Калі Францішак Скарына і сапраўды спрабаваў стварыць звездословец списальницкий голый , то можна толькі здагадвацца з кансерватызмам якой моцы яму давялося сутыкнуцца. Грамадства Вялікага Княства Літоўскага не было гатова адэкватна ўспрыняць ягонае выданне Бібліі, а што ўжо казаць пра “распусны каляндар”!
Мізэрная колькасць крыніц не дазваляе нам адказаць на многія пытанні. Сярод іх найбольш вострым бачыцца пытанне пра матывы, якія пабудзілі Скарыну да ідэі стварэння літаратурна-эратычнага каляндра. Магчыма, што тут назіраліся ўплывы творчай філасофіі італьянскіх мастакоў, з якімі наш слаўны продак меў магчымасць пазнаёміцца падчас універсітэцкага навучання.
Неспадзяваны падарунак Сарбеўскаму
Пад канец 1626 г. Полацкі езуіцкі калегіум страсянуўся даволі гучным скандалам, водгулле якога магло б пранесціся па ўсёй Рэчы Паспалітай і ў нейкай ступені падарваць аўтарытэт езуіцкіх навучальных установаў. Аднак кіраўніцтва калегіума прыклала ўсе магчымыя намаганні, каб не дапусціць шырокага розгаласу.
Як вядома, у 1626 г. настаўнікам рыторыкі ў Полацкі калегіум быў прызначаны Мацей Казімір Сарбеўскі, што паспеў ужо на той час здабыць славу таленавітага паэта агульнаеўрапейскага ўзроўню. У Полацку ён чытаў фундаментальныя курсы па тэорыі паэзіі, красамоўстве і антычных старажытнасцях. На яго лекцыі ці не ўпершыню ў гісторыі калегіума запрашаліся не толькі навучэнцы, але і ўсе ахвочыя слухачы. Што праўда, уваход у лекцыйную залю прадугледжваўся толькі для мужчынаў. Кіраўніцтва калегіума, здавалася, пільна сачыла за датрыманнем гэтага прынцыпу. Аднак угледзіць за ўсімі не ўдалося, і ў шэрагах вольных слухачоў, якія завітвалі слухаць Сарбеўскага, апынулася маладая жанчына, пераапранутая ў мужчыну.
Яна старанна канспектавала лекцыі свайго ўлюбёнага паэта і рабіла зарысоўкі. На гэта ніхто вялікай увагі не звяртаў, бо ладная частка вольных слухачоў рабіла тое самае, мяркуючы, што атрымліваюць рэцэпты стварэння беззаганных літаратурных твораў. На пачатку снежня стала вядома, што пан Мацей Казімір неўзабаве скончыць чытанне курсу і адправіцца выкладаць у Віленскую езуіцкую акадэмію. На апошняй снежаньскай лекцыі, калі паэт традыцыйна прапанаваў прысутным задаваць пытанні, пераапранутая жанчына папрасіла дазволу зрабіць мэтру падарунак. Сарбеўскі сціпла ўсміхнуўся і пацепнуў плячыма, адмаўляць было няёмка. Жанчына падышла да яго і працягнула невялікі томік з вокладкай, аздобленай зялёным аксамітам. “Гэта каляндар з маімі вершамі і малюнкамі, прысвечанымі вам, маэстра”, – прамовіла яна натуральным жаночым голасам і, пакуль паэт не паспеў апамятацца ад неспадзяванага дысанансу, прагна ўпілася ў ягоныя вусны. Зала на лічаныя секунды анямела, але потым увадначас загула, а калегіумныя служкі кінуліся да жанчыны, каб адарваць яе ад знакамітага выкладчыка.
Праведзенае разбіральніцтва высветліла, што жанчына (гісторык літаратуры Сысой Кончыц лічыць, што яе звалі Марфа Сасковіч) паходзіла з полацкай купецкай сям’і і была дужа захопленая паэзіяй Мацея Казіміра Сарбеўскага, а за часы праслуханых лекцыяў без памяці ў яго закахалася. Зроблены ёй каляндар утрымліваў эратычную лірыку на “рускай” мове. Усе вершы сапраўды былі адрасаваныя аб’екту ейнага кахання. На малюнках жанчына адлюстравала сябе і свайго куміра ў дванаццаці розных недвухсэнсоўных сэксуальных паставах. Кіраўніцтва Полацкага калегіуму пастанавіла знішчыць каляндар у агні. Прыцягваць да жорсткай адказнасці дзіўную паэтэсу і мастачку не сталі, аддаўшы бацькам на парукі. Сарбеўскі ва ўсіх гэтых справах не ўдзельнічаў, дачасна з’ехаўшы ў сталіцу Вялікай Літвы.
Казус эпохі класіцызму
Вяртанне да ідэі стварэння літаратурна-эратычнага календара адбылося ў ХVIІІ ст. і наўпрост звязанае з павевамі класіцызму, якія смела ўрываліся ў паветра беларускага барока. Гэта акурат той час, калі нават прадстаўнікі вышэйшых станаў грамадства перасталі баяцца ўласнага цела, калі дамы насілі вельмі глыбокія дэкальтэ, а на свецкіх балях дазвалялі цалаваць сябе ў ледзь прыхаваныя грудзі. Адлюстраваць сябе ў выглядзе старажытных грэцкіх ці рымскіх багоў захацелі і тагачасныя літаратары. Фундатарам і куратарам праекта зусім невыпадкова стала Францішка Уршуля Радзівіл – аўтарка культавага эратычна-сарамяжнага верша “Апісанне персяў жаночых”:
Гэта цуд сэрца, што дзве цытадэлі
Высяцца поруч сярод чыстай белі,
Ззяюць рубінамі іх бастыёны,
Кшталтам зусім, як абрысы Белоны.
Читать дальше