Мяркуецца, што да часу вызвалення Полацка адносіцца з’яўленне вайсковай песні, дзе ёсць наступныя радкі:
З пчалінымі раямі і зброяй у руках
Батура павядзе нас, зарэе горда сцяг.
Усыплем мы гарачых у сраку баўдыру —
Зласліваму сабаку – маскоўскаму цару . [125]
Калі адзін з лазутчыкаў напеў гэтую песню Івану Жахліваму, той невымоўна ўгневаўся і закрычаў: «Какая собака? Не позволю про царя такие песни петь!». [126] Бунша И.В. Казусы с царем Иваном Грозным. Тверь-Владимир, 1993. С. 90.
Лішне казаць, што стала з лазутчыкам у выніку ўспышкі царскага гневу.
Пакуль войска на чале з Батурам вызваляла Полаччыну, у Масковію быў закінуты двайнік Рыгора Осціка – аднаго з прадстаўнікоў прамаскоўскай партыі ў магнацкім асяроддзі Вялікай Літвы. Велікакняжацкія спецслужбы выкрылі яго сакрэтныя сувязі з маскоўскім дваром, але вырашылі да часу не рабіць з гэтага галасу і выкарысталі наяўную інфармацыю ў сваіх мэтах. Складаную ролю Осціка выконваў адзін з сакральных пчаляроў Смяян Вуль. Справіўся ён са сваёй працай выдатна, бо ў Маскве ніхто не западозрыў падмены, што адразу ж развязала яму рукі і дазволіла выехаць у сяло Каломенскае, дзе пад бокам царскай рэзідэнцыі знаходзіўся «некоторый терем-теремок», у якім захоўваліся кантрольныя ўзоры пчузяў для магчымага далейшага іх развядзення.
Смяян пусціў той церам з агнём, а галоўнага цярэмнага ключніка разам з «книгами учеными» узяў у палон і супольна з ім тэрмінова рушыў у раён Дамадзедава, дзе чакаў бацян-фенікс, які хутка даставіў іх у Вялікую Літву. Там ужо высветлілася, што ключнік працаваў у цераме не з уласнага жадання: маскоўскія ўлады паставілі яго перад выбарам – супрацоўніцтва або абвяшчэнне ерэтыком і смерць. Ён выбраў супрацоўніцтва і стаў адным са стваральнікаў пчузяў. У Вільні вырашылі захаваць яму жыццё і выслалі на востраў Готланд. Кнігі ж з «суполным реестром» непажаданых напрацовак паўсталі перад судом. Гэта быў адзін з рэдкіх у вялікалітоўскай юрыдычнай практыцы выпадкаў, калі падсуднымі выступалі нежывыя прадметы. Вырак быў суворы: усе томікі атрымалі па паўсотні бізуноў, пасля чаго іх пасеклі шаблямі, спалілі, а попел «на битым гостинце развеяли». [127] Касуга А. Смяян Вуль – забыты беларускі герой // Віленская шуфляда. Вільня, 2006. С. 62.
Як за ўдалую аперацыю быў адзначаны Смяян Вуль, на жаль, застаецца невядомым.
Тым часам войскі на чале са Сцяпанам Батурам цалкам вызвалілі поўнач Беларусі і скіраваліся на Пскоўшчыну. У атачэнні Батуры меліся таленавітыя прапагандысты, кола якіх стварыла песню, якая павінна была мінімізаваць хваляванні пскавічан з нагоды прыходу ў іх землі іншаземнага войска:
Песней пчел на сто верст осеняется
Порубежный скупой кругозор.
Принимай нас, Псковщизна-красавица,
В ожерелье прозрачных озер! [128] Гоблач Г. Прапагандысцкая песня з асяродзьдзя Сьцяпана Батуры // Мы цяпер далёка. Мюнхэн, 1966. С. 11.
Аднак паход за «рубы литовския» не атрымаўся. Калі горад Вялікія Лукі здаўся сам, то Пскоў упарта супраціўляўся, і нават крывыя пчолы нічога з гэтым зрабіць не змаглі. Вышэйшыя колы Вялікага княства Літоўскага вырашылі адмовіцца ад новых тэрытарыяльных набыткаў, але не маглі ў той час голасна заявіць пра гэта. Таму ўвосень 1581 г. імі быў справакаваны лёгкі голад сярод ваяроў Сцяпана Батуры – разам з урэзаным аб’ёмам правіянту пад Пскоў было дастаўлена шмат «фасак» (бочак) з сядзёрам мязговым. Разлік апраўдаў сябе – войска стала моцна наракаць, і уладар пастанавіў павярнуць назад у Вялікае княства Літоўскае. [129] Довнар-Запольский М.В. История Белоруссии. Минск, 2003. С. 113.
У 1586 г. Батура памёр пры загадкавых абставінах. Хутчэй за ўсё, ён быў атручаны на загад спаланізаваных вярхоў. Для іх іншаземны манарх, які сімпатызаваў беларушчыне і быў гатовы пад гудзенне крывых пчолаў асабіста ісці ў бой з джальніцкім мячом, выглядаў непрымальным дзікунствам.
Новы ўладар Рэчы Паспалітай Жыгімонт Ваза быў зацятым каталіком. Ён не толькі заахвоціў контррэфармацыю, але і скіраваў намаганні на выкараненне «паганскіх перажыткаў». Пад апошняе паняцце, безумоўна ж, падпадала і сакральнае пчалярства. Каб пазбегнуць імаверных татальных рэпрэсій, бальшыня сакральных пчаляроў легалізавалася, далучыўшыся да т. зв. «народнага хрысціянства». Гэтак у праўладных сілаў выбівалася з-пад ног падстава для пераследу. Зразумела, што ў праваднікоў рэпрэсіўнай палітыкі маглі быць і запасныя варыянты дзеяння. Можна было абрынуцца на ўсіх пчаляроў, што выйшлі з лесу, абвесціць іх хрост ілжывым, абвінаваціць у чараўніцтве і пакараць. У аднаго з дарадцаў Жыгімонта Вазы быў падобны план. Аднак, калі праблему сталі вывучаць з розных бакоў, то выявілася, што ў народзе ўсе сто працэнтаў пчаляроў лічацца чараўнікамі. Іх знішчэнне немінуча падаравала б эканоміку Вялікага княства Літоўскага, бо пчалярства давала не толькі мёд, але і каштоўную стратэгічную сыравіну – воск, які пастаўляўся ў Заходнюю Еўропу. «Потужни окономы» хутчэй задушыліся б, чым спынілі бы прыток прыбыткаў ва ўласныя кішэні.
Читать дальше