Ждан Ляток быў сынам сакральнага пчаляра, які з сям’ёй жыў у пушчы недалёка ад Кобрына. Аднойчы разам з бацькам ён пайшоў у маёнтак Ягалкі, каб дапамагчы вылечыць дваравую служанку паноў Міладоўскіх. Запрашэнне сыходзіла не ад уладальнікаў маёнтку, а ад бацькоў хворай, бо пан Міладоўскі быў катэгарычна супраць якіх заўгодна зваротаў да «ведзьмакоў» (так ён называў сакральных пчаляроў). Таму візіт непажаданых асобаў адбываўся ўпотайкі. Тым не менш, Ждан сутыкнуўся з дачкой гаспадара Ганнай, якая выйшла пасярод ночы паблукаць вакол палацу. У небе вісела яркая вялікая поўня, і сярод цемры можна было не проста ўбачыць цьмяныя постаці, але і досыць выразна разгледзіць твары. Так дзяцюк і паненка пабачыліся, і адразу абодвух «працяла Амура страла». Яны сталі таемна сустракацца. Паміж любоўных справаў даводзілася размаўляць пра розныя рэчы. І выявілася, што Ганна лічыла сябе «літоўскай палячкай», гаварыла на трасянцы з вялікай колькасцю польскіх словаў, лічыла Кракаў «пенкнай сталіцай нашай супольнай Айчызны» (і гэта да Люблінскай уніі!). Ждан стаў пераконваць каханую ў адваротным, расказваў ёй аб падзеях праўдзівай крыўскай (вялікалітоўскай) гісторыі, пра чысціню і меладычнасць старабеларускай мовы, усяляк запрашаў паненку павярнуцца да «сваявіцы». Тая слухала, паловы словаў проста не разумела, але пагадзілася прайсці мядова-пчаліны абрад, каб спазнаць усё тое, пра што апавядаў каханы. [115] Тут і далей змест гісторыі пераказваецца і цытуецца паводле выдання: Зарыцкая А., Шчодрык М. «Гісторыя кахання шляхцянкі і пчаляра» з архіваў Вацлава Ластоўскага // Жанчыны на небакраі Еўропы. Мінск, 2007. С. 135–150.
Пасля абраду іх каханне толькі ўзмацнілася. Але бацька паненкі Карнэліюш Міладоўскі, які пра ўсё даведаўся, быў сам не свой ад гневу і абурэння. Ён пасадзіў дачку пад замок у адным з пакояў палаца і стаў паспешліва рыхтаваць «наезд» на лясны пчалярскі хутарок. Назбіралася нямала ахвочых «ушчыпнуць колішніх джальнікаў». Конная шляхецкая «аркгада», «крукнуўшы сядзёру дзеля большага зухвальства», рушыла ў пушчу. Аднак у дарозе іх заспеў страшэнны восеньскі дождж. Страшэнны – як з-за колькасці вады, што лілася з «продухаў нябесных», так і з-за незлічонага мноства дробных шэрых жабак, што падалі адтуль жа. Лясныя дарогі размыла дажджом. Усюды сядзелі і квакалі жабкі. Карнэліюш плюнуў і загадаў «кумпаньёнам» вяртацца ў маёнтак. Па вяртанні высветлілася, што дачка Ганна збегла з-пад «згамавання дамовага» разам са Жданам Лятком. Дапамог ім у гэтым малады шляхціц Сергій Бурнос, які збіраўся ўдзельнічаць у «наездзе», але пад шумок застаўся ў маёнтку. Зрабіў ён гэта з-за братэрскай сімпатыі да Ганны Міладоўскай. Утрох яны вырашылі з’ехаць як мага далей ад Ягалак. Ждан меркаваў скіравацца ў Панізоўе (Усходняя Беларусь), каб далучыцца да адной з буйных грамад сакральных пчаляроў. Сергій жа параіў паехаць у Полацак, дзе, на яго думку, можна было схавацца ў падзямеллях. Пра полацкія падзямеллі і іх мудрых жыхароў ён чытаў у «кнігах славянскіх, кірыліцай пісаных вязкай».
Карнэліюш Міладоўскі кінуўся за ўцекачамі ў пагоню і тры разы амаль дасягаў іх. Але шторазу яму і ягоным памагатым нешта перашкаджала. Па дарозе з Ягалак на Полацак, уцякаючы ад навальніцы панскага гневу, тройца вельмі здружылася. Пад Менскам Сергій Бурнос прайшоў пчаліна-мядовую ініцыяцыю па спрошчаным узоры. Пад Барысавам Ждан і Ганна пажаніліся, а Сергій сустрэў прыгожую «пчалярачку», у якую закахаўся і вырашыў застацца ў тых краях. У канцы снежня 1562 г. Ляток і Міладоўская прыехалі ў Полацак. На гэтым іх сляды губляюцца. Магчыма, яны ўсё ж знайшлі запаветныя полацкія падзямеллі. Але нельга выключаць і іх пагібелі падчас аблогі і штурму Полацка войскамі Івана Жахлівага. Дарэчы, пагоня Карнэліюша Міладоўскага неспадзеўкі для сябе сутыкнулася з царскімі войскамі і была дашчэнту разбітая. Гэтая параза актыўна выкарыстоўвалася маскавіцкімі прапагандыстамі ў якасці прыкладу «мощи оружия руссийскаго». [116] Печенька Б. Пропагандистский аппарат Ивана Грозного. Саратов, 1990. С. 187.
Полацкі этап Лівонскай вайны ад самага пачатку быў вайной «чараўнікоў і чарадзейства», у якой вялікалітоўскі бок доўгі час зазнаваў паразы. На Полацкую зямлю абрынуліся «полчишча лупежных пчол», якія падрыхтавалі плацдарм для прыходу маскоўскіх войск. Новая парода пчолаў-рабаўнікоў, якую пад пільным кантролем сумнавядомага Малюты Скуратава вывела «лепота умов царства Московского», адрознівалася большай зласлівасцю, пражэрлівасцю і трываласцю да халадоў. Па сутнасці, гэта ўжо былі нават не пчолы, а вычварны сімбіёз пчолаў і прузяў (саранчы). Таму некаторыя летапісцы называюць іх словамі «пчузи», «пшчузи», «бчузи». Прыляцеўшы на Полаччыну, яны спярша забралі ўвесь нектар, а кветкі зжэрлі. Затым яны скопам сталі нападаць на крывыя і звычайныя пасекі, разбураючы вуллі, знішчаючы пчолаў, забіраючы гатовы мёд. Пчаляры, як і жыхарства Полацкай зямлі ў цэлым, не маглі нічога зрабіць супраць гэтага жахлівага наслання. Многія з тых, хто спрабаваў супраціўляцца сталі ахвярамі пчузяў. [117]Невядомы пераймальнік польскага паэта Яна Каханоўскага прысвяціў гэтым трагічным падзеям цыкл вершаў «Печальки», створаных на мове блізкай да царкоўнаславянскай. Адзін з красамоўных фрагментаў:
Читать дальше