Песня яшчэ раз засведчыла, што народная памяць пра нетрывіяльныя падзеі далёкага 1451 г. трывала вельмі доўга. Лагічна задацца пытаннем: няўжо ў пісьмовых крыніцах, якія паходзяць з Вялікага княства Літоўскага, пра гэтыя падзеі не засталося ані згадкі? Калі б да нашага часу захаваўся “Другі Гомейскі летапіс”, падобнае пытанне было б залішнім, бо тутэйшы летапісец ніколі б не прамінуў увагаю надзвычайнае здарэнне. А вось шырокавядомыя спісы агульнадзяржаўных летапісаў і хронік (XV–XVI стст.), дзе асвятляецца фактура азначаных часоў, не ўтрымліваюць хоць бы найменшага намёку на нешта надзвычайнае, што дзеялася каля Гомеля ў сярэдзіне XV ст. У малавядомым “Тайным летапісцы вялікіх князёў літоўскіх” ёсць толькі цьмянае паведамленне, што 20 ліпеня 1451 г. “в Гомеи покрадена была коханая внуча князя Швитрыгайлы. От той несподеванки великое множество турбот размоитых стало, понеже князь хотел, абы панну тую некто з бояр обращил а высвободил. Так ся и сдеяло. Только не през моц та розум боярския, але през силу и кемност вольного чоловека гомейского. “Я ся верну. З панной”, – обецал той и слово свое, яко сталь твердое, стримал”. [234] Тайный летописец Великих князей Литовских. Рукапіс з прыватнага збору гомельскага калекцыянера старасветчыны Стывенсана Я. П. Пагінацыя адсутнічае.
Хто выкраў княскую ўнучку, хто канкрэтна і якім чынам яе выратаваў, летапісец не паведаміў. У Свідрыгайлы і папраўдзе магла быць даволі дарослая ўнучка ці нават праўнучка. Усё ж гомельскі ўладар меў на той час за плячыма, паводле адных звестак, 80, а паводле іншых – амаль 100 гадоў.
Тое, што ў дакуменце “Аб паганскіх забавах” і адпаведным фрагменце “Тайнага летапісца” вядзецца гаворка пра адны і тыя ж падзеі, сумневу не выклікала. Аднак узнікла страшная дылема: якая крыніца вартая большага даверу? Даць адназначны адказ без пашырэння крыніцавай базы было немагчыма. Росшукі працягнуліся.
Князь Свідрыгайла памёр у 1452 г. у Луцку (адным са сваіх гарадоў), і таму нашу ўвагу прыцягнулі пэўныя дакументы тамтэйшага паходжання. У фрагментах “Кнігі замка Луцкага” паведамляецца пра выезд князя ўлетку 1451 г. у Гомель. Пісар Алексій Бубен акрэсліў прычыны і вынікі паездкі наступным чынам: “На замку Гомейском ся прылучила беда. Запропала гдесь без ведома внучка князя Швитригайлы. Князь призвал мужей зацных и ку отвазе схилных, абы девицу оную знайдовали. Але помощи правдивой пан приждал только от лозоходца Мариана, который изыскал панну на лузе редкостно дивном. А дивным вышменованый луг был за тым, што розмаитыми обфитостями и зверья дикавого рожаю наполненый был. Мариан той, не злякшися моцы и хитрых фортелей животин всих, а звлаща громадной ящерицы, рушился противко них и потомчас вернулся назад у Гомей з внучкой князя Швитригайлы”. [235]
Як бачым, данясенне папскага агента ўсё ж утрымлівала перакручаныя факты. І ўрывак з “Тайнага летапісца”, і запіс з “Кнігі замка Луцкага” ніякім чынам не згадваюць існаванне агромністага паганскага капішча спецыяльнага прызначэння пад Гомелем. Да таго ж дзеянні вольнага чалавека Мар’яна паўстаюць як дзеянні добраахвотнага характару, а не як вынік шантажу мала не тэрарыстычнага кшталту.
Урэшце “лазаходзец” (знахар, што ведаў, як шукаць падземныя воды) ратуе не ўласную жонку, а крэўную былога вялікага князя. І дзейнічае ён не ў камандзе, а самастойна, дэманструючы адметны гераізм. У сістэме каштоўнасцяў сярэднявечнай этыкі яго ўчынак выглядае як рыцарскі. Калі перад здзяйсненнем свайго вычыну Мар’ян і не належаў да баярскага стану, дык паводле вынікаў выправы на “дивный луг” факт прылічэння яго да баярства заставаўся толькі пытаннем часу. Свідрыгайла асабіста зрабіць такі дарунак не меў права, аднак мог хадайнічаць перад дзейным на той час вялікім князем літоўскім Казімірам Ягелончыкам. І сапраўды, у спісах надання баярства за снежань 1451 г. (гэткі падарунак на Каляды) мы знаходзім імя “жихоря гомейского” Мар’яна Лазоўскага, які “живота власного не лютовал а в речах обороны безпеченства Великого князства Литовского мужность великую указал”. [236]Няма прычын сумнявацца, што Мар’ян Лазоўскі і Марыян, які згадваўся ў “Кнізе замка Луцкага”, – адна і тая ж асоба. Але чаму ягоны учынак пад Гомелем вялікі князь звязаў з “речами обороны безпеченства” дзяржавы? Адказаць на гэтае пытанне нельга без разумення таго, што ж насамрэч адбывалася ў ліпені 1451 г. пад Гомелем і якую небяспеку для Вялікага княства ўяўляў “дивный луг” і большая частка яго насельнікаў.
Читать дальше