Адолеўшы свае першыя эмацыйныя рэакцыі ад выйсця на нязведаную планету, беларускія (вялікалітоўскія) астранаўты сталі на ўсе вочы разглядаць асаблівасці месяцавае прыроды. “Натура Сылены была супоўна мёртвай: ні стуку, ні груку, ні побрэху сукі – адно каменныя курганы да ўзвышшы. Ані травіначкі там не было, а так хцялэм васілька якога пабачыць”, – распраўляе Валіцкі. Ландшафты Месяца выклікалі ў зямлян не самыя лепшыя ўражанні: “Які ж кеп назмышляў, што на Месіку плёскаюць морскія фалі?! Тамака ў мора камлыжныя фалі, а вадзіцы ні краплінкі нетуці. Барані, Божа, каб ня стало такого ў нас!”.
Нашыя “звездаплаўцы” (наватвор Валіцкага), пабадзяўшыся моўчкі дзве гадзіны, набралі куфэрак камянёў, а ў адным месцы закапалі і акрылі валуном свержаньскую фаянсавую “фляшу” з крамбамбуляй і “сярэбны футэралак” з запіскаю. Запіска называла імёны саміх герояў, імя фундатара, адзначала факт высадкі, а месяц абвяшчала складоваю часткай Мерачанска-Паўлаўскай Рэспублікі. Быў час вяртацца. Канструкцыя спускальнага апарата прадугледжвала магчымасць яшчэ аднаго старту: “Ніжні члонэк караба наськага быў, бытта армата пушчалная, што ў Паўлаве засталася. Тому як Месік за Землю мнейшы, дык і члонэк той мусіў мнейшым быці. Накш мы б рызыкавалі дужэ ў планіду радзімую жахнуцься”. Такім парадкам нашы астранаўты пакінулі на спадарожніку Зямлі яшчэ адзін свой “сувенір” – гарматападобны васьмігранны слуп, аздоблены выяваю аднарога і шыльдаю з надпісам: “Odnorog. Mknu w niebo – prez dziadownik do zwiezd”.
Зваротны шлях, што хутчэй, быў для Дамініка з Якубам зусім няпростым: кісларод і ежу яны ашчаджалі, як маглі. Нездарма Валіцкі аб павяртанні напісаў: “Ойчыны поветрам мы аддыхнулі з няўсцерпнай ахвотай. Хлеб-соль, гуркі маласольныя, сала з гарэлкай et caetera на стале пана Ксавэр’я дужа дарэчы былі й смакавалі нам, як ніколі да тэга”. Ніякіх наўпростых звестак аб іх прызямленні не захавалася. Зусім магчыма, што пасадка адбылася дзесь між стэпаў Украіны. У паперах украінскага філосафа Грыгорыя Скаварады, датаваных 1791 годам, знаходзім досыць цьмяную намінку на гэта: “Коли у степ падає зірка та відтуль ступують литвины, так що ж буде істиной в цьому випадку?”.
Круці не круці, але далейшыя шляхі беларускіх герояў назаўжды размінуліся. Якуб Яленскі, паводле некаторых звестак, быў тайным дарадцам Андрэя Касцюшкі і рыхтаваў для паўстання сакрэтную “зброю ачышчэння”. Імаверна гэта мусіла быць нешта кшталту ракетнага комплексу з экалагічна чыстым напаўненнем. Аднак праект не быў рэалізаваны, а сам праектоўца з зямлёю ажаніўся, відаць, на самым пачатку паўстання 4 красавіка 1794 г. у час бітвы ля Рацлавічаў.
Дамінік Валіцкі яшчэ да паўстання адправіўся шукаць прыгодаў у “далёкую Чыпангу” (то бок Японію), адкуль ужо ніколі не вярнуўся. Што да Мерачанска-Паўлаўскай Рэспублікі, то яна паводле адных звестках была ліквідавана ў 1794 г., а паводле іншых праіснавала ажно да 1824 г. і нават біла собскія манеты. Прынамсі, адна з такіх манетаў захоўвалася сярод збораў Беларускага музею Івана Луцкевіча ў Вільні. Месяцавыя камяні, дастаўленыя нашымі касманаўтамі на Зямлю вельмі хутка разбрыліся па прыватных калекцыях (Чартарыйскіх, Радзівілаў, Тышкевічаў, Румянцавых ды інш.), хаця ўжо тады многія скептычна балакалі пра іх паходжанне.
Зусім нядзіўна, што ва ўмовах “расійскага колёніяльнага панаваньня”, як пісаў гісторык Янка Станкевіч, вычын вялікалітоўскіх (беларускіх) шляхціцаў канца XVIII ст. быў цалкам забыты. Таму высадка ў 1969 г. на Месяц амерыканцаў сталася сапраўднай міжнароднай сенсацыяй. Між тым, не зважаючы на сваю дэманстратыўную публічнасць, гэтая падзея мае свае засакрэчаныя бакі. Сярод сакрэтных матэрыялаў другой амерыканскай месяцавай экспедыцыі (лістапад 1969 г.) ёсць справаздачы аб знаходцы на паверхні Месяца “аплаўленай і пабітай метэарытамі васьміграннай металічнай стэлы з рэшткамі відарысу і іерагліфічных надпісаў на паверхні”. Падчас збору пробаў грунту амерыканскія астранаўты Чарльз Конрад і Алан Бін выявілі “артэфакты колішняе месяцавае цывілізацыі – рэшты пасудзіны тыпу старажытнаегіпецкіх гаршчкоў з піраміды Хеопса і срэбная мадэль саркафага фараонаў” (гл.: Moon without secrets. Greensboro, 2000. P. 44). Адсутнасць у амерыканцаў звестак пра беларускі палёт 1790–1791 гг. штурхае іх у каласальную аблуду.
2002 г.
дзесяць вякоў ідэі беларускага эратычна-літаратурнага календра
Задума эсэісткі Марыі Мартысевіч сцягнуць порткі з беларускіх літаратараў і сфатаграфаваць іх аголенымі для адмысловага календара – зусім не новая. Рэч нават не ў чэшскім прэцэдэнце, на які тая спасылаецца. Па сутнасці ўсе апошнія дзесяць стагоддзяў беларускай гісторыі падобныя ідэі раз-пораз узнікалі ў тутэйшых галовах. Іншым разам яны заставаліся толькі ідэямі, іншым разам увасабляліся ў жыццё, але амаль заўсёды вакол праектаў календароў такога кшталту ўзнікалі скандальныя сітуацыі. Не станем весці голыя павесці і пяройдзем да канкрэтных гістарычных фактаў.
Читать дальше