Якая б з версіяў ні была бліжэйшай да ісціны, відавочна адно: Мар’ян Лазоўскі не пайшоў бы ў анамальную зону без зброі і іншага рыштунку. Хутчэй за ўсё, акурат сярод рыштунку і знаходзіліся “спажыўныя грыбы” – народны болеспатольны і адначасова ўзрушальны сродак на грыбной аснове, далёкі продак сучасных кубікаў грыбных булёнаў. Што да “вогненных кветак”, дык пэўна, што гэта была самая галоўная зброя. Яна ўяўляла сабою гліняныя збаночкі з запальнай сумессю. Фрагменты такіх збаночкаў рознай ступені захаванасці археолагі рэгулярна знаходзяць на тэрыторыі г. зв. Вялікага Гомеля. [243]На жаль, навукоўцы практычна нічога не ведаюць пра складнікі названай запальнай сумесі і не могуць высветліць, быў спосаб яе вырабу тутэйшым вынаходніцтвам ці яго аднекуль запазычылі. Спадзяемся, што з цягам часу навука атрымае адказы і на гэтыя пытанні.
Што тычыцца канкрэтызацыі месца, дзе знаходзілася анамальная зона, дык пасля параўнання досыць сціслых дакументальных звестак з вядомымі геаграфічнымі рэаліямі, можна выказаць колькі меркаванняў. З аднолькавым поспехам гэта маглі быць сённяшнія:
1) Мельнікаў Луг з Валатаўскім возерам;
2) раёны, якія прылягаюць да Любенскага возера;
3) аўтавакзал і раёны, што суседзяць з ім, то бок месца, дзе да другой паловы ХХ ст. існавала Гарэлае балота – ранейшае возера ледавіковага паходжання.
Калі ж выбудоўваць рэйтынг гэтых мясцін з улікам анамаліяў, што фіксуюцца да гэтае пары, то бясспрэчным лідэрам тут будзе Мельнікаў Луг. Вялікая доля фактаў з’яўлення НЛА прыпадае акурат на яго. Шмат дадатковай інфармацыі дало б маштабнае археалагічнае даследаванне гэтай часткі горада. Аднак у агляднай перспектыве яно бачыцца абсалютна немагчымым. Частка Мельнікава Луга засыпана рачным пяском, які намывалі з Сажа яшчэ ў 1970-я гг. Цяпер там вядзецца інтэнсіўнае будаўніцтва.
Нейкіх дадатковых звестак пра жыццё Мар’яна Лазоўскага нам адшукаць не пашчасціла. Мы не ведаем, як кардынальна змянілася яго жыццё пасля надання яму баярскага стану. Невядома, ці аддаў князь Свідрыгайла за яго сваю ўнучку, ці ваяваў Мар’ян з іншымі ворагамі Вялікага княства Літоўскага, ці працягваў ён быць знахарам, што чуў ваду…
На вельмі працяглы час у імгле стагоддзяў згубіўся вобраз сапраўднага героя, вартага ўлучэння ў пантэон самых выбітных асобаў нашай айчыннай гісторыі. Хочацца мець надзею, што яго вяртанне будзе трыумфальным і безумоўным. А на японскую кампанію Nintendo крыўдаваць не будзем, бо без яе ўвішнасці мы яшчэ не хутка даведаліся б пра Мар’яна Лазоўскага.
2009 г.
Гомельскі след Францішка Скарыны
У 1988 г. Гомельскаму ўніверсітэту было нададзена імя беларускага асветніка і першадрукара Францішка Скарыны. Ад тых часоў з зайздроснай рэгулярнасцю чуюцца з’едлівыя пакепліванні нядобразычліўцаў: “На якой жа кафедры вашага ўніверсітэта працаваў Скарына?” альбо “А Скарына жыў на Савецкай ці на Кірава?”. Між тым ініцыятары найменавання, хоць і не мелі дастатковай інфармацыі, былі не проста блізкімі да праўды, а сядзелі ў ёй па самую макаўку – адзін з эпізодаў біяграфіі Францішка Скарыны звязаны непасрэдна з Гомелем.
Пачатак ХVІ ст. – час памежных войнаў між ВКЛ і Масковіяй. Вайна 1500–1503 гг. завершылася “докончаньем” (дамовай) Аляксандра Ягелончыка ды Івана ІІІ Васільевіча аб замірэнні на шэсць год. Поруч з умоваю “в тые лета межи себе рати и войны не замысляти” гаспадар ВКЛ мусіў пагадзіцца са стратаю многіх сваіх гарадоў, у т.л. і Гомея з воласцю і сёламі Уваравічы, Целяшовічы, Кошалеў Лес ды інш. У Гомеі сядзеў адданы васал маскоўскага ўладара Васілій Мажайскі. Надзеяў на мірнае вяртанне ў склад ВКЛ даўняга радзіміцкага цэнтру не было. Таму ўвесну 1507 г. пачалася чародная вайна: увесну пасольства гаспадара ВКЛ Жыгімонта Казіміравіча паставіла перад маскавітамі пытанне пра вяртанне сваіх абшараў, “а звлаще Гомея”.
Менавіта ў гэткіх акалічнасцях мы і сустракаем Скарыну на гомельскай зямлі. У 1506 г. скончылася адтэрміноўка ад вайсковае службы, прадстаўленая яму ў звязку з навучаннем на філасофскім факультэце Кракаўскага ўніверсітэта. Ухіляцца ад ганаровага абавязку ён не стаў і, хутчэй за ўсё, ужо ўлетку таго ж году апынуўся ў Менску. Там пад пільным камандаваннем дасведчаных інструктараў з ліку караімаў (традыцыйных з ХV ст. целаахоўнікаў вялікіх князёў літоўскіх) Францішак праходзіў шкаленне ў адмысловай харугве імя Меркура Смаленскага. Цудам ацалелы рукапіс ХV-ХVІ стст. “Дзённікі караімаў” (захоўваецца ў Буэнас-Айрэс) пацвярджае гэта: “Мижи воспитанцев наших ся выделяеть Франц Скоринин сын з града Полоцка (подле менюшки – Жорж). Ачколвек бывал студиосом, филозофию до головы бравшим, имаеть теперя прелестные показанники во всих караимовых подготовах, а звлаще в побиванию лобом муров цекгляных”.
Читать дальше