У гэтым сэнсе не сталася выняткам і гульня Super Mario Bros . Марта Мэрцэнлінднэр зазначае, што сюжэт апошняй грунтаваўся на “гістарычным апавяданні з сярэднявечнай Літвы”. На жаль, журналістка нідзе не спрамаглася даць удакладнення, што мела на ўвазе пад паняткам “Літва” ( Litauen ). Зразумела, гэта магла быць і тэрыторыя толькі сучаснай Літоўскай Рэспублікі, і абшары ўсяго колішняга Вялікага княства Літоўскага. Толькі комплекснае даследаванне фальклорных і пісьмовых крыніц самага рознага кшталту дапамагло нам высветліць месца, дзе разгортваліся падзеі памянёнага фраў Мартай “гістарычнага апавядання”. Але ж пра ўсё па парадку, як наказаў вялікі Адам Клакоцкі.
Перш чым звярнуцца наўпрост да пытання даследніцкіх росшукаў, варта сцісла нагадаць сюжэт Super Mario Bros . узору 1985 г. Галоўны герой гульні водаправоднік Марыё (ці яго брат Луіджы як персанаж для другога гульца) мусіць прайсці праз Грыбное каралеўства. У нялёгкай дарозе яму трэба застацца жывым, абмінаючы ці знішчаючы ваяроў чарапашага караля Купы (другое імя – Боўзэр), вельмі падобнага да цмока. Сярод яго вояў – грыбы, рознага кшталту чарапахі, венерчыны мухалоўкі, спруты, рыбіны, дзікабразы, вялікія жукі. Урэшце Марыё павінен пераадолець 32 узроўні, каб выратаваць прынцэсу Тоўдстул Піч, скрадзеную памянёным каралём.
Па дарозе герой разам з тым збірае манеты і бонусы: б’е галавой па адмысловых блоках, пазначаных пытальнікам, а таксама натрапляе на сакрэтныя сховы манет у цагляных мурах. Істотны бонус – памаранчавы грыб. Здолеўшы яго ўзяць, Марыё робіцца вялікім, то бок ператвараецца ў Супер-Марыё. Калі ў стане “Супер” персанаж здабывае як бонус кветку, ён робіцца Агністым Марыё і атрымлівае магчымасць кідацца вогненнымі клубкамі. Яшчэ адзін бонус – гэта зорка, якая скача наперад. Злавіўшы яе, Марыё робіцца на пэўны час непаразлівым і можа знішчаць праціўніка адным сваім дотыкам.
Небяспечная вандроўка персанажа адбываецца па зямлі, у лёхах пад зямлёй, пад вадой, па агромністых грыбах і платформах, што вісяць у паветры. На кожным чацвёртым узроўні ён трапляе ў замак, дзе даводзіцца змагацца з чарапахападобным цмокам. Шторазу, апроч апошняга ўзроўню, пасля перамогі над цмокам героя сустракае жыхар Грыбнога каралеўства, які кажа: “Дзякуй, Марыё, але наша прынцэса ў іншым замку!”. [224] Энциклопедия компьютерных игр. Тверь-Смоленск, “Крестный ход”. 2007. С. 174.
Акурат з паведамлення Марты Мэрцэнлінднэр і сюжэта гульні Super Mario Bros . нам давялося пачынаць росшукі. Каліўца да каліўца складалася ўражвальная карціна. Галоўным яе момантам сталіся доказы, што Марыё з відэагульні меў рэальнага прататыпа, які паходзіў з беларускіх земляў.
Яшчэ ў другой палове ХІХ – пачатку ХХ ст. у некаторых паветах Магілёўскай губерні існавалі дзіўныя выразы “вадзіць Марымона”, “вадзіці Марыкона”, “вадзіць Мар’яна”. Дзіўныя таму, што этнографам не шчасціла выявіць іх дакладнага значэння, бо “белорусские крестьяне, употребляя сии словестные конструкции, никогда не осмеливались объяснить их истинный смысл, а лишь воровато улыбались и утверждали, что не могут вспомнить всё”. [225]Этнограф Адольф Санькоўскі быў перакананы, што ў гэтым выпадку мы сутыкаемся з сінонімам выразу “вадзіць вала”, ад якога паходзіць дзеяслоў “валаводзіць”. І тое, і другое азначае “марудзіць”. З ім пагаджаліся і Лук’ян Дазорцаў, і Андрэй Беларэцкі. Даследніку Мікіту Ракіцкаму ў гэтых фразах бачылася водгулле “древнебелорусских богатырских былин”. Ён лічыў, што “изначально сие речение имело иной вид, а именно водить Илью Муромца ”. [226] Лугавая А. Асобныя проблемы этнографічных досьледаў у дарэволюцыйнай Беларусі ХІХ веку // Магілеўскі этнографічны агляд. 1928. Вып. 4. С. 37–39.
Але ён не здолеў уцямна растлумачыць, які сэнс мела такая фраза. Толькі Еўдакім Раманаў, якому з дзяцінства быў вядомы выраз “вадзіць Мар’яна”, сцвярджаў, што ён мае значэнне “рызыкаваць”, “наважвацца на рызыкоўную справу”. “Выражение происходит из народной легенды о неком смелом Марьяне, изничтожившим огнедышащего змея, который к тому же метал каменные молоты”, – даў сціслы каментар Е. Раманаў. [227]Гэта вельмі цікавая для нас акалічнасць, бо кароль Купа на 24-м, 28-м і 32-м узроўнях гульні Super Mario Bros. не толькі дыхае агнём, але і шпурляе ў Марыё вялізныя молаты.
Знайсці згаданую Е. Раманавым легенду не ўдалося, а сам ён не пакінуў ніякіх спасылак на які-небудзь пашыраны яе варыянт. Аднак ускоснае падабенства да прыведзенага ім кароткага пераказу назіраецца ў шэрагу народных казак, зафіксаваных на Ўсходзе Беларусі. [228] Белорусские народные волшебные сказки. Киев, 1889. С. 120–132; Чарадзейныя казкі. Менск, “Совецкая Беларусь”. 1940. С. 18–29; Казкі невычэрпная крыніца. Мінск, “Мастацкая літаратура”. 1977. С. 111–128.
У казцы “Марка Суччы сын” галоўны герой выпраўляецца ратаваць ад трохгаловага змея “царовых дачок”. У казцы “Іван Мар’ін сын” аб’ектам выратавальнай місіі з’яўляецца “князева жана”, якую выкраў “смок”. Герой казкі “Мірон Беларасейскі” ратуе з цмачыных капцюроў “каралеву белаліцу”. Ва ўсіх гэтых казках цэнтральныя фігуры зазнаюць звычайныя для чарадзейнага цыклу выпрабаванні, якія цяжка адназначна звязаць з сюжэтам гульні Super Mario Bros . У нейкі момант нам нават падалося, што мы пайшлі няслушнай пуцявінай і што пералічаныя казкі ёсць занадта адвольнай народнай інтэрпрэтацыяй гісторыі пра выкраданне князем Міндоўгам сястры яго памерлай жонкі. І толькі больш уважлівае прачытанне кожнай з названых казак скасавала падобныя аблуды.
Читать дальше