Крывыя пчолы, калі і засталіся недзе, то амаль выключна ў дзікім выглядзе. Яны спарадычна нападалі на людзей, прышчапляючы ім беларускасць. Іншым разам іх напады здзяйсняліся з мэтай абароны беларускіх абшараў ад ліхіх сілаў. На жаль, шматлікія звесткі пра напады і аднаго, і другога тыпаў застаюцца дагэтуль засакрэчанымі. Пэўная факталогія ўтрымліваецца ў кнізе Дзяніса Караблёва – афіцэра КДБ БССР, які ў свой час меў доступ да адпаведных сакрэтных матэрыялаў, а ў 1980 г. уцёк на Захад. Кніга «Засакрэчаныя пчолы чырвонай Беларусі» вытрымана ў цалкам аб’ектыўным рэчышчы, таму вартая даверу.
У канцы жніўня 1941 г. два шматтысячныя роі крывых пчолаў здзейснілі напад на Адольфа Гітлера і Беніта Мусаліні, якія прыляцелі ў Берасце (Брэст). Асаблівае трывожнае гудзенне сведчыла, што пчолы не збіраліся беларусізаваць прыхадняў, а былі гатовыя заджаліць тых да смерці. Аднак пры падлёце да фюрэра і дучэ пчолаў раптоўна ахапіў калектыўны паморак. Пчолы, быццам кроплі імгненнага дажджу, упалі долу. Абодва дыктатара, якія нават не паспелі спужацца, сталі танчыць на покрыве, што ўтварылася з пчаліных трупаў. Берасцейцы ведалі пра гэтае здарэнне. Сярод іх хадзіла гнеўная прыпеўка:
Скачуць Гітляр з Мусаліні
На цялах памёршых пчол.
Хай і той, і гэты згіне,
Абхапіўшы с[рака]й кол . [215]
Пра адраджэнне сакральнага пчалярства ў гады Другой сусветнай не магло ісці і гаворкі. У знішчальнай вогненнай віхуры барацьбы ўсіх супраць усіх пракаветнай традыцыі папросту не было месца.
У пасляваенны час саюзнае кіраўніцтва працягвала падмяняць даўнія беларускія традыцыі пэўнымі эрзацамі. Замест сакральнага пчалярства беларусы атрымалі эксперыментальнае бульбаводства. Беларуская дуда амаль загінула пад цымбаламі, якія навязвалі маскоўскія таварышы. Але нават такіх захадаў па змене этнакультурных кодаў камуністам было мала. Яны запачаткавалі і правялі жудасную меліярацыю, знішчаючы жыццёва важную для крывых пчолаў экалагічную нішу. Акрамя таго, тысячы беларускіх вёсак трапілі пад хітрае азначэнне «бесперспектыўныя». У сваёй бальшыні гэта былі вёскі, якія месціліся на значнай адлегласці ад цэнтраў мадэрнізацыі. Гэткія агмяні захавання архаічных традыцый дужа мулялі вока камуністычнаму рэжыму, які бачыў у іх патэнцыйную небяспеку адраджэння сакральнага пчалярства. Маскве выгодней было мець на заходніх рубяжах СССР бульбашоў-цымбалістаў, чым пчаляроў-дудароў. Таму і рабілася ўсё магчымае, каб занядбаць тыя вёскі, дзе маглі б з’явіцца новыя сакральныя пчаляры.
Іншым разам не абыходзілася без грубай сілы. У 1965 г. інцыдэнт адбыўся ў вёсцы Пасекі (зараз не існуе) Тураўскага раёна. Тутэйшы сельскі гаспадар Зосім Бортнік, які адмовіўся перасяляцца і прызнаваць сваю родную вёску бесперспектыўнай, заняўся пчалярствам. Ён прыручыў асаблівую пароду дзікіх пчолаў, з дзядоўскіх паданняў ведаючы пра тое, носьбітамі якой уласцівасці яны з’яўляюцца. Бортнік паспеў зладзіць вялікі пчальнік амаль на сотню вулляў. 30 чэрвеня, калі пчаляр займаўся звычайным для сябе доглядам пчолаў, у «бесперспектыўную» вёску ўвайшлі тры роты дэсантнікаў. Салдаты былі ў процігазах і спецыяльных касцюмах хімабароны. Іх суправаджала некалькі бронетранспарцёраў. Ад камандавання Беларускай ваеннай акругі дэсантнікі мелі загад затрымаць Зосіма Бортніка, а пчальнік і рэшту пустой вёскі знішчыць. Меркавалася, што ўсё адбудзецца вельмі хутка.
Але крывыя пчолы, як толькі дэсантнікі наблізіліся да вулляў, абляпілі сабой усе аўтаматы і кулямёты на бронетранспарцёрах. Меншая колькасць пчолаў утварыла шчыт паміж гаспадаром і вайскоўцамі. Апошнія загадалі пчаляру здавацца, а пчолаў сваіх адклікаць. Той адмовіўся. Інструкцыя прадпісвала ў такім разе выкарыстоўваць зброю. Дэсантнікі адкрылі агонь. Дакладней – паспрабавалі адкрыць. Пчолы падхоплівалі кулі, адносілі іх на сухі лес і вярталіся назад. Пасля часовага здранцвення афіцэры загадалі сваім падначаленым перайсці ў рукапашную. Лішне казаць, што ім давялося адольваць супраціўленне пчолаў. Невядома, чым бы процістаянне скончылася, калі б не прапаршчык Жматко, які на ўсялякі выпадак прыхапіў з сабой некалькі дымавых гранатаў. Едкі дым нейтралізаваў пчолаў. Зосім Бортнік быў схоплены, а ў далейшым апынуўся ў кіпцюрах карнай савецкай псіхіятрыі. Пчальнік і вёска Пасекі дасталіся полымю і канулі ўнівеч. [216] Там же. С. 7.
У «дэмбельскіх блакнотах» удзельнікаў тых падзей захаваліся песенныя радкі:
Читать дальше