Някрас збіраўся ўтаймаваць федальна-канфесійныя «ростыркі» і аб’яднаць Вялікую Літву пад сваёй уладай, усталяваўшы традыцыяналісцкі рэжым з апірышчам на сакральнае пчалярства. Яго ваяры, якіх ворагі празвалі джальнікамі, здзяйснялі раптоўныя напады на хаўруснікаў і Жыгімонта, і Свідрыгайлы. Але напады рабіліся не дзеля таго, каб забіць, а дзеля таго, каб вярнуць да «своевицы». Таму і ўзбраенне ў джальнікаў было незвычайным. Яны выкарыстоўвалі полыя мячы адмысловай канструкцыі, якія запаўняліся мёдам крывых пчолаў. Лязо такога мяча, удараючыся аб цела праціўніка, рабіла балючы, але не смяротны надрэз. Спрацоўваў хітры механізм, дзякуючы якому, у свежую крывавую рану трапляў мёд, і праціўнік імкліва страчваў разуменне каштоўнасці мэты сваёй барацьбы, пераходзячы на бок джальнікаў. Частыя выпадкі такіх пераходаў прымушалі ваяроў Жыгімонта і Свідрыгайлы шукаць спосабы ўмацавання даспехаў, каб пазбегнуць «заразы пчолиной», як гэта паміж іх называлася. [98]
Прапагандысты абодвух князёў распускалі сярод свайго воінства чуткі, быццам удар джальніцкага мяча спрычыняецца да цяжкай немачы, калі пчолы ператвараюць цела параненага чалавека ў вулей. Гэта многіх страшыла, і ў сутычках з джальнікамі яны дэманстравалі выключную жорсткасць. Зрэшты, джальнікаў гэта не спыняла. У многія баі яны выходзілі не толькі з «мядовымі» мячамі, але і ў суправаджэнні крывых пчолаў. Так было пад Ашмянай, Наваградкам, Вільняй, Полацкам, Амсціславам і іншымі старабеларускімі гарадамі. Што Жыгімонт, што Свідрыгайла вельмі непакоіліся з прычыны гэтай усюдыіснасці трэцяй сілы ў грамадзянскай вайне. Пераймаліся яны і з-за ўласнай бяспекі. Ёсць звесткі, што ў абодвух князёў было па некалькі двайнікоў, каб заблытаць найперш джальнікаў. Самі ж князі апраналіся так, каб крый божа ніводная пчала не здолела дакрануцца да іх цела. Даходзіла да таго, што і адзін, і другі абмазваў свой твар глінай, днюючы і начуючы ў цяжкіх даспехах, улучна з шаломам на галаве. У 1435 годзе нехта з майстроў вынайшаў адмысловае паўпразрыстае забрала з адмыслова апрацаванага «бычога пуздыря», што трохі палегчыла ваенны быт варагуючых князёў. [99]
У часе грамадзянскай вайны паказала сябе і чацвёртая сіла – «потужни окономы» ці, як іх больш канкрэтна называюць тагачасныя дакументы, «трункари хытроумния». Яны амаль не ваявалі і адкрыта не займалі пазіцыю кагось з удзельнікаў унутрыдзяржаўнага канфлікту. Сваёй задачай у вайне яны бачылі толькі ўласнае абагачэнне. Таму бессаромна за немалыя грошы яны пастаўлялі сядзёр мязговы войскам, як Жыгімонта, гэтак і Свідрыгайлы. Трунакарам было выгодна, каб вайна цягнулася і далей. За гэта іх вельмі каралі джальнікі. У пераважнай бальшыні выпадкаў на трункароў не дзейнічалі ні мёд крывых пчол, ні самі пчолы. Таму па першым часе яны не баяліся сутычак з джальнікамі і чынілі тым зацяты супраціў. Калі джальнікі рабілі конны напад на абоз, якім перавозіўся сядзёр, трункары выпраўлялі групу сваіх найбольш падрыхтаваных і спрытных людзей, якія вешаліся коням на шыю ды залівалі ім у храпы той самы напой. Коні ад гэтага шалелі і імкліва скакалі прэч, адносячы сваіх наезнікаў, якія нічога зрабіць не маглі. Праз такі хітрык шмат джальнікаў загінула. У адказ на гэта вялікі пчаляр Някрас загадаў свайму войску змяніць тактыку. Напады на трункарскія абозы сталі рабіць або пешыя ваяры, або вершнікі, коні якіх мелі на храпах спецыяльную аснаду, што не дазваляла староннім людзям імі маніпуляваць. Да таго ж Някрас на пахаванні чарговых ахвяр трункароў заявіў: «Никоторой литости сидерастем тым!». [100]Пасля гэтага закліку джальнікі сталі не проста знішчаць бочкі з сядзёрам, як было і да таго, але абрынулі свой смертаносны гнеў і на саміх трункароў. Даволі часта апошніх папросту тапілі ў бочках з ненавідным напоем. За гэта іх Жыгімонт і Свідрыгайла па чарзе абвясцілі «выступцами панствовыми», то бок дзяржаўнымі злачынцамі.
Зрэшты, супольная непрыязь да джальнікаў не прымусіла князёў аб’яднацца. 1 верасня 1435 г. яны сышліся ў страшнай бітве пад Вількамірам. Туды ж паспяшаўся са сваім войскам і Някрас, мяркуючы раптоўна зрабіць выратавальны пчаліна-мядовы ўдар і спыніць бітву агульным замірэннем. Разрозненыя атрады джальнікаў праз сістэму пчалінага апавяшчэння атрымалі загад на агульны збор. Яны паспяхова аб’ядналіся ў раёне Наваградка і рушылі да Вількаміра. На падыходах да поля бітвы пачаліся няўдачы. Манеўруючы паміж вайсковымі станамі Жыгімонта і Свідрыгайлы, войска Някраса выбрала шлях «през бодюли кромешныя» (праз нізкія густыя зараснікі), у якіх яны не пазналі баршчэўнік. Людзі і коні, дакрануўшыся да лістоў баршчэўніку атрымалі неймаверныя апёкі скуры, пакрыліся пухірамі і былі выведзеныя з бітвы яшчэ да пачатку ўдзелу ў ёй. [101]Ворагі потым кпілі з гэтай прычыны і нават прыдумалі прыказку: «Пад’елі баршчу, як пчаляры пад Вількамірам». [102]Некалькім джальніцкім групам у абароннай вопратцы давялося вычышчаць дарогу ад небяспекі.
Читать дальше