У 1771 г. да сакральных пчаляроў у лясы за Рудняй Гулевай з Гомея ўцёк мешчанін Нічыпар Кутчонак, які «выпадкова спаліў карчму Арыстарха Дайнекі, дзе бочак з сядзёрам мязговым шмат было». Да гэтага здарэння гамяянін мала чым адрозніваўся ад большасці іншых мяшчан. Сакральнаму пчалярству не спачуваў. Але абставіны змусілі ратавацца ўцёкамі ад «окономов потужних», якія за спаленую карчму хацелі пазбавіць яго жыцця. Адзіным рэальным выратавальным прытулкам былі лясныя пасекі. Пчаляры паставіліся да прыбыша з недаверам, мяркуючы, што гэта шпег царкоўнікаў ці «окономов». Але мала таго, што сам Нічыпар «слёзна прасіў іх дазволу зазнаць таемнасць старажытнага абраду», дык і «пчолы ўчынілі яму нечуваную спагаду». Іх выбару пчаляры пярэчыць не маглі. Гомейскі мешчанін быў навернуты ў «сваявіцу». Яго пераследнікі каля вёскі Галоднае (досыць блізка ад крывой пасекі) нечакана натрапілі на расійскі атрад, які палічыў тых удзельнікамі Барскай канфедэрацыі і разбіў у непрацяглым баі. Пазней, гэтыя расійскія салдаты ніяк не маглі патлумачыць ні сабе, ні сваім камандзірам, якім чынам за гадзіну апынуліся за сто вёрст ад месца сваёй асноўнай дыслакацыі, дый яшчэ на іншым беразе Сожа, хаця былі пэўнымі, што раку нідзе не пераходзілі. [165] Хокинг С. Экономические преступления в Речи Посполитой и фактор российского присутствия (1770–1795 гг.). Москва, 2011. С. 272–274.
Здаралася, некаторыя дзеля якіхсьці сваіх выгодаў свядома хлусілі, што прайшлі праз мядова-пчаліны абрад. Так, у 1790 г. на Койданаўшчыне нехта Ежы Чаплеўскі, калі пасланцы яго крэдытора прыехалі спаганяць запазычанасць, раптоўна загаварыў па-беларуску і заявіў, што польскай мовы не ведае. Пры гэтым ён спаслаўся на тое, што «хадзіў у лес, дзе яго пчала беларуская ўджаліла». Калі ж прыехаў сам крэдытор і стаў размаўляць з Чаплеўскім на чысцюткай беларускай мове, «хітрун і паловы словаў зразумець не змог, чым выкрыў сваю сімуляцыю і мусіў аддаваць доўг з усімі належнымі працэнтамі». [166]Дарэчы, фраза «Тебя что, пчела белорусская (литовская) укусила?» доўгі час была пашыраная сярод расійскіх салдат і чыноўнікаў, якія працавалі на беларускіх землях пасля падзелаў Рэчы Паспалітай. Звычайна, яе адрасавалі таму з расійцаў, хто знянацку дапускаў у сваёй мове ўжыванне беларускіх словаў і канструкцый ці пачынаў спачуваць розным праявам беларушчыны. [167]
Удзел сакральных пчаляроў у барацьбе за захаванне цэласнасці Рэчы Паспалітай улучна з паўстаннем Тадэвуша Касцюшкі і Якуба Ясінскага выглядае праблематычным. Шляхецкая рэспубліка, якая перарадзілася ў некіраваны кангламерат магнацкіх уладанняў, не выклікала ў пчаляроў ніякіх сімпатый. Яны не збіраліся ваяваць за дзяржаву, дзе не было пачэснага месца для старабеларускай мовы і традыцыйнай культуры. Зрэшты, яны разумелі, што і з прыходам расійскіх улад сітуацыя на карысць беларушчыны наўрад ці зменіцца. У верасні 1789 г. сакральныя пчаляры сабраліся на агульны сход, які атрымаў назву Мядовае веча. Сход адбыўся на адной з буйнейшых легальных пасек пад Заслаўем. У ім удзельнічала блізу сотні чалавек з розных куткоў Вялікай Літвы, у т.л. з тэрыторыі, якая ў 1772 г. адышла да Расіі. Вечавыя мужы, як яны сябе называлі, выпрацавалі агульную пазіцыю для ацэнкі сітуацыі ў краіне. Згодна з прынятым рашэннем сакральныя пчаляры і ўсе, хто быў з імі звязаны, абавязваліся дакуль існуе Рэч Паспалітая «ляхам и ляхолизам не помогати, але и москолям никоторого успоможеня не давать», дзейнічаць «з узроком на обставины, боронити родные пасеки и селения подле их, егды в обороне надоба будеть. Боронити и от одных, и от других, да не забывати, што и потужныя окономы албо крепкия хозяйственники нашому брату ворогами есть». [168] Апрельский П. Из истории языческой оппозиции в Европе XVIII в. Калининград, 2008. С. 347.
Гэта быў добра апрабаваны ў ранейшыя часы шлях стварэння атрадаў самаабароны. Землі, якія знаходзіліся пад іх кантролем, з’яўляліся пэўны час фактычна аўтаномнымі адзінкамі з цалкам крыўскай уладай. Вацлаў Ластоўскі ў 1937 г. характарызаваў гэтыя адзінкі як Крыўскую пчалярскую тэакратычную рэспубліку. [169]
Пчалярскія аўтаноміі маглі існаваць ва ўмовах слабой улады і хаосу перыяду падзелаў Рэчы Паспалітай. Расійская імперыя, завяршыўшы ў 1795 г. далучэнне амаль усіх вялікалітоўскіх земляў, стала праводзіць палітыку ліквідацыі ўсялякіх вольнасцяў. Сакральным пчалярам таксама давялося зведаць уціск, супраць якога атрады самаабароны былі бяссільнымі. У 1796 г. з блаславення імператрыцы Кацярыны ІІ з’явіўся сакрэтны цыркуляр «О некоторых мерах для упорядочения пчеловодства на землях вновь приобретенных», частка якога мела характар выразна скіраваны супраць сакральнага пчалярства: «Отныне пчеловодом в любом их облике (пасечник ли, бортник ли) строго возбраняется заниматься чародейством и прочей языческой непотребщиной. Тако ж и чародеям да прочим ласкателям непотребных языческих суеверий строго возбраняется заниматься пчеловодством в любом виде оного». [170] Полное собрание указов, распоряжений и прочих документов российской императрицы Екатерины II. Верный, 1909. Т. 10. С. 345.
Читать дальше