Ліха перапісчыка
У 1088 г. адзін з менскіх перапісчыкаў твораў свецкай літаратуры, каб не блытацца ў датах, спрабаваў зрабіць сабе нешта падобнае на каляндар. Ён сшыў абрэзкі пергаміну ў асобную старонку і паспеў распісаць “в столбъцы” назвы месяцаў. Нехта з кіраўніцтва скрыпторыя заспеў вынаходлівага перапісчыка за тым, як “оный рисоваху под марцем месяцем срам мужьский и писаху тут жь имя Бояня Вещего”.
Лёс аўтара і яго спецыфічнага тварэння нам невядомы. Мяркуючы з танальнасці крыніцы (фрагмент “Перечня переписчиских лих”), ён мусіў зазнаць суворае спагнанне, а сам артэфакт быў знішчаны. Пра тое ж, што Баян быў жыхаром Менску, яшчэ ў ХІХ ст. пісаў Уладзіслаў Сыракомля.
Дошчачкі радзіміцкіх паэтаў
З ліста Кірылы Тураўскага да Еўфрасінні Полацкай (1167 г.) дазнаемся пра нейкіх “поганых басьников в радимцех”, якія ўчынілі ганебную з гледзішча япіскапа рэч – выразалі на дошчачках ўласныя выявы ў “срамных статех” і выставілі іх у патаемным капішчы поруч са стодам Перуна. “А бяше сих дщиц ровне, как месяцев в году”, – тлумачыў ён. Ніводнага імені радзіміцкіх літаратараў-язычнікаў Кірыла Тураўскі не назваў. Якім быў адказ Еўфрасіньні Полацкай і ці быў наагул, навука пакуль ня ведае.
Варажбіцкі дамок
У “Слове супроць усялякага скамароства” (ХІІІ ст.) цвярскога япіскапа Сямёна (лічыцца выхадцам з Беларусі) ганіліся скамарохі і размаітыя ўзвычаенні, знітаваныя з імі. Між іншым, хрысціянскі іерарх у якасці прыклада, што пацвярджаў глыбіню маральнага заняпаду і шчыльнасці повязяў скамарохаў з д’яблам, называў “вароженый домок”, які нібыта існаваў у лясах Полаччыны. Мяркуючы з яго сціслага апісання, гэта была будыніна з бярвення, накшталт лазні, унутры якой стаяла дванаццаць “истуканов рознодревесных”. Кожны такі “истукан” увасабляў вобраз кагосьці з “скоморохов злых самех” і сімвалізаваў “некоторый месяц годичный”.
Асаблівую ўвагу япіскап Сямён звяртаў на тое, што “бесовщики, иже сю пакость извояху”, дадалі да кожнай скульптуры “по долгому камню гладко стесаным”, каб “страх истуканськый” быў яшчэ і “чертовськым похотеньнем всполон”. У будынку цеплілася печ (“очаг камяный”), дадавалася пары (“паровы клубы творяху”) і запрашаліся “жены легкой веры”, якія хацелі “судбы своея до времени изведати”. Падобным “женам”, па словах іерарха, “очие пеленали”, і тыя “во скоки бесовськы се пускали”, а па нейким часе да выпадкова абранага “истукана прильняше”, “блуд свальный творяше” і, зняўшы з вачэй павязку, “числы твердяеше и вопраша о судбе”. У адказ на гэта трымальнік будыніны (“домка ворожейного скоморох”) зачытваў фрагмент “блядьней скомороськых”, і “жена” сыходзіла “в сказеной веде своея судбы”.
Як бачым, “вароженый домок”, калі ён і сапраўды існаваў, з’яўляўся своеасаблівым літаратурна-эратычным календаром з варажбіцкімі функцыямі. Атрымліваецца, што скамарохі ўяўляліся не толькі акторамі (перформерамі) і літаратарамі, але і захавальнікамі пэўных дахрысціянскіх традыцыяў.
Жывы каляндар Гедзіміна
Вялікі князь літоўскі Гедзімін у пачатку 1320-х гг. шмат часу праводзіў у сядле, асабіста ўдзельнічаючы ў справе пашырэння тэрыторыі дзяржавы і выкаранення сепаратысцкіх настрояў. Падчас такіх падарожжаў яго суправаджаў крыва-крывейтэ Ліздзейка, вядомы сваімі звышанатуральнымі здольнасцямі, звязанымі з варажбой па астранамічных з’явах і снах, а таксама з зельніцтвам.
Штодзённыя конныя пераходы, маршруты якіх вызначаў крыва-крывейтэ, часта бывалі цяжкімі і маральна стамлялі валадара Вялікай Літвы. Патрабавалася рэлаксацыя. Яе забяспечвалі маладыя красуні, якіх не проста знаходзіў, а нават прадчуваў, Ліздзейка. Красуні не толькі давалі Гедзіміну магчымасць наталіць цялесную прагу, але яшчэ і шмат чаго распавядалі.
Па-першае, кожная з іх паведамляла разнастайныя прыкметы і прымхі, звязаныя з тым днём, у які яе даставілі да князя. Па-другое, яны павінны былі праспяваць валадару песню пра канкрэтны месяц ці паравіну года, калі іх сустрэча адбылася, і згадаць як мага больш адпаведных прымавак. Па-трэцяе, красуні абавязваліся вымавіць князю прыгожыя словы прызнання ў каханні.
Варта, што праўда, заўважыць, што іншым разам ноч заспявала Гедзіміна і яго людзей у тых мясцінах, дзе жанчынаў не было наагул. У такіх выпадках Ліздзейка гатаваў для вялікага князя адмысловы зёлкавы адвар, які дапамагаў стварыць кіраванае сненне з не менш цудоўнымі дзяўчатамі і апавяданнямі, чым наяве. Як бы там ні было, мусім шчыра прызнаць, што князь Гедзімін меў найбольш унікальны літаратурна-эратычны каляндар за ўсю тысячагадовую гісторыю нашай краіны.
Читать дальше