Усе апісанні “дивнаго луга”, якія мы маем на гэты момант, так і ці інакш засведчылі пэўныя адхіленні ад нормаў у тамтэйшай экасістэме. Можна з пэўнасцю казаць, што ў той час пад Гомелем існавала анамальная зона. Толькі так можна вытлумачыць наяўнасць вялізных жукоў, агрэсіўных вожыкаў, чарапах (такія чарапахі, дарэчы, трапляліся яшчэ Аляксандру Македонскаму) ды іншых біялагічных адхіленняў. Па сутнасці, анамальная зона несла вялікую небяспеку дзяржаве і ўзгляднай стабільнасці ў ёй. Людзі сутыкаліся з невытлумачальным і адначасова пагрозлівым з’явішчам, якое не маглі нейтралізаваць ні дзяржаўныя дзеячы, ні хрысціянскія царкоўнікі абедзвюх канфесій. Зразумела, што падобная нямогласць мусіла спараджаць сярод жыхароў ВКЛ паняверку, змяншаць ровень легітымнасці элітаў. Магчыма, што і да 1451 г. на “дивном лузе” здараліся рознага кшталту пературбацыі, а інцыдэнт з унучкай Свідрыгайлы папросту стаўся апошняй кропляй. У такім разе здаецца, што Мар’ян Лазоўскі не проста адшукаў (выратаваў) панну, але і знішчыў саму крыніцу анамалізацыі.
Што магло быць такой крыніцай? У найноўшай гісторыі зафіксавана з’яўленьне анамальнай зоны каля расійскага горада Перм, вядомай пад рознымі назвамі: М-скі трохкутнік, Малёбкінскі трохкутнік ды інш. Лічыцца, што пачаткам фармавання Малёбкінскай зоны сталася падзенне ў 1980 г. у адну з сажалак невядомага касмічнага цела. [237]Калі праводзіць аналогію, дык можна дапусціць, што пачатак гомельскай анамальнай зоны ў XV ст. таксама быў пакладзены нейкім касмічным аб’ектам. Як ні дзіўна, гістарычныя крыніцы цалкам пацвярджаюць наша дапушчэнне.
“Супрасльскі летапіс” паведамляе пра незвычайную нябесную з’яву, што назіралася ў сакавіку 1402 г.: “Во великое говение месяца марта знамени бысть на небеси: явлъшюся во вечерьную зару на западе звезда велика, аки копеинымь образомь явльшеся, верьху же ея, яко луча сияше, иже на востоце восходящи, на западе летнемь явлынеся, юже видихомь все говение великое в пятьницю великую. Идяше та же звезда весь день пред слнцемь, вси ми видихомь ея идуще”. [238]
Беларускі астраном Мірольд Камінскі, спасылаючыся на ліст жонкі чачэрскага старосты Соф’і Рыжай да мазырскага лекара Андрыя Дулітлоўскага (XV ст.), сцвярджаў, што нябесная з’ява 1402 г. супала з момантам, калі тэрмінатар (лінія светлападзелу) прайшоў праз Гомель. [239] Камінскі М. Астрономія ў прыкладах з даўняй і блізкай мінуласьці Беларусі. Вільня, “Фэнікс Бацькаўшчыны”. 1927. С. 29.
Ігумення Свята-Ўзвіжанскага манастыра пад Шарпілаўкай Таціяна Міразоўская ў асабістым запісе за травень 1450 г. працытавала паведамленне з “Супрасльскага летапісу” і дадала: “От звезды той отделиша ся менша звезда, и полетеша на землю великих князей литовских ко граду Гомею, и отвариша близь града того врата в преисподню. Мнозе времени гомеяне живяху и не знаху, яко зло велико сотворися окол них. Аз, грешна раба божья, молитвы деннонощно изрекаю, уповая, ижь Бог не дасть хищнику дияволу радости поглотити град оный и начяти с того конец света”. [240] Дом Г., Морро Д. Личные записи духовенства Западной и Южной Руси. Воронеж, “Изд-во г-на Кокса”. 1892. С. 89.
Такім чынам, незвычайная нябесная з’ява 1402 г. мела наступствам падзенне нечага на абсяг гомельскіх ваколіц. Што б гэта ні было – метэарыт з незямнымі бактэрыямі ці касмічны карабель іншапланетнікаў – яно цягам паўстагоддзя працавала на тое, каб ператварыць маляўнічыя гомельскія краявіды ў анамальную зону. Не стае дакументаў, але можна меркаваць, што там знікалі, трапляючы ў пашчы пражэрлівых мутантаў, і свойская жывёла, і людзі. Няма ніякай пэўнасці, хто ці што насамрэч тоіцца за постаццю галоўнага драпежніка гомельскай зоны – змеем/смокам/цмокам/вялізным кракадзілам/агромністай яшчаркай . Вядомы беларускі ўфолаг Аскольд Мянжынскі лічыць, што гэта мог быць дыназаўр, парэшткі якога пад пазазямным уздзеяннем зазналі рэгенерацыю, і ён вярнуўся да жыцця. Кіданне молатаў/булдаў/кувалды/панцырных шчыткоў з шыпамі руплівец уфалогіі тлумачыць пэўнай абараняльнай асаблівасцю арганізму дыназаўра. [241]Іншы спецыяліст па анамальных з’явах Алекс Зюзькавец цвердзіць, што на “дивном лузе” гамяльчанам супрацьстаяў іншапланетны розум: “Гэта мог быць агромністых памераў рэптыліёд, які здолеў выжыць пасля крушэння свайго летака. З іншага боку, нельга скідаць з рахункаў і тую версію, што нашы продкі ў знаёмых ім катэгорыях (“цмок”, “яшчарка” і т. д.) адлюстравалі нейкі транспартны сродак, якім карысталіся іншапланетнікі. Упэўнены, калі б гамяльчане XV ст. убачылі месяцаход, аўтамабіль “Hummer” ці нават які-небудзь гарбаты “Запарожац” і пакінулі б пасля гэтага апісанні, мы ўбачылі б у іх вобразы казачных пачвараў”. [242] Тамсама.
Читать дальше