Прыкладам, каля Старога Лепеля ў 1658 г. схапілі старога селяніна Ярмола Белага. Былі падазрэнні, што ён валодае адпаведнымі ведамі. Маскавіты «звязали онага по руках а ногах, покинули босым, але не для того, што на абуток ся поквапили. Прывели тыя московчыки козу, и лизала она селянину ступни, а тот ся заходил от смеха аж до з розуму схоженя и поведал реч таемную, которую жолнеры московския ся доведать страстно алкали». [143]Гэты змучаны казытаннем стары выдаў маскавітам архаічнае павер’е пра спосаб згубы пчолаў – выліванне ў пчальнік вады, якой абмывалі мерцвяка. [144] Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік. Мінск, 2004. С. 401.
«Слуги государевы» не прамінулі адразу ж скарыстацца гэтым метадам утаймавання крывых пчолаў. З таго часу большасць маскоўскіх атрадаў ішла ў бой ці на карную аперацыю, маючы пры сабе вёдры ці бочкі з «мярцвяцкай вадой». Яе выкарыстанне супраць крывых пчолаў дало станоўчы эфект. Гэта стала адной з прычын таго, што вайна працягвалася доўга і была вельмі шчодрай на «разлияния крови».
Паказальна, што палякі і паланізаваныя вярхі Вялікай Літвы не спяшаліся з выгнаннем праціўніка. Калі ж гэта паступова адбылося, на вызваленую тэрыторыю пасля войска прыязджалі «потужни окономы», бясплатна налівалі ацалелым жыхарам сядзёру мязговага, каб тыя выпілі за «звытяжство» (перамогу). [145] Федорина Г.Особенности хозяйственной жизни Беларуси в первое десятилетие после войны России с Речью Посполитой середины XVII в. // Гістарычная спадчына Рэчы Паспалітай. Мінск, 2006. С. 255.
І чым большым быў партызанскі рух у канкрэтным рэгіёне, тым больш сядзёру туды завозілася. Гэтак меркавалася панізіць градус старабеларушчыны і братэрскага паразумення. «Кроніка Рабрынкі» захавала прызнанне аднаго з «окономов»: «Крывый мед, несмяртелныя пчолы, своевица да и всякое родное коренье – то все дурнина бестолковая. Пчоляры со своей мовой нам не указ. Мову на хлеб не намажеш и поливки з онай не зготуеш. А по сему – хто, как хотит, тот так и говорыт. И днесь, и ютро, и вовеки веков». [146]Ідэйны падмурак касмапалітычнага кансумізму ва ўсёй сваёй красе. Адэпты гэтай ідэалогіі ў Вялікім княстве Літоўскім часта даносілі яе сутнасць да масаў пры дапамозе макаранічнай паэзіі ці песень на аснове адпаведных вершаў. Яскравым прыкладам тут можа служыць верш «Рожа» з т. зв. «Шарапаўскага зборніка» (бл. 1699 г.):
Пшчолаў крывых згоню салам капчоным.
Юж пані йдзець – мі не бысть удручоным.
Рожу ей дам, дабы в любах был спор.
Пахнець сядзёр, пахнець сядзёр . [147]
Наўрад ці крывых пчолаў можна было адпудзіць вэнджаным салам. Хутчэй за ўсё невядомаму аўтару і ягоным мецэнатам падаўся гэткі вобраз удалай прапагандысцкай знаходкай. Паказальна, што верш быў напісаны ў часы, калі ішла амаль бесперапынная барацьба магнацкіх груповак за прывідны аўтарытэт у спаланізаванай дзяржаве, якая хісталася на геапалітычных вятрах, ператвараючыся паступова ў заезны двор для іншаземных армій.
Крыху раней, у 1696 г., Генеральная канфедэрацыя саслоўяў заканадаўчым актам забараніла выкарыстанне старабеларускай мовы ва ўсіх новых афіцыйных дакументах і ўзаконіла ўжыванне мовы польскай. [148] Нарысы гісторыі Беларусі. Мінск, 1994. Ч. 1. С. 259.
Ёсць меркаванні, што сакральныя пчаляры планавалі сарваць працу канфедэрацыі, але гэта не атрымалася. Відаць, добра даліся ў знакі непастаянства ці выключная слабасць сувязяў між пчалярамі, а таксама адсутнасць уласных вайсковых фармаванняў. Партызанскія атрады амаль адразу пасля 1667 г. былі распушчаныя не без ціску з боку паланафільскіх уладаў. Атрады самаабароны, якія з розных нагодаў спарадычна ўзнікалі апасля, ніколі не мелі агульнага камандавання і маштабнай стратэгічнай мэты. Народная легенда, зафіксаваная этнографам Ежы Стыцкоўскім у сярэдзіне ХІХ ст. на Тураўшчыне, апавядае пра «сямёх смелых дзецюкоў з роду пчаляроў», якія паехалі у Варшаву «на сходку паноў, якія хацелі ўсім мужыкам па гэты бок Буга языкі падрэзаць». Зазнаўшы ў дарозе многія выпрабаванні, «смелыя дзецюкі» сутыкнуліся пад Варшавай «з лесам ружжаў і пушчаю штыкоў», прабіцца праз які і застацца жывымі ў іх не атрымалася. [149] Styckowski J. Antypolska legenda z Polesia białopolskiego. Lwów, 1861. S. 4–5.
Верагодна, што ў легендзе захавалася народная памяць пра няўдалую пчалярскую выправу з мэтай перашкодзіць працы Генеральнай канфедэрацыі саслоўяў 1696 г. У вядомых пісьмовых крыніцах пра падобнага кшталту інцыдэнт звестак не захавалася. Цьмяны намёк ёсць хіба ў вершы Язона Цыбульскага 1706 г.:
Читать дальше