На хвалі Асветніцтва і адноснага павелічэння ролі навукі адбылася першая і ці не адзіная спроба даследаваць феномен крывых пчолаў. З 1776 па 1778 год гэтым займаўся доктар Гуга Губерт, які працаваў ў Гарадзенскай медычнай школе пад патранажам Жана Эмануэля Жылібера. Навуковец спрабаваў высветліць некалькі рэчаў: 1) чаму крывыя пчолы, джалячы, не паміраюць? 2) якое рэчыва, што выпрацоўваюць крывыя пчолы, прымушае ўджаленых пераходзіць на беларускую мову? 3) гэтае рэчыва выпрацоўваецца незалежна ад вонкавых фактараў ці яго выпрацоўка мае сувязь з прыродна-кліматычнымі асаблівасцямі і адметнасцямі флоры рэгіёна?
Каб наблізіцца да адказаў на ўсе гэтыя пытанні Губерту давялося добра павыжыльвацца. Ён рабіў стаўку на эмпірыю, таму мусіў шукаць крывых пчолаў ці замаўляць пошукі, а тады разбіраць іх ледзьве не па «вінціках». Штораз, калі доктар клаў на стол чарговую паддоследную пчалу, на будынак медычнай школы налятала цэлая хмара пчаліных раёў. Служкам даводзілася шчыльна зачыняць усе вокны і дзверы, спадзеючыся, што ніводная пчала звонку ў школу не патрапіць. З крыніцаў вядома, што Губерт знайшоў адказы на ўсе пастаўленыя пытанні, але для паўнаты карціны вырашыў выпрабаваць джаленне на сабе, каб вывучыць і атрыбутаваць усе сімптомы, а таксама праверыць змены, якія адбываюцца ў крыві. Аднак, як толькі навуковец дазволіў некалькім крывым пчолам яго ўджаліць, даследаванні спыніліся.
Доктар асабіста вырашыў больш не займацца гэтым. Ён узяў усе запісы, якія рабіў у часе сваіх эксперыментаў (пяць важкіх рукапісных тамоў) і без шкадавання спаліў у грубцы, раструшчыўшы попел чапялою. Пасля доктар Гуга адчыніў вакно і выпусціў рэшту крывых пчолаў, якія ўтрымліваліся ў яго лабараторыі. Неўзабаве даследнік сабраў торбу толькі з самымі неабходнымі рэчамі і рушыў да выхаду. Прыдзвернік, які заўсёды цікавіўся ў Губерта пра новыя дасягненні еўрапейскіх навукоўцаў, звыкла спытаў на польска-французскай трасянцы: «Quoi de neuf na zachodzie?». У адказ доктар сумна ўсміхнуўся, прамовіў па-беларуску: «Усе брэшуць» і паспешліва пакінуў будынак школы. Больш яго ніхто ніколі ў Гародні не бачыў. [160]Хутчэй за ўсё, ён падаўся ў лес, дзе стаў слугой сакральнага пчаляра, каб выкупіць тым самым грэх знішчэння крывых пчолаў дзеля навукі.
Гуга Губерт справакаваў джаленне самога сябе для эксперымента. Памянёны ў пачатку гэтага нарыса Міхал Вінярскі-Пухоўскі (ці яго прататып) быў уджалены з-за намеру пакаштаваць мёду. А ці былі ў XVIII ст. людзі, якія свядома ішлі пад джалы крывых пчолаў, каб навярнуцца ў беларушчыну? Безумоўна, былі. Сакральныя пчаляры пад выглядам пчаляроў звычайных, а таксама святары-пчаляры, працягвалі ў гэты час праводзіць пчаліную ініцыяцыю не толькі дзяцей, але і дарослых. Сярод апошніх былі мужчыны і жанчыны розных станавых групаў.
Па ўсім відаць, ініцыяцыю прайшоў «князь Мірскі, стары, чуллівы кавалер», пра якога згадваецца ў Каятана Крашэўскага. [161] Мальдзіс А. Як жылі нашы продкі ў XVIII стагоддзі. Мн., 2001. С. 133.
Князь бегла размаўляў па-беларуску, не здраджваў гэтаму нават у нясвіжскім замку Радзівілаў. Там ён як прыдворны «рэзідэнт» часцяком іграў на гітары, спяваючы розныя песні, у т.л. і старабеларускія. Удзельнікі вечарын любілі за ім назіраць: «кожны раз наступаў такі момант, калі князь здымаў з поясу невялічкую біклажку, адсёрбваў з яе нешта, вешаў назад і пачынаў спяваць песню, якая чамусь падабалася ўсё разнашорснай кампаніі, што збіралася ў Радзівілаў». [162] Kraszewski K. Pamiętniki. Warszawa, 1856. S. 339.
На жаль, да нашага часу дайшоў толькі пачатак гэтай песні:
Плакала пчолка ў царкоўным хоры
Пра нашы смуткі ў сваём краю,
Пра нашую змогу быці ў гуморы,
Прадаўшы чорту душу сваю . [163] Стеклянный Х. Гитарная традиция в Беларуси XVIII в. // Очерки истории музыкальной культуры Беларуси (с древнейших времен до Третьего Всебелорусского народного собрания). Минск, 2007. С. 222.
Дуклан Шымбалоўскі ў сваіх мемуарах згадвае «гладкую заможную шляхцянку» Ліцынію Фядзюшку, якая ўлетку 1750 г. адправілася ў лясы каля Чашнікаў да пчаляра. Там яна «абрады таемныя язычніцкія мела і на даўнім беларусінскім дыялекце размаўляць пачала. Скажаш ёй: «Prosze pani», а яна папраўляе: «Не, Prosze pani , а Калі ласка, гаспадыня ». Многіх кавалераў, адданых пальшчызне, тым беларусінствам сваім адпудзіла. Зрэшты, яна пра іх і не думала – два разы на месяц да таго пчаляра ездзіла, бо ўпадабала, як той па-майстэрску яе голую мёдам мазаў». [164]
Читать дальше