Клаўдусь з гімназічных часоў захапляўся зброевай справай. У 1890 г. ён вынайшаў спосаб змянення канструкцыі рэвальвераў, каб іх можна было выкарыстоўваць для стральбы патронамі з адмысловымі капсуламі замест куляў. Капсулы запаўняліся спецыяльным растворам з мёду крывых пчол і іх гаючага яду. Да 1892 г. Богця і Клаўдусь аб’езділі ўсе этнічна беларускія землі, карыстаючыся першымі картамі, якія на той момант склалі этнографы. Іх мішэнямі станавіліся «столоначальники и предводители дворянства, управляющие государственными имуществами и прокуроры, инспекторы врачебных управ и штатные ординаторы богоугодных заведений, депутаты дворянских собраний и священники православные и римско-католические» ды іншыя катэгорыі чыноўнікаў, вайскоўцаў, працаўнікоў адукацыйнай сферы, духавенства. Доўгі час Парчэўскай і Барло шанцавала: яны паспявалі зрабіць сваю справу і хуценька даць цягу, мінімальна затрымліваючыся ў перастрэлках з паліцыяй.
Зрэшты, раствор, які выкарыстоўваўся імі ў капсулах, спрыяў толькі частковай і часовай беларусізацыі. Зразумеўшы гэта, Богця і Клаўдусь усё адно не спынялі сваю дзейнасць. Спрабавалі расстраляць мядовымі капсуламі нават віленскага генерал-губернатара Івана Каханава, які быў адным з актыўных праваднікоў русіфікатарскай палітыкі. Паліцыя шукала Парчэўскую і Барло па ўсіх «белорусско-литовских губерниях и на смежных землях», мяркуючы спачатку, што дзейнічаюць нейкія паслядоўнікі разгромленай агульнарасійскай тэрарыстычнай арганізацыі «Народная воля». Аднак потым следчыя зразумелі, што праблема, з якой яны сутыкнуліся, значна складанейшая і больш небяспечная, бо «сии преступники поспешествуют саботажу обрусения края, производя оный посредствам заражения верных сынов Отечества нашего российского некой белорусизаторской дрянью».
Злавіць «преступников» было не так проста. Яны мелі добрыя акторскія здольнасці і ўвесь час пераўвасабляліся ў новыя вобразы (вайсковец з дамай, пара жабракоў, пілігрымы ў Жыровічы з Хацапетаўкі ды інш.). У Менску паліцыя адшукала іх супольны фотаздымак, дзе яны былі адлюстраваныя «в простонародных здешних нарядах белого колеру с красной узорчатой вышивкой, в которой привлеченные к расследованию этнографы усматривают языческое поклонение солнцу и пчелам». На жаль, гэты здымак не захаваўся, загінуўшы ў час Лютаўскай рэвалюцыі 1917 г., калі адбывалася спроба рэарганізацыі паліцыі ў міліцыю.
14 траўня 1892 г. на Даўгінаўскім гасцінцы Богця і Клаўдусь трапілі ў паліцэйскую пастку. Дваццаць паліцыянтаў з двух схованак расстралялі іх двухколку, адкрыўшы перакрыжаваны агонь з рэвальвераў і вінтовак. Агулам паліцыянты выпусцілі больш за паўтары сотні куляў, трэць з якіх ператварыла «преступников» у крывавыя рэшаты. Прыстаў 1-й паліцэйскай часткі Менска Мікалай Прынцаў, які кіраваў аперацыяй, пазней успамінаў: «Выбора у нас не было: либо мы их русским свинцом, либо они нас польско-литовской мерзостью». [202] О русском свинце замолвите слово. Беседа с губернским секретарем Николаем Мартирьевичем Принцевым // Русская истина. Западнорусский выпуск. 1893. № 12. С. 172.
Паліцыя і мінскія ўлады доўга вырашалі, дзе пахаваць Парчэўскую і Барло, якіх у судовым парадку прызналі язычнікамі. Жахлівая пагібель барацьбітоў за «сваявіцу» узрушыла пчалярскую грамадскасць. У пчалярскім коле нарадзіўся верш-жальба, прысвечаны Богці і Клаўдусю:
Анікому не кажы,
Што нас сцялі на крыжы.
Не запальвай нам у памяць каганец.
Мы заходзімся ад ран.
Загадаў штабс-капітан
Кроплі мёду размяніць нам на свінец . [203]
Следства шукала саўдзельнікаў, але з незразумелай прычыны зайшло ў тупік і спынілася.
Гэта быў той самы час, калі Францішак Багушэвіч выдаў два зборнікі сваіх вершаў, а ў розных кутках колішняй Вялікай Літвы падрасталі дзеці, якія ў пачатку новага стагоддзя нечакана распачалі Беларускае Адраджэнне, што ў выніку прывяло да Нацыянальнай Рэвалюцыі 1918 г. Браты Іван і Антон Луцкевічы, якія стаялі ля вытокаў Беларускай сацыялістычнай грамады і нашаніўскага руху, навучаліся ў Менскай гімназіі, дзе доўгі час хадзілі легенды пра Клаўдуся Барло і яго сяброўку Богцю. Гэта, у сукупнасці з сямейнымі традыцыямі прыхільнасці да беларушчыны, і вызначыла іх этнакультурныя і палітычныя прыярытэты. Дакладна невядома, ці праходзілі яны, іх бліжэйшыя паплечнікі і паслядоўнікі мядова-пчаліную ініцыяцыю. Аднак, здаецца, што без яе тут не абышлося. Яшчэ ў 1868 г. Вінцэнт Дунін-Марцінкевіч, які падмацоўваў сваю беларушчыну толькі мёдам крывых пчолаў, зычыў Яну Баляславу Луцкевічу (бацьку гэтых слаўных братоў):
Читать дальше