Я часом домневаю, што вояки,
Чый гурт од конвакаций не прыйшол,
Не стали порстью, як твердять поляки,
Але ся обернули роем пчол . [150] Мароз Ю. Узоры беларускай паэзіі XVIII ст. у смаленскім друкаваным зборніку «Студеная былина, боярин» (1750 г.) // Беларушчына ў свеце. Варшава, 2008. С. 171.
Верагодна, што пад «канвакацыямі» паэт разумеў Варшаўскі канвакацыйны сойм, у рамках якога і адбылася памянёная Генеральная канфедэрацыя.
Так ці інакш, але драматызм сітуацыі, справакаванай пастановай 1696 г. нельга прымяншаць. Беларускі гісторык Тарас Фіялкоўскі зараз даследуе лёсы вялікалітоўскіх паслоў, што ўдзельнічалі ў заканадаўчым афармленні забароны старабеларускай мовы. Яго вельмі складаная праца яшчэ далёкая ад завершання, аднак ужо зараз вымалёўваецца карціна, якая ўзрушвае да глыбіні душы – ніводны з паслоў, чый лёс Фіялкоўскаму ўжо ўдалося прасачыць, не памёр сваёй смерцю. Нехта падаў разам з канём і разбіваўся, пад кімсьці ламаўся трывалы мост, кагосьці душыла раптоўная ліхаманка, камусьці не атрымлівалася выбрацца з полымя пажару, які ахапіў толькі яго пакой, некага знаходзілі мёртвым у ледзяной глыбе пасярод лета. У большасці выпадкаў крыніцы фіксавалі на кожным канкрэтным месцы здарэння наяўнасць графічнага ці іншага знака, які нагадваў пчалу. Фіялкоўскі мяркуе, што паслам помсцілі, і помста гэтая не была сінхроннай, а расцягнулася на доўгія гады. Многіх яна заспявала знянацку, калі здавалася, што ўсё добра і стабільна. Даследчык нават адшукаў афарызм, які паходзіць з пчалярскага асяроддзя і яскрава адлюстроўвае сутнасць тых драматычных падзеяў: «Помста – гэта той мёд, што найбольш смакуе, пракіснуўшы». [151]
Але звернем увагу на цытаваны вышэй верш 1706 г. Згодна з ім людзі ператвараюцца ў пчолаў. Гэты вобраз перагукаецца з вобразам язычніка, які асмеліўся пакпіць з Ягайлы, а потым «рассыпаўся пчоламі». Узнікае пытанне: гэта толькі мастацкі прыём або гаворка пра звышнатуральную ўласцівасць? Адказаць адназначна цяжка. Згадак пра пярэваратняў, якія абарочваліся пчоламі, у старабеларускай традыцыі вобмаль. І тым больш сімптаматычна, што шэраг рэдкіх ацалелых сведчанняў належыць шведам, якія ваявалі на беларускіх землях у час Паўночнай вайны 1700–1721 гг. Шведскія салдаты тут часта «ласаваліся надзвычайнай колькасцю мёду», які нават называлі па-тутэйшаму «miod». [152]Відавочна, што ім часцей за ўсё трапляўся звычайны мёд, а не мёд крывых пчолаў. Зрэшты, нельга выключаць і тое, што да паходу праз Вялікую Літву шведы адмыслова падрыхтаваліся і мелі ў сваім рыштунку нешта, што нейтралізавала ўздзеянне на іх джалаў крывых пчолаў і іхнага мёду. Даследчык Пятро Петразолін лічыць, што нейтралізацыя адбывалася, дзякуючы асаблівай шведскай гарэлцы, моцна настоенай на палыну, фенхелю і журавінах, сабраных на шведска-фінскім этнічным памежжы. [153]У кожным разе, выпадкаў пчалінай беларусізацыі шведаў у той перыяд амаль не назіралася. Магчыма, што гэта іх непадатлівасць крывым пчолам, лішні раз узмацняла перакананасць беларускіх сялян у тым, што шведы – чараўнікі. Але нават «чараўнікам» даводзілася нямала здзіўляцца, калі добраахвотныя праваднікі з ліку тутэйшага люду раптоўна ператвараліся ў пчолаў, якія зляталі прэч, пакідаючы атарапелых шведскіх жаўнераў сярод лясной глушы ці балотных купінаў. Гэта неаднойчы здаралася з імі ў розных кутках Вялікай Літвы – на Магілёўшчыне, Піншчыне, пад Смургонямі ды шмат дзе яшчэ.
Шведскі мемуарыст Густаў Адлерфэльд, апавядаючы пра старабеларускае бортніцтва, звярнуў увагу на розныя прыстасаванні, пры дапамозе якіх бортнікі адганяюць мядзведзяў. Але ён забыў згадаць пра тое, як пчаляры адганялі ласых да мёду шведаў. У лесе пад Баркулабавым знаходзілася пасека, якую 10 ліпеня 1708 г. выкрыў шведскі выведніцкі атрад. Сярод салдат быў і Свантэ Свантэсан, які пазней ва ўспамінах расказаў пра падзеі таго дня: «Знайшоўшы лясную пасеку, мы дужа ўзрадаваліся, бо нішто так з тутэйшых прадуктаў не ўздымала нам настрой, як мёд. Сустрэў нас пахмурны чалавек, якога мы адразу палічылі за пчаляра. Карлсан, што трохі ведаў мясцовую простую мову, звярнуўся да пчаляра з просьбай даць мёду. Папрасіў ён дакладна ў такой манеры, як быў навучаны раней адным гаспадаром: «Miod na stol staulai!» . Мы нават збіраліся часткова заплаціць пчаляру за пачастунак. Але ён быў не вельмі схільны да размоваў з намі. Давялося пад’ехаць да яго ўшчыльную, каб трохі прыгразіць. Не мовіўшы ні слова, ён тут жа разляцеўся на ўсе бакі пчалінымі раямі, толькі вопратка засталася і ўпала долу. Спачатку мы спужаліся гэтага дзіва, але потым супакоіліся, бо пчолы не вярталіся, а мёду нам хацелася па-ранейшаму. Нашы пазлазілі з коней і пакінулі мяне, як наймалодшага, за вартавога. Таму я з боку назіраў за тым, як Карлсан і ўсе іншыя асцярожна ступілі на пасеку і скіраваліся да вулляў. Мяне здзівіла, што паміж пчаліных хатак, проста пасярод пасекі, стаяў высокі драўляны крыж. Быў ён, нібыта і хрысціянскім, і адначасова не зусім хрысціянскім. Мне стала трывожна. Ледзьве нашы дакрануліся да вулляў, як неба азарылася маланкамі. Да таго ж яны білі дакладна па нашых. Ува што яны ператварыліся нават успамінаць не хочацца. Жывымі засталіся толькі я і Карлсан, якога маланка не ўдарыла, але адкінула так, што ён вылецеў з пасекі быццам шалёная птушка. Паплакалі разам ды паехалі да асноўнага войска, дзе сказалі камандзірам, што атрад загінуў у няроўнай сутычцы з расійцамі. А самі яшчэ доўга і бясплённа думалі аб прычынах здарэння». [154]
Читать дальше