Імаверна, што людзі Палевіка-Палямона рабілі выцечкі ўглыбкі кантынента і мелі шчыльныя кантакты з тутэйшым жыхарствам. Сведчаннем на тое з’яўляюцца найперш археалагічныя знаходкі. Так у цырыманіяльным комплексе Кахок’я (больш слушная транскрыпцыя – Каханка), цяперашні штат Ілінойс, выяўлены каменны ідал, які ёсць паменшанай копіяй ідала Шклоўскага. У маўзалеях Этова (паўночная Джорджыя) археолагі адшукалі вялікія мядзяныя пацеркі, аздобленыя напаянымі на іх паверхню дробнымі срэбнымі шарыкамі. Апошняе, нагадаю, было адметнаю акрасай жыхарак басейна Прыпяці, пазней успадкаванай дрыгавічамі.
Вяртанне экспедыцыі збольшага аб’ектыўна апісваюць беларуска-літоўскія хронікі (калі не ўлічваць моманты сфальшаваныя нядобрасумленнымі перапісчыкамі, што выводзілі Палямона з Рыма): “…obszedszy Francyiu i Angiliju, y woszli sut u korolewstwo Dunskoie, a w korolewstwe Dunskom uwoszli u more Akijan, y morem Akijanom doszli do ustija, hde reka Nemon wpadajet w more Akijan, potym poszli rekoju Nemnom u werch”. Даследніцкі імпэт прычыніўся да таго, што вандроўнікі паспрабавалі вярнуцца на радзіму праз вусце ракі Нёман. Але шматлікія каменныя парогі не дазволілі ім патрапіць у цэнтральную Беларусь.
Зрэшты, нельга скідваць з рахункаў і іншую версію – змену палітычнага становішча ў “Банцараўскай дзяржаве”, калі героі на радзіме сталіся асобамі непажаданымі, таму і мусілі асесці ў Прыбалтыцы. Водгулле гэтага адчуваецца ў беларускіх казках, дзе галоўны герой, вяртаючыся пасля доўгай адсутнасці дадому, знаходзіць сваё вяртанне непатрэбным a) князю (каралю), b) нарачэнай (жонцы), c) ім абодвум.
Надалей плаванні жыхароў Беларусі ў Амерыку ды іхняя прысутнасць там набылі сталы характар. Адным з капітанаў тых дальніх плаванняў быў полацкі князь Рагвалод. У раннім спісе “Повести временных лет” з дапамогаю ультрафіялетавага прамення высветленыя асобныя моманты, знішчаныя бязлітаснымі праўкамі пазнейшых летапісцаў. “Бе бо Рогволод пришел иза моря Платона…” – гаворыцца ў удакладненым варыянце. Морам Платона летапісец вобразна назваў Атлантычны акіян, бо акурат Платону належыць сведчанне пра Атлантыду. У Амерыку на эміграцыю падаліся двое з пяцёркі полацкіх князёў, якіх у 1129 г. запраторыў быў у візантыйскі палон сын Уладзіміра Манамаха Мсціслаў. Мараканскія хронікі пад 1131 г. паведамляюць: “Два няверных з паўночнай Краіны Белых Шапак Іса Срава ды Муса Срава набылі карабель і ветрам спадарожным паплылі за сонцам” (не забываймася пра адну з адкінутых сучаснай навукай версій аб паходжанні назвы Белая Русь ад белага колеру адзення, а найперш шапак).
Пра доўгую прысутнасць беларусаў у дакалумбавай Амерыцы, найперш у Паўночнай, сведчаць шматлікія тапонімы, няслушна інтэрпрэтаваныя як індзейскія ці познаўтвораныя амерыканскія: Minnesota – “Менеск ото!”; Colorado – “кола рады” ці “кола радасці”; Nebraska – “нябрацкая (зямля)”; Nevada – “не + вада (бязводная зямля, пустэльня)”. Назва “Florida” паходзіць зусім не ад лацінскага кораня “flor” (“квет”), а ад старадаўняга беларускага слова “хламіда” (плашч; ці не той самы, што скінуў Палявік-Палямон?), якое надта сказілася ў тамтэйшых гаворках.
Апроч таго ў беларускіх пісьмовых крыніцах XIII–XV стст. не так ужо і рэдка сустракаюцца згадкі паўночнаамерыканскіх рэаліяў. У копіі царкоўнага твора канца ХІІІ ст. “Лествица” захаваліся фрагменты павучальнай гісторыі пра нейкага крывіцкага князя (верагодна – перасяленца з Амерыкі), які вызнаваў татэмізм і меў за татэм саву: “…сово быва тому князю тотем на очи то его светлые”. Паводле неідэнтыфікаванага ўрыўка з беларускага летапісу XV ст. князь Гедзімін пасля свайго знакамітага “ваўчынага сну” і размовы з астролагам прамовіў: “Ведаю Худсон (г. зн. Гудзон – С.Б.), але место ставлю на Вилии”. У лісце ананімнага военачальніка да князя Вітаўта (канец XІV ст.) мімаходзь згадваецца вычын невядомага ваяра. Забраўшы ў палон, тэўтонскія псы-рыцары запатрабавалі ад яго паказаць шацёр Давыда Гарадзенскага, на што непахісны духам вой з апрычонай іроніяй перапытаў: “А можеть зась и вигвам указати?”.
Нядзіўна, што за гэты час беларускія мараходы займелі ўласную мапу з фіксаванымі марскімі шляхамі да Амерыкі. Адну з такіх мапаў склаў у 1380 г. нехта Аўлас Бончык. Копію гэтай карты ў канцы 80-х гг. XV ст. на Генуэзскім рынку ў купца Давойны Дайновіча з Вільні прыдбаў Хрыстафор Калумб. Мы б ніколі не даведаліся пра гэта, калі б Калумб не папрасіў выдаць яму пацверджанне куплі, якое мусіў прадставіць сваім каранаваным фундатарам. Паводле дакумента купец “атрымаў 2000 залатых фларынаў за карту навігацыі праз Атлантыку ў Невядомыя Землі”. Як бачым, беларусы паспрыялі і другому адкрыццю новага кантынента.
Читать дальше