Яе муж князь Міхал Казімір Радзівіл Рыбанька паставіўся да гэтай справы з разуменнем і нават выдзеліў добрую суму грошаў, каб Францішка Уршуля змагла выпісаць з Італіі таленавітага мастака, які здолеў бы належным чынам увасобіць смелыя задумы.
Рознымі спосабамі асветніца з Нясвіжа вышуквала інфармацыю пра тагачасных беларускіх пісьменнікаў. Спіс атрымаўся досыць абсяжным. Даводзілася ўступаць у ліставанне (часам вельмі працяглае) са многімі літаратарамі перш, чым атрымлівалася згода ці адмова. Марыйцы Мартысевіч у гэтым сэнсе было ўсё ж значна прасцей. У выніку атрымаўся спіс, які складаўся роўна з дванаццаці чалавек мужчынскага полу. Атрымалася вельмі разнашорсная кампанія, якая ў сярэдзіне 1730-х гг. была запрошана ў нясвіжскую рэзідэнцыю Радзівілаў.
Здавалася, што нічога не магло перашкодзіць ажыццяўленню праекта. Аднак, калі пасля ўрачыстага банкета гаворка зайшла пра прывязку асобнага пісьменніка да пэўнага месяца, усчаліся страшэнныя дэбаты. Спрачаліся не толькі ўласна літаратары, але і мастацкія эксперты, што дапамагалі Францішцы Уршулі вызначыцца з канцэпцыяй будучага календара. Акурат адзін з такіх экспертаў і падліў алею ў агонь, нагадаўшы, што працягласць светлавога дня ў розныя месцы года неаднолькавая, і што гэтую акалічнасць варта было б абыграць. Кожны літаратар адрозніваўся вылучным славалюбствам і жадаў, каб менавіта ягоная постаць упрыгожвала той месяц, дзе працягласць дня найбольшая.
Узнікла вострае пытанне: па якім ранжыры размеркаваць пісьменнікаў па месяцах? Адны прапаноўвалі браць у разлік творчыя заслугі – колькасць напісаных твораў і выдадзеных кніг. Другія бачылі справядлівым аддаць месяцы з найбольш доўгімі днямі самым старым творцам. Трэція (сярод якіх было шмат экспертаў) гучна крычалі, што пры размеркаванні трэба цвёрда трымацца станавай субардынацыі і саступаць найлепшыя месяцы самым зацным (знатным) панам пісьменнікам.
Маўчаў толькі слуцкі паэт Серафім Баўтарэз. Калі яго маўчанне было заўважана гаманкой грамадой, гамарня аціхла, і Францішка Уршуля Радзівіл асабіста запытала ў случака: “А якую б прапазіцыю склаў Вашаць?”. Той у адказ пачціва пакланіўся і прамовіў: “Як што ў гэтым пражэкце мы ўсі складаем дзякла Эросу, то найсправядлівей было б аддаць першасць тому з нас, хто мае ад прыроды самыя цудныя інструманты для ўслаўлення Эроса”. Пакуль гаспадыня і ўсе прысутныя спрабавалі зразумець, што Серафім меў на ўвазе, ён досыць спрытна прадэманстраваў уласны інструмент агаломшанай публіцы. Калі прысутныя дружна войкнулі і замёрлі ў здранцвенні, толькі паджылы слепаваты байкапісец Дамінік Рудніцкі гучна абурыўся: “Зачым паночку насіць вужаку ў портках? Гэта ж вялікае небеспячэнства!”. Калі ж пану Рудніцкаму патлумачылі, што адбылося насамрэч, ён выдаў кароткі гнеўны экспромт:
Я вершапіс, пахолак слоўных цудаў
Бывае словы мераю чы словам акурат,
Хвуямі ся мерыць я тут не буду —
Бо ўласнае чэсці найвельшы магнат.
Пасля пан Дамінік безадвалочна выехаў з Нясвіжа. Яго ўчынак быў успрыняты астатнімі літаратарамі неадназначна. Праект календара апынуўся на мяжы зрыву. Вядома, што адзін з экспертаў – Ян Крызастом Вустачэл – прапанаваў уласную кандыдатуру на вакантнае месца і нават прад’явіў рукапіс раману “Кароткая гісторыя войнаў, якія адбываліся пад коўдрай пані Ізабелы Сметанкоўскай прынцэсы Клубніцкай”. Аднак, як выявілася, выправіць сітуацыю пасля ад’езда Рудніцкага было немагчыма. Бальшыня пісьменнікаў раптам засумнявалася ў мэтазгоднасці свайго ўдзелу ў праекце і, наступіўшы на горла ўласным амбіцыям, параз’яжджаліся дамоўкі. Цяжка сказаць, як Францішка Уршуля Радзівіл перажыла паразу сваіх задумаў. Магчыма акунулася з галавой ва ўласную творчасць і тэатральнае жыццё.
Прыхільнікі тэорыі змовы (Фёдар Калашынскі, Біл Конт) перакананыя, што зрыў праекту календара быў штучна справакаваны кансерватыўнымі сіламі пад патранажам вялікалітоўскай філіі дамініканскага ордэна і ўплывовых фігураў цэха віленскіх прастытутак-традыцыяналістак для таго, каб не дапусціць пачатку сэксуальнай рэвалюцыі ў Рэчы Паспалітай.
Клопаты Дуніна-Марцінкевіча
Гісторыя ўдалай спробы стварэння тутэйшага літаратурна-эратычнага календара ў ХІХ ст. застаецца вельмі невыразнай і спрэчнай. Ці не адзінай крыніцай, якая сведчыць пра факт стварэння такога кшталту календара, з’яўляюцца чарнавыя накіды, зробленыя пісьменнікам Вінцэнтам Дуніным-Марцінкевічам да паэмы “Літаратарскія клопаты”, якая была напісаная ў 1857 г. Згаданыя накіды не ўвайшлі ў канчатковы варыянт твора і распавядаюць пра беспрэцэдэнтнае на той час цкаванне, якое Дунін-Марцінкевіч зазнаў ад невядомых нядобразычліўцаў. Нагадаем, што да 1856 г. ён паспеў зарэкамендаваць сябе як аўтар, што не цураўся беларускай мовы і краёвай тэматыкі. Да таго ж падрыхтаваныя ім кнігі здолелі прайсці праз цэнзурнае ведамства і былі надрукаваныя.
Читать дальше