Дзевіцы vs прапаведнікі
У Беларусі другой чвэрці ХV ст. разгарнулася літаратурная дыскусія паміж творчымі асяродкамі царкоўнага пісьменніка Рыгорам Цамблака і свецкага казачніка Гвідона Развалігары. У “Слове о сказителях истину искажаючых” Цамблак ганіў усіх творцаў, хто займаўся складаннем казак “о змеех, костеех и блудных молодцах, они же хватають девиц, извостряя до оных не дух и сердце, но только мысли греховны и похотливу плоть”. Пры гэтым ён сцвярджаў, што літаратурнае слова мусіць быць максімальна “до цели попадаючим”, “картинотворячим” і нават “боле прелестным, ниж тело нагое в притягненью дум людских”.
Развалігара зачапіўся за шматлікія згадкі Цамблака пра плоць і ў творы “Сказ да писца Грыгора” абвінаваціў таго ў ханжавітасці. Пры гэтым Гвідон апеляваў не толькі да традыцыйных казачных вобразаў, але і спасылаўся на Біблію: “Ты просиш забыти пра плоть, бытта не гасподь бог хрестьянский, а касцей бессмертный, молвил людзем: “Плодитеся и размножайтеся”. А яко ж без полымя плоти можливо онае?”. Казачнік быў перакананы ў сваёй рацыі і рабіў адкрыта правакацыйныя заявы: “Коли мы поставим обок на майдани дванадзесят молодых девиц и столькикрот проповедников, абы первшие сказили о богатырех спасаючих князевых дочек, а другия – об умерщвлении плоти, так люд майданный навострыть ушы на девиц. И проповдники невомнозе тож поволокуться до них”.
Рыгор Цамблак быў узрушаны такога кшталту выпадамі і запатрабаваў асабістай сустрэчы з Гвідонам Развалігарой. Сустрэча адбылася пад Магілёвам, пра што паведамляе “Першы магілёўскі летапіс” (XVI ст.). Там Цамблак у катэгарычнай форме выказаў апаненту сваё меркаванне: “Словы твое суть облудныя и крывыя, якбы бык ся помочил”. Развалігара ў адказ абазваў царкоўнага пісьменніка “холодной жабьей шкуркой”. Прысутныя спадарожнікі абодвух ледзь утрымалі творцаў ад бойкі. Пасля гэтага Рыгор больш спакойна патлумачыў, што Гвідон “канцы блутае”: “егды б дванадзесят дев юных а прекрасных глаголили о угамованю хотей телесных, а казанники баяли вымыслы об осилкох да дщераях княских, мещане выбрали б дев, понеже не в словах будет сила, а в красоте и юных летах”. Казачнік не пагадзіўся і прапанаваў стварыць дзве “книгы календарныя”. У адной меркавалася змясьціць выявы дванаццаці “наипекных великолитовських девиц полунагих” з царкоўнымі тэкстамі, а ў другой – выявы дванаццаці “наилепых проповедников з Литвы Великой усей” з кароткімі казкамі пра асілкаў. Летапіс зафіксаваў той факт, што Рыгор Цамблак узяў час падумаць над гэтай прапановай. Якім быў вынік ягонага роздуму, сказаць з пэўнасцю немагчыма, бо далейшыя перыпетыі дыскусіі згубіліся ў гістарычнай імгле. Адзінае, што мы можам сказаць: ні адзін, ні другі каляндар у наступныя стагоддзі нідзе не ўсплываў, нават у выглядзе бібліяграфічных згадак ці апісанняў.
Унёсак Скарыны?
Блізу 1550 г. вялікалітоўскі філосаф Міхалон Літвін напісаў сацыяльна-палітычны трактат “Аб норавах татараў, літоўцаў і маскавітаў”, які вядомы нам фрагментарна па выданнях 1615 г. (Базель) і 1620 г. (Львоў). Аўтар трактату жорстка крытыкаваў розныя аспекты жыцця Вялікага княства Літоўскага, у тым ліку гнільцу маральнай сферы. Ён пазіцыянаваў сябе ў якасці зацятага праціўніка гендэрных свабодаў і сэксуальнай разняволенасці.
Сярод прыкладаў “юрлівасці розуму” Міхалон Ліцьвін называў ідэю выдання “распуснага календара паэтычнага марнаслаўства”, якую прыпісваў ні многа, ні мала Францішку Скарыну. “А той наш друкар першы быў занадта самазамілаваны, што Бога маляваў без німбу, а сябе самога побач з Богам ставіў, а пазней намысліў сабраць гэткіх жа наркісаў, як і сам, агаліць іх да самага саромнага сораму ды зрабіць гравюры для календара, які ён называў звездословцем списальницким голым ”, – сцвярджаў філосаф.
Паводле іншых, вельмі ўскосных, звестак Скарына ў перыяд між 1522 і 1525 гадамі складаў спіс землякоў, якія займаліся пісьменніцкай дзейнасцю. Хто быў улучаны ў гэты спіс дакладна невядома, як невядома, ці дайшла справа да стварэння эскізаў будучых гравюраў. Туманным намёкам на тое, што задума першадрукара пачала ажыццяўляцца, ёсць словы народнай песні, якая была запісана этнографам Андрэем Чарнарэцкім у ХІХ ст. на Піншчыне:
А я любіла, я кахала,
Скарыне потку паказала.
Верагодна, што перад намі ўрывак з верша нязнанай сёння беларускай паэткі XVI ст.
Читать дальше