Але нельга сказаць, што легалізаваныя сакральныя пчаляры зусім уніклі пераследу. На працягу ўсяго часу ўладарання Жыгімонта Вазы сям-там узнікалі «агмяні напружанасці», у цэнтры якіх апыналіся нядаўнія лясныя пчаляры ці іх нашчадкі. Так, у 1625 г. у вёсцы Свяцілавічы Чачэрскага староства адбыліся хваляванні панцырнага баярства з нагоды спробы «жолнеров гармизона, што прыбыл з Чочерску, схватити пчоляра Кирея Асеіонка, котрый пасеку промеж Святиловичами а Железниками держал». [130]
Кірэй Асяёнак быў абвінавачаны ў «чародействах языческих» і «вижованьи для корысти цесарства московского». Жаўнеры збіраліся завезці яго ў чачэрскую вязніцу, але дарогу ім заступілі жыхары Свяцілавічаў «з шабелями, мушектами, ручницами и коликами от огорожей повытянутыми». Яны патрабавалі вызваліць пчаляра, «на чесность а щирость онаго прысягаючы». Але ў жаўнераў быў вельмі рашучы настрой – процістаянне магло скончыцца крывавай сутычкай, у якой не абышлося б без загіблых. Пчаляр хутка ацаніў, у якім кірунку коціцца справа, і папрасіў сваіх абаронцаў «клопоту а турботы о той речи не задавати», вяртацца дадому, бо «облудность виновайства паны у Чочерску побачать невомнози». Панцырныя баяры яго паслухаліся, а жаўнеры завезлі «злачынцу» у цэнтр староства.
Цэлы тыдзень «на хлебе черствым а гнилой воде» Кірэй сядзеў у вязніцы, бо суддзя з’ехаў у сваты «некудысь за Гомей». Жыхары Свяцілавічаў чакалі ў прытоеным абурэнні. Калі ж разгляд судовай справы нарэшце адбыўся, то вырак быў такім, што Асяёнку пагражала «горла стятье». Даведаўшыся пра гэта, панцырныя баяры «збройным обычаем» рушылі на Чачэрск. Туды ж паляцелі ўсе пчолы Асяёнкавай пасекі. І суд, і выканаўцы «розсудку» (судовага рашэння) нямала здзівіліся, пабачыўшы на месцы меркаванай «страты» (смяротнага пакарання) узброеных людзей і мноства пчолаў. Частка пчолаў захінула сабою свайго гаспадара. Іншая частка памкнулася на суддзю, «удчалившы онаго». Суддзя «кгвалту крычал а волал о ратованю», але ніхто яму не дапамог. Варта пабаялася правакаваць сутыкненне. Суддзя ж пасля джалення адразу прызнаўся, што яму «гостинца дали, абы оный суд несправедливым учинил». Высветлілася, што яго падкупіў нейкі прыезджы шляхціц, які хацеў «лживым обычаем» атрымаць землі Асяёнкавай пасекі, каб збудаваць там вінакурню па вытворчасці сядзёра мязговага. Вырак быў скасаваны, пчаляр разам з пчоламі і баярамі адправіўся дадому. Суддзя пастрыгся ў манахі. Прыезджы шляхціц з’ехаў.
Магчыма, што гэтыя падзеі сталі асновай для народнай балады «Чачэрская цямніца». Прынамсі, наступныя радкі дазваляюць так меркаваць:
Чачэрская цямніца. Віхор па-над Сажом.
Свяцілавіцкі хлопец без дзела пасажон.
Чачэрская цямніца. Дзесь пчолачкі гудуць,
Свяцілаўскага хлопца дамоў яны завуць . [131] Макарский Е. Тюремные песни старорежимной Белоруссии. Гомель, 1928. С. 18.
Жыгімонт Ваза на хваляванне свяцілавіцкіх панцырных баяраў паглядзеў скрозь пальцы. Жыхары Свяцілавічаў і суседніх вёсак выконвалі важную для дзяржавы ролю – былі пагранічнай вартай. [132]Караць памежную баярскую вёску было б верхам стратэгічнай бязглуздасці.
Царкоўнікі розных канфесій і пісьменныя «радетели веры» доўгі час скарадзіліся духоўным і свецкім уладам на тое, што просты люд, дробная шляхта, а часам нават ніжэйшае духавенства шануюць пчолаў і трымаюцца адпаведнай абраднасці. Так, «волный чоловек, котрому за хрестянство болить» Станіслаў Аніська напісаў у 1630 г. ліст да уніяцкага мітрапаліта Іосіфа Вельяміна Руцкага, дзе скардзіўся на настроі жыхароў вёскі Дакудава Лідскага павета. Аніська сцвярджаў, што сяляне «языцтва ся держуть, Коляду, яко и Купалу, чтуть, деток малых медом мастять и пчолам под хоботы ондають». [133] Истинное положение дел духовных в Литве и Белоруссии XVII в. Ревель, 1914. С. 327.
У 1646 г. з мястэчка Мядзведзевічы, што на Ляхавіччыне, нехта, хто падпісаўся як «служка церковный Циприян Анонимус», даслаў ліст біскупу віленскаму Юрыю Скуміну-Тышкевічу. У лісце паведамлялася пра «речи прикрые а блюзнерские, же в окронге местечковой ся почваряють». Ён падаваў досыць працяглы (на 150 пунктаў) «реестр гжехув», дзе не знайшлося месца хіба толькі грэху садомскаму. Многія грахі і праступкі, здаецца, былі проста ўзятыя з Бібліі і спраекцыяваныя на канкрэтных асобаў. Гэта некалькі паніжае узровень даверу яго ліста як факталагічнай крыніцы. Аднак сведчанне пра тое, што некаторыя местачкоўцы і жыхары прылеглых да Мядзведзевічаў вёсак «пшчолкають» (трымаюцца пчалінага культу), выглядае ў яго самым жывым.
Читать дальше