Людзі па-рознаму сустракалі Ягайлу і яго лекцыі аб сутнасці хрысціянскае веры. У адной з такіх выправаў знайшоўся адважны чалавек, які сказаў: «Міласцівы кароль, я асабіста згодзен з тым, што ўсе мы ўваскрэснем, але, убачыш, толку з гэтага аніякага не будзе». Гэта фраза стала амаль хрэстаматыйнай, але яе заўсёды падавалі вырванай з кантэксту, бо насамрэч смяльчак на тым не закончыў сваю прамову, а заявіў: «Князь Міндоўг падымецца і першым дасць кухталёў міласціваму каралю і за каншахты з ляхамі, і за мязговы сядзёр». Ягайла загадаў «адтрактаваць балбатлівага паганца» бізунамі, але той «рассыпаўся пчоламі», якія зляцелі прэч пад здзіўленыя позіркі манарха і ягонай світы. [95] Kulczycki S. Chrzest Litwy: pogląd nowy // Христианизация восточных славян, балтов и фино-угров в контексте общеевропейской истории. Москва, 2005. С. 77.
Ясна, што такое «паганскае дзіва» у афіцыйных дакументах асабліва не афішавалася. Не афішаваліся і факты стыхійнага пратэсту супраць пашырэння сядзёру. Тым не менш, вядома, што ў 1402 годзе недалёка ад Маладзечна быў здзейснены напад на даўжэзны абоз, які вёз у Вільню бочкі з гэтым напоем. У выніку ўвесь груз быў знішчаны.
Відавочна, што ў сельскай мясцовасці сакральнае пчалярства працягвала трымаць вельмі моцныя пазіцыі. Да таго ж недасведчанаму воку было цяжка адрозніць крывыя борці і вуллі ад звычайных. Між іншым многія вёскі, звязаныя з захаваннем традыцый сакральнага пчалярства, мелі пэўныя асаблівасці планіроўкі. Размяшчэнне дамоў і гаспадарчых пабудоваў у вёсках здавалася бессістэмным толькі на першы погляд. Насамрэч планіроўка мела сістэму – з вышыні птушынага палёту вёска нагадвала пчаліныя соты, каля якіх віўся рой. Дый самі назвы вёсак гаварылі за сябе: Свята-Бортнікі, Крыўскія Борцічы, Мядоўка Наская, Старыя Мядовічы, Пчаліныя Крывічы ды іншыя. На жаль, за доўгі час бальшыня гэтых вёсак знікла, а тыя рэдкія, што захаваліся да нашага часу, даўно маюць вулічную планіроўку і саветызаваныя назвы.
У часы княжання Вітаўта фармальна назіралася панаванне каталіцкай царквы, якая кіравалася з Польшчы. Але рэальная карціна была больш стракатай, бо ў кожным намесніцтве, утвораным замест колішніх удзельных княстваў, абавязкова ствараліся пасекі крывых пчолаў. Нездарма Мікола Гусоўскі ў сваёй знакамітай паэме «Песня пра зубра» называў эпоху ўладарання Вітаўта «залатым векам». Сакральнае пчалярства, існуючы, па сутнасці, у паралельнай культурна-ідэалагічнай прасторы, не зазнавала пераследу і ўціску. У многіх мясцінах нашай тагачаснай краіны сталі амаль адкрыта спраўляць старажытны абрад пчалінай ініцыяцыі, як немаўлятаў, так і дарослых людзей. Іншым разам гэты абрад пракудлівым чынам спалучаўся з абрадам хрышчэння. Дапаўшы да беларушчыны, людзі зазнавалі праўдзівае шчасце. У гонар Вітаўта, які ўсталяваў такі парадак рэчаў, складаліся песні і хвалебныя оды:
Ідзе Вітаўт па вуліцы
А за ім лятуць пчаліцы
Слаўны князь Вітаўт,
Слаўны наш Пчаляру,
Слаўна нашае Пчалярства!
Або:
Слава Вітаўту літвіну,
Што вярнуў вальносць пчаліну.
Каб не Вітаўт наш літвін,
Гулі б пчолкі між купін . [96]
У апошнім разе, відавочна, маюцца на ўвазе балотныя купіны, то бок робіцца намёк на вымушанае паўпадпольнае існаванне сакральнага пчалярства ў ранейшыя часы.
Калі Вітаўт збіраўся каранавацца і прывячаў шматлікіх гасцей, ён меркаваў навярнуць многіх з іх у беларушчыну. Каб пераканацца ў гэтым, варта толькі зазірнуць у меню каранацыйнай гасціны, якое захавалася ў «Кроніцы Быхаўца»: «Y koli tyie hosty u welikoho kniazia Witolta byli, y kniaź weliki Witolt dostatok dawał im weliki, y wychożywało na nich obrokow na kożdy deń: medu syczenoho sem sot boczok, okrom muszkatel y win y małmazey, y innych pitey rozmaitych; a jałowic sem sot, baranow, weprow sem sot, żubrey po szestdesiat, łosey po stu, krome innych rozmaitych zweryn i innych mnohich mias y domowych potreb». [97]Пэўна ж нездарма ў пераліку напояў і страваў на першым месцы згадваецца «мёд сычоны». Але каранацыя з вядомых прычын так і не адбылася. Тыя, хто за час гасцявання паспеў абеларусіцца, раз’ехаліся па дамах, дзе без новай падпіткі беларушчына неўзабаве вычхнулася з іх.
Пасля смерці Вітаўта ў краіне насталі цяжкія часы. З 1432 па 1439 год палыхала вайна, якую гісторыкі называюць феадальнай грамадзянскай вайной. Часцей за ўсё яе характарызуюць як дынастыйную з істотнай прысутнасцю канфесійнага чынніка, вылучаюцца два бакі канфлікту – феадалы-каталікі на чале з Жыгімонтам Кейстутавічам і праваслаўныя феадалы на чале са Свідрыгайлам Альгердавічам, які сам быў каталіком. Аднак такую трактоўку вайны 1432–1439 гг. варта прызнаць павярхоўнай, касабокай і кульгавай. Ужо ў сярэдзіне XV ст. з гісторыі гэтай вайны была выкраслена трэцяя сіла – войска вялікага пчаляра Някраса.
Читать дальше