У выніку памежных войнаў тэрыторыя Вялікага княства Літоўскага пачала імкліва скарачацца. Усходнія землі краіны пераходзілі пад уладу Масквы. Найбольш доўга трывала абарону легендарная Калодзінская воласць, застаючыся, па сутнасці, анклавам Вялікай Літвы сярод нованабытых абшараў Маскоўскае дзяржавы. Рэч у тым, што калодзінскія крывыя пчолы чынілі «презлейшее противление» пчолам-рабаўнікам. Непрыступную зямлю маскавіты ўзялі толькі тады, калі «петуха красного на болото пустили», і пажар перакінуўся на астатнюю частку воласці. Летапісцы зазначаюць, што ўсе вуллі згарэлі. Толькі народная легенда цвердзіць, што калодзінскі намеснік ды яго сям’я перанеслі некалькі дзясяткаў вулляў на чоўны і сплылі з імі кудысьці па Ацэ. [111] Пасечников В. Летописное «Сказание о взятии Колодинской волости»: исторический подлинник или антирусский новодел? // Москва – Третий Рим. Сборник статей и материалов. Москва, 2007. С. 100–105.
Дакладна немагчыма сказаць, ці рабіліся палітычнымі вярхамі Вялікага княства Літоўскага нейкія захады, каб спыніць «пчаліныя пралогі» войнаў з Масковіяй. Здаецца, што іншым разам вярхі мусілі ісці на кампраміс з джальніцкім падполлем, каб сіламі ўдзельнікаў апошняга утаймаваць маскоўскую пчаліную агрэсію. На мяжы 1520-1530-х гг. Францішак Скарына пад маркай пашырэння сваіх кніг прыбыў у Маскву. [112] Энцыклапедыя гісторыі Беларусі. Мінск, 2001. Т.6. Кн. 1. С. 311.
Але насамрэч ён меў заданне адшукаць і знішчыць «таемныя закреты», дзе гадаваліся пчолы-рабаўнікі. Ёсць падставы меркаваць, што ў яго атрымалася ўсё зрабіць належным чынам. Праўда, для выратавання ўласнага жыцця наш адважны першадрукар мусіў ахвяраваць сваімі кнігамі, паспешліва ўцякаючы з Масквы. Знішчэнне «закретов» зрабіла Скарыну ў вачах маскоўскіх уладцаў ворагам № 1. Дзясяткі наймітаў Крэмль адпраўляў у Вялікую Літву з мэтай забіць «дерскаго литвина». Некаторых з іх маскавіты «легендировали» як ерэтыкоў, што шукалі паратунку ад пераследу ў больш талерантнай дзяржаве. Гэта прывяло да таго, што Францішак Скарына ва ўмовах строгай сакрэтнасці быў перапраўлены на Захад – у чэшскую Прагу, дзе хаваўся ад крамлёўскай найміцкай хеўры пад выглядам каралеўскага садоўніка. У 1547 г. яго ўсё ж вылічылі і збіраліся забіць. Аднак 5 ліпеня таго ж года ў Празе выбухнула паўстанне гараджан, якое перакрэсліла планы маскоўскіх агентаў. Большасць з іх выпадкова загінула падчас задушэння паўстання войскамі караля Фердынанда. [113] Донцова З.Л. Франциск Скорина и борьба спецслужб ВКЛ и Русского царства в первой половине XVI в. // Из истории ФСБ России (с древнейших времен до 2009 г.). Москва, 2010. С. 212–219.
Паказальна, што пасля маскоўскай паездкі Францішка Скарыны недзе на трыццаць з нечым гадоў войны паміж Маскоўскай дзяржавай і Вялікім княствам Літоўскім спыняюцца. Старабеларускаму мемуарысту Фёдару Еўлашоўскаму на пачатку XVII ст. тая трыццацігодка здавалася «залатым векам». Безумоўна, у другой трэці XVII ст. у грамадска-палітычным і культурным жыцці Вялікай Літвы адбываліся істотныя пазітыўныя зрухі: роўнасць канфесій, Рэфармацыя, Рэнесанс і г.д. Але разам з тым краіна працягвала навадняцца пальшчызнай, якой захапляліся і велікакняжацкі двор, і магнаты. Адзіная старабеларуская (літоўская) мова, некалі зразумелая вялікай масе народа ад Дарагічына да Казельска, ад Коўны і да Чарнігава, стала штучна драбіцца. Марцінас Мажвідас распачаў кнігадрукаванне на «літоўскай» мове, якая была створана на аснове перыферыйных дыялектаў пракаветнай літоўскай (старабеларускай) мовы. Выдумляліся легенды пра рымскае паходжанне шляхты. Сакральнае пчалярства з яго ўгрунтаванасцю на тутэйшых моўна-культурных традыцыях не заахвочвалася, але і жорстка не пераследвалася – велікакняжацкі двор стараўся трымаць марку талерантнасці. Сакральныя пчаляры склалі зброю і спынілі спробы маштабнага супраціву. Зрэшты, гэта не дазволіла ім інтэгравацца ў сацыяльную сістэму Вялікага княства Літоўскага. Па сутнасці, яны і іх сем’і апынуліся за рамкамі станавай (саслоўнай) арганізацыі вялікалітоўскага грамадства. Пра іх не згадвалі Літоўскія Статуты і прывілеі вялікіх князёў. Яны жылі цалкам аўтаномна. Іх дачыненні з уладай рэгуляваліся вуснымі дамоўленасцямі.
Пашырэнне кола сакральных пчаляроў было досыць праблематычным. Шлюбы з імі станавая этыка лічыла непрымальнымі. Праўда, сяляне і мяшчане часта парушалі гэты звычай, бласлаўляючы сваіх дзяцей на жаніцьбу з прадстаўнікамі сакральнага пчалярства. Асабліва часта гэта здаралася тады, калі пчаляры сваімі ведамі выратоўвалі жыццё тым, хто да іх звяртаўся па дапамогу. Шляхта ж, нават дробная, строга трымалася правіла пазбягаць кантактаў з «необецными» пчалярамі і іх раднёй. [114]Зрэшты, як і ў кожных іншых выпадках, калі гаворка ідзе пра забарону, з’яўляліся асобы, што імкнуліся яе парушыць. Многія ведаюць пра гісторыю жарсці вялікага князя Жыгімонта Аўгуста і Барбары Радзівіл, але вельмі мала хто знаёмы з гісторыяй кахання Ждана Лятка і Ганны Міладоўскай.
Читать дальше