Здавалася, што Альгерд з дапамогаю крывых пчолаў здолеў пашырыць дзяржаву і кансалідаваць грамадства вакол старабеларускай мовы. Але гэта быў толькі частковы поспех, а перамога не вызначалася канчатковасцю. Сур’ёзная палітычная барацьба шуганула сінім полымем пасля Альгердавай смерці. Немалую ролю ў гэтым сыгралі добрыя ўраджаі яблык разладу, якія ішлі на выраб сядзёра мязговага. Селіван Дуравіцкі пісаў пра гэта ў сваёй лацінамоўнай паэме «Песні славы і няславы» (XVI ст.):
Як жа дурманам салодкім ад квецені майскай
Веяла ўсцяж, па-над княствам Вялікім Літоўскім лунала.
Радасць паненкам, якія вясной пакахалі.
Радасць панам, што пад восень шмат яблык здабылі на сёдзер . [91]
Альгердаў пераемнік князь Ягайла не змагаўся з сакральным пчалярствам, але вызначыўся тым, што ўвёў традыцыю мяшаць мёд крывых пчолаў з сядзёрам мязговым. «Ёрш Ягайлы», як назвалі гэтую мяшанку летапісцы, прыводзіў да цяжкіх наступстваў. Усе, хто спажываў «ёрш Ягайлы», пачыналі паводзіць сябе вельмі супярэчліва, кідаліся з адной крайнасці ў другую, плявалі на крэўнасць, размаўлялі на трасянцы, шукалі добрых сяброў там, дзе іх быць не магло. Акурат так паводзіў сябе сам Ягайла, гэтак жа паводзіліся і многія жыхары Вялікай Літвы. Яскравым прыкладам сярод апошніх можна назваць войта вёскі Гудзілавічы Менскай зямлі Яўсея Іграстага.
Паводле сведчанняў гістарычных крыніц Яўсей, пачаўшы ўжываць «ёрш Ягайлы», перастаў выконваць абяцанні, мог у літаральным сэнсе паставіць падножку любому аднавяскоўцу, нават цяжарнай жанчыне. Аднойчы са сваімі памагатымі ён разагнаў вяселле, спаслаўшыся на «претяжкий зовнутрешний стан» дзяржавы. Насамрэч становішча ў дзяржаве яго мала турбавала. Неяк з Менску па службовай лініі яму даслалі ліст, укладзены на тагачаснай беларускай мове. Яўсей той ліст парваў і сказаў ганцу: «Знай напшед, шчо я бэндю читати сии письмена, егда их складатимуть на истено руцким ензыку, како ув летописех князя Ярислейфа Мондрого». [92] Редькин Х. Войт Евсей Играстый как архетип «несправедливого властителя» // Местное управление и самоуправление у восточных славян. Владимир, 2008. С. 149.
Войт спрабаваў завязаць добрыя адносіны з нячыстай сілай. Калі гэта не атрымалася, ён заявіў, што яму перашкодзіў пчаляр, і хацеў учыніць над ім расправу. Амаль уся вёска стала на абарону пчаляра. Вяскоўцы схапілі Яўсея, паскідалі з яго вопратку, абмазалі яго з галавы да пят мёдам і «меж домков пчолиных ускинули». Пчолы наджалілі яго так, ажно «шкура ся пуздырила», і ён прасіў ва ўсіх прабачэння. Але ўначы «лихаго седра мязковаго дунул крепко», ачуняў і падаўся ў пушчу. Там ён адшукаў «диких людей лесных, облику зверынаго з молотами и секирами каменными» (ці не ацалелых неандэртальцаў?) і прывёў у вёску, каб «свой лад устатковати». Пчаляр, які акурат вяртаўся ад сваёй дзяўчыны, трапіў «под роздыч» першым. «Дикия люди лесныя» забілі яго сваімі «прыладамі працы». Над вёскай навісла пагроза жудаснай масакры. Аднак пчолы, адчуўшы смерць пчаляра, хутка выбраліся з вулляў і імкліва паляцелі да месца злачынства. Разам з тым яны нейкім невядомым чынам сталі склікаць пчолаў «целой земли Менской». Перад Яўсеем і яго новаспечанымі сябрукамі паўстала шматмільённая пчаліная армада. «Дикия люди» спрабавалі біць сякерамі і малаткамі, але пасля аднаго ўдару тыя ператварыліся ў труху. «Пчол великое множство подняло оного нечистивого дешпота Евсея и лихих подлабузников пушчанских, абы занести всих у виры на колы», – паведамляе гістарычная крыніца. [93]Болей Яўсея Іграстага і яго хеўру ніхто не бачыў.
На тле войта Яўсея вялікі князь Ягайла глядзіцца больш узважаным, нягледзячы на масу самых супярэчлівых дзеянняў. Калі ў звязку з Крэўскай уніяй паўстала пытанне пра пераезд у Кракаў, Ягайла прыхапіў з сабою некалькі борцяў з крывымі пчоламі, якія загадаў паставіць на тэрыторыі Вавеля. Менавіта адсюль і паходзіць часовая беларусізацыя польскага каралеўскага двара, пра якую так часта пішуць нашы сучасныя даследчыкі. Менавіта пасля знаёмства з крывымі пчоламі каралева Ядзвіга стала часцяком спяваць «Купалінку», а на рэдкія польскамоўныя звароты свайго мужа казала: «Ты поклич мя, позови». [94] Кундалеўская Я. Да пытання аб «беларусізацыі» польскага каралеўскага двара пасля Крэўскай уніі // Культурное взаимодействие народов Восточной Европы в средние века. Санкт-Петербург, 2007. С. 222.
Польскія палітычныя эліты былі незадаволеныя. Яны зрабілі ўсё, каб крывая пасека з Вавелю ўрэшце знікла. Яны ж дамагаліся, каб Ягайла правёў хрысціянізацыю тых мясцінаў Вялікай Літвы, дзе на той час язычніцтва адкрыта пераважала. На загад Ягайлы былі высечаныя святыя гаі пад Вільняй, але сакральным пчалярам далі магчымасць правесці эвакуацыю борцяў яшчэ да пачатку высечкі. Разам з тым Ягайла часткова сам узначальваў місіянерскі аб’езд па язычніцкіх мясцінах. І як у свой час Міндоўг вёз у абозе крывых пчолаў і іх мёд, так следам за Ягайлам ехалі фурманкі з падарункамі для неафітаў. Сярод падарункаў былі не толькі белыя суконныя світкі, скураныя боты і грошы, але і бочкі з сядзёрам мязговым.
Читать дальше