У прыватнасці Цыпрыян зацеміў: «Теж хтял бы мулвити, же велькае чысло местечковекго и докольнекго люду пшчолкають безбожно. То ест шатаньске шануване певного рожаю пшчол пшез тлумливе а ганебне зебранне на пасеках не тылко для мяду вытяганя, но странных и вжасных обрядов для. А то вшистко не хыхи, кгды менщизны и женщызны од мала и до веля за руки ся держать, петли вкул вульев кронжать, песни о пшчолах возносять, мнемаючы, же выженають сим духов злых да и иных инсект, ктурых ворогами пшчол поменовывають. И теды од пасеки чутен крык дябольский: «Мув, йо ос?!». То нехто един з тых петель корогодных пытаеть, ест на пасеке осы чыли немае оных. Потым несуть деток малых албо ведуть дурней вельких, што сами всхотяли пшез руй пшчолиный итти. Пшчолы лятуць, чикають оных малых и вельких. Тыя чики пшчолиныя ся вважають одстемпниками вяры за сигнатуру боскую. Но ведомо, же бог оных одстемпникув ест фалчивый вдрызг, ибо не можеть правдивый бог давати людям надхнене, жебы тыя мувили ензыком простым, яко ензыком свентых ксионг». [134] Кое-какие акты, относящиеся к истории церкви в Польско-Литовском государстве. Курск, 1879. С. 196.
Цыпрыян прасіў тэрмінова правесці праверку па ўсіх фактах і пакараць літаральна, хто спрычыніўся да грахоўных з’яваў. Зрэшты, ён выказаў сумнеў, што люд перастане «пшчолкать», бо «еднокго пшчоляра збэйсаеш, а юж три новых коло ворот стоять».
Але больш страшнымі для рознага кшталту «горливцув вяры» былі выпадкі, калі вясковымі святарамі станавіліся сакральныя пчаляры. Па сутнасці, гэта азначала перамогу і панаванне на месцах «народнага хрысціянства», якое нівелявала бальшыню канфесійных адрозненняў, маючы цвёрды традыцыяналісцкі (этнічны) стрыжань. Нехта Таўдал Блінскі ў 1652 г. пісаў ажно ў Рым, скардзячыся на ўніяцкага святара вёскі Пугачы Нюськавіцкага павета Акіма Кудаса. Згодна са скаргай святар вызначаўся «нечуванымі збачэннямі ад веры»: «у час хрышчэння акрапляе немаўлятаў мёдам, які ўласнаручна збірае з вулляў пастаўленых ім вакол царквы; часцяком расчыняе ў храме вокны ды дзверы і іграе на валынцы пад перагуд пчолаў, якія ўюцца паблізу; казані прамаўляе так, што на пяць цытатаў з Бібліі прыходзіцца дзесяць сумнеўных народных афарызмаў; іконы малюе сам ці замаўляе ў іншых аблудных людзей, адлюстроўваючы на дошках, апроч належных Вобразаў, шмат вулляў, борцяў, пчолаў, сотаў, пчаляроў, ажно ўвесь іканастас ужо ў гэтакага кшталту блюзнерскіх выявах; пастаянна ўдзельнічае ў наўмысна ладжаных на вёсцы кулачных баях і практыкаваннях са зброяй, што можна, напэўна, дараваць святару, азіраючыся на агульнае неспакойнае становішча ў Вялікім княстве Літоўскім і сумежных краях». [135] Они писали в Рим. Сборник писем жителей Западной Руси польско-литовских времен к римским папам с жалобами на отступления священнослужителей от истинной веры. Москва, 1901. С. 333.
Такіх святароў на старабеларускіх землях было вельмі штат. Адданасць старажытным традыцыям у спалучэнні з хрысціянствам выклікала ў асноўнай масе народа паважлівае стаўленне да такіх святароў. Зрэшты, гэта не ўбяспечыла іх ад тых нягодаў, што неслі ваенна-палітычныя канфлікты. У часы казацка-сялянскай вайны 1648–1651 гг. мноства святароў-пчаляроў пацярпела як ад казакоў і паказачаных сялян, так часткова і ад урадавых войскаў. Гэтым тлумачыцца тое, што Блінскі ў сваім лісце назваў даравальнай баявую падрыхтоўку святара Кудаса.
Палітычныя эліты Вялікай Літвы пасля паходаў Сцяпана Батуры на доўгі час адмовіліся ад дапамогі сакральных пчаляроў у ваенных справах. Верагодна, вярхі ім не давяралі, асцерагаючыся, што пчаляры не дазволяць рэалізаваць знешнепалітычныя праекты Рэчы Паспалітай ў паланафільскім рэчышчы. Нават тыя, хто на вышэйшым узроўні рупіўся пра старабеларускую мову (напрыклад, Леў Сапега), панічна баяліся беларусізацыі Маскоўскай дзяржавы, якая магла б адбыцца пры ўдзеле ў ваеннай інтэрвенцыі пчалярскіх добраахвотнікаў. Таму на Маскву ішлі войскі, укамплектаваныя праверанымі людзьмі, якія не мелі шчырых сімпатыяў да пчалінай абраднасці. Натуральна, многія з іх на роўні з польскай мовай вольна размаўлялі па-старабеларуску, але мэты прынесці беларушчыну на маскоўскія землі яны не ставілі. Маскавіты з палёгкай уздыхнулі, калі даведаліся, што інтэрвенты не хацелі зрабіць з імі тое, чаго ў свой час дамагаўся вялікі князь літоўскі Альгерд. «Ждали литовских пчел, да трутень полуляшский пришел», – сталі казаць у Масковіі з гэтай нагоды. [136] Манул-Палласов К. Русские пословицы и поговорки периода «Смутного времени». Суздаль, 1912. С. 66.
Читать дальше