Як вядома, мангола-татары за рэдкім выняткам абмінулі старабеларускія землі. Аднак, напрыклад, Гомій быў імі захоплены і спалены блізу 1239 г., а ў сярэдзіне ХІІІ ст. яны амаль дайшлі да Менску (легендарная бітва пад Крутагор’ем). Ёсць падставы меркаваць, што гэтыя падзеі адбыліся ў часе эксперыментальных наскокаў мангола-татарскіх войскаў, якія выпрабоўвалі адмысловыя сродкі супраць крывых пчолаў. «Гомійскі летапісец», якім яшчэ ў XVIII ст. меў шчасце карыстацца расійскі гісторык Васілій Тацішчаў, паведамляе, што «татарове пришедше под Гомий, имали у обозе своим Болдуна-колдуна, тобто чаровника». Чараўнік Балдун быў узяты імі ў выправу невыпадкова: «Паны вси татарськия зведомье о пчелах наших имали а не хотели жодной повтраты войска свойго тут достати. А того ради чаровник вышпоменованый заклял чарами власными пчел наших, иже повренулися вси ув ос и в землю нашу ся закопали». [72]Верагодна, што аналагічным чынам была нейтралізавана абарона і ў часе паходу мангола-татараў на Менск. Праўда, пад Крутагор’ем яны ўсё адно былі спыненыя. Цікава, што ўяўленне пра заклён як спосаб ператварэння пчол у восаў захавалася ў народнай традыцыі надоўга.
А вось крыжакі ў адрозненні ад мангола-татараў чараўніцтва не прыймалі і дазвалялі сабе безразважныя рэйды, як за шэсць стагоддзяў перад тым рабілі остготы. Лівонскі храніст Балтазар Швейгер апавядае, што недзе ў 20-ыя гг. ХІІІ ст., з Рыгі ў полацкія землі быў адпраўлены атрад крыжацкіх навабранцаў. Выправа была не столькі ваенным паходам, колькі азнаямляльнай экскурсіяй. Яе маршрут праходзіў удалечыні ад ключавых аб’ектаў, якія звычайна цікавілі крыжацкіх агрэсараў. Верагодна, гэта рабілася дзеля таго, каб паказаць навічкам дзікасць краю, які трэба навярнуць у каталіцкую веру. І вось гэтыя горкія юнакі выпадкова прыехалі да таемнай лясной пасекі.
«Рыцары маладыя не разумелі толкам, што за відовішча адкрылася перад іх вачыма, – піша Швейгер. – Пасярод высокай і густой крапівы стаялі дамкі-калоды. Ад дамка да дамка хадзіў тубылец, апрануты ў дзіўныя шаты, і пасыпаў кожны дамок зямлёй». Крыжакі сталі міжвольнымі сведкамі магічнага рытуалу, які здзяйсняў пчаляр, каб засцерагчы пчолаў ад розных сурокаў, псоты і сіндрому нечаканага пералёту ў іншыя мясціны. Сведкі, агоўтаўшыся ад першага здзіўлення, вырашылі папужаць «тубыльца» і змусілі сваіх коней адначасова заіржаць. Пчаляр скалануўся ад неспадзяванага конскага іржання, але не настолькі, каб пачаць дрыжаць ці заікацца, як спадзяваліся немчыкі: «І павярнуўся да іх тубылец той, і кінуў пад капыты конскія жменю зямлі, што ў руках трымаў. Пачалося нешта неймавернае для сэрца хрысціянскага. Крапіва расступілася на ўсе бакі і паўстала вакол, быццам дрэвы карабельнага лесу. Вочы тубыльца свяціліся чырвоным агнём бясоўскім. З дамкоў-калод павыляталі пчолы і з’ядналіся міжсобку так, што ўтваралі сабой агромністую постаць чалавечую. Апантаны д’яблам падняў руку і сказаў вершнікам на сваёй гаворцы: «W tzuzij Medok ne suj Chabatok!» . Пасля гэтых страшных словаў пчаліныя раі той самай постаццю рушылі на нашых навабранцаў і сталі пляжыць іх, як бы сапраўдны гігант пляжыў». Пасля выхаваўчага сеансу крапіва расступілася, а крыжакі паскакалі ў Рыгу. Зверхнікі Лівонскага Ордэна былі нямала здзіўленыя той акалічнасцю, што навабранцы, вярнуўшыся з Полаччыны, доўгі час на пытанне: «Што здарылася?» адказвалі па-крывіцку: «A trastze jeho wedaje!» . [73]Пазней многія з гэтага атраду перабеглі да полацкіх князёў або літоўскіх кунігасаў.
У часы жорсткіх феадальных міжусобіц крывыя пчолы не здолелі перамагчы ўзаемную варажнечу князёў Старое Беларусі. Магчыма, гэта быў свядомы выбар захавальнікаў традыцый сакральнага пчалярства, і яны не дазвалялі раям крывых пчолаў умешвацца ў барацьбу, помсцячы за страту свайго ранейшага становішча. Інакш цяжка вытлумачыць, чаму пчаляры сталі спрыяць аб’яднанню нашай разарванай на шматкі Радзімы толькі з сярэдзіны ХІІІ ст. Тое, што заснавальнік Вялікага княства Літоўскага Міндоўг быў вылучэнцам сакральных пчаляроў, ускосна пацвярджаецца адной з формаў яго імя, якая сустракаецца ў першай вядомай на сёння згадцы пра яго на старонках «Галіцка-Валынскага летапісу» – Мидогъ . [74] Грушевський М. Хронологія подій Галицько-Волинського літопису // Записки Наукового товариства ім. Шевченка. Львів, 1901. Т. 41. С.16.
Гэта нішто іншае, як перакручаны на пісьме варыянт мянушкі Мядок.
Фармаванне асновы будучага Вялікага княства Літоўскага адбывалася з выкарыстаннем крывых пчол. «Тайны летапісец вялікіх князёў літоўскіх» паведамляе, што ў аб’яднаўчых выправах Міндоўга амаль заўсёды ўдзельнічалі «исполины литовские, крывские, ятвяжские, якие конно ехали, а на спинах власных мевали борти з пчолами. Пчол оных везли, абы навертать всих до уму а разуму кревности». [75] Тайный летописец Великих князей Литовских. Рукапіс з прыватнага збору гомельскага калекцыянера старасветчыны Стывенсана Я. П. Пагінацыя адсутнічае.
У некаторых выпадках замест «исполинов» (рэальных асілкаў, волатаў) выкарыстоўваліся фурманкі, якія складалі доўгі княскі абоз. Можна меркаваць, што крывыя пчолы значна палегчылі працэсы аб’яднання разрозненых балта-славянскіх земляў. Абрад далучэння да Вялікага княства Літоўскага спалучаў у сабе не толькі джаленне люду адмысловымі пчоламі, але і частаванне іхным мёдам. Звесткі пра гэта перажылі стагоддзі і бытавалі нават у XVIII ст. Напрыклад, у ацалелых фрагментах інтэрмедыі навучэнца Нясвіжскага езуіцкага калегіума Самуіла Беркута «За чаканнем мядоў» (1753 г.) сустракаецца наступны пасаж:
Читать дальше