарнелы ад копаці, зрашэчаны кулямі другі паверх мяцежнай вежы.
– Пан Аўсей, каб цябе немарасьць брала, – лаяўся Мантгомэры, – ня стой, як божышча паганскае, а камандуй.
– Камандую я. Толку ніякага. Паглядзі, пане, якое зьвяр’ё перад намі.
Капітан ня стаў разглядваць казакоў, а больш пільна зірнуў на апалчэнцаў – такіх жа горкіх маладзёнаў, як і сам сотнік. Яны стаялі няроўным шэрагамі, ашчапераныя шаблямі, спрабуючы разам адбіць чарговую дзеравяшку. За сьпінай у кожнага вісеў некрануты ў баі бярдыш. Ёгана ледзьве паляруш ад злосьці не хапіў.
– Бердышы зьняць! – скамандаваў ён. – Да бою!
– Ой, курва… Я, халера мне ў бок, пра іх зусім забыўся, – разгублена прашаптаў пан Аўсей і правочыў калодку, якая ўдарыла яго па галаве. Бердышамі абаронцы адціснулі праціўніка да паркана. Праз адтуліны сталі прабірацца новыя чароды казакоў. Але да апалчэнцаў падасьпела падмога ад паручніка Заякота. Найміты горача віталі свайго ротмістра і папераменна частавалі казакоў мушкетным і гакаўнічым агнём. Апошнім давялося таропка адступіць.
“Арнольд Лэйн, – зьвярнуўся Мантгомэры да свайго жаўнера, калі вораг быў адбіты. – Зьбірайце пахлокаў. Хай хоць чым-небудзь пазабіваюць гэныя дзюркі. Забітых у лядоўню”. Паводдаль капітан заўважыў постаць пана Іштвана і хутка пайшоў яму насустрач.
– Вашаць апрытомнеў? – спытаў пра і так яснае той.
– Чаму не білі з арматаў? – пусьціўшы міма сябе пытаньне, зьлёту пацікавіўся камандзір.
– Не было лобавай атакі. Асобныя пакрыёмыя вылазкі.
– Што-о? Вы мяшчанку ўдаву Лявонаву Алёну адшукалі?
– Ну шукалі спачатку… А потым… Ды мы й ня ведалі дзеля чаго яе трэ’ было шукаць.
– Ясна. Алюту не знайшлі. Лобавай атакі не было. Не было тут… – капітан на хвіліну задумаўся. Ён яшчэ раз успомніў усё, што адбывалася перад двубоем з панам Жураўскім, і нарэшце пакутна вымавіў:
– Вядзьмачка…
– Яны тут усе вядзьмачкі. З самага дзяцінства. Бывае якая адзінаццатка зірне…
– Хварабаццатка! – адцяў Мантгомэры. – Бяры, як мага болей людзей. Казакі праз Чачэрскую браму ў горад уваходзяць.
Ледзьве ён прамовіў гэта, як з вартаўнічага ланцугу данесьлі тое ж самае.
– Усю пяхоту да Чачэрскай! – прагарлапаніў, аж напяўся, Мантгомэры. Не хацелася нічога тлумачыць зьдзіўленаму пану Іштвану. Дый што было казаць, калі ён сам – камандзір гарадзкое залогі – уздатніўся праграчыць ключ? Так, гэта ён вінаваты. Ён даверыўся хітрай мяшчанцы. Ён мала не палюбіў яе. Марнасьць марнасьцяў апаноўвала сэрца. Але розум быў незамутнёны і не дазваляў пачуцьцям плёхкацца вонкі. Прынамсі, у тым выглядзе, які яны мелі насамрэч. Ёган разумеў гэта і намагаўся падабраць такому становішчу якую-небудзь назву. “Дай клопату ймя і напалову вырашыш яго”, – успомніліся словы мудрага дзядулі. Але імя не прыдумвалася. Клопат не зьмяншаўся.
Читать дальше