Выбітны рымскі пісьменнік, навуковец і дзяржаўны дзеяч Магн Аўрэлій Касіядор у сваёй працы «Гісторыя готаў» (першая трэць VI ст.) паведамляў пра остгоцкага караля Вінітара (у іншых крыніцах – Віцімір), які ўладарыў у IV ст. і вызначыўся войнамі супраць антаў. Сярод народаў, якія ў рымскай традыцыі называліся антамі, былі і жыхары тагачасных беларускіх абшараў. Акурат яны і патрапілі пад удар войскаў Вінітара, які не верыў, што «месца гарадоў займаюць у іх балоты і лясы». Аднак нашы продкі «доўга ўхіляліся ад бітвы, завабліваючы остготаў углыбкі сваёй краіны». «Вінітар усцешана вёў сваё войска па іх землях, – чытаем у Касіядора. – Кароль остгоцкі быў пэўны, што перамога ім ужо здабытая, таму не адразу зразумеў, што яго зацягнулі ў пастку. На шляху остгоцкага войска не было ніводнага горада ці хаця б нават котлішча. Войска імчала следам за ворагам і ўрэшце апынулася на полі бітвы, якім стала агромністая лясная паляна. Ці не ва ўсіх вакольных дрэвах былі дуплы, дзе жылі страшныя анцкія пчолы. Вінітар і яго ваяры адразу не скемілі, што за гуд стаіць над мясцовасцю, думаючы, што гэта меланхалічныя спевы ворага, асуджанага на паразу. Але неўзабаве з’явіліся шматлікія пчаліныя раі і напалі на войска остгоцкага караля. Уджаленыя ваякі перакідваліся на бок антаў, гатовыя ваяваць супраць свайго нядаўняга ўладара. Вінітар гэта зразумеў і паспяшаўся ўратавацца ўцёкамі, бо станавіцца ласкавым братам анцкага правадыра Божа ніяк не жадаў». [54] Материалы, относящиеся к истории древних готов. Москва, 1888. С. 96.
Разам з невялічкім атрадам Вінітар здолеў уцячы і пазбег пчаліных джалаў. Фактычная параза яго вельмі засмуціла і ён склаў план помсты: новы паход быў прызначаны на зімовы час, калі пчолы спяць, а «анты святкуюць свае календы». У святочную пару нашы продкі і былі заспетыя знянацку новым остгоцкім войскам, якое «біла ўсіх ад мала і да веля, а найбольш тых, хто крычаў песні пра пчол». Остготы перамаглі. Але нават і тады нейкая частка іх войска «перавярнулася ў антаў, неабачліва паспытаўшы напояў, зробленых з мёду страшных анцкіх пчол». Для агульнага застрашэння Вінітар загадаў спаліць некалькі лясоў, у дуплах дрэў якіх зімавалі пчолы. Борці з адрэзкаў бярвён, якія належалі асабіста правадыру Божу, былі ўтопленыя ў Данапрысе, дзе адмыслова для гэтага высеклі вялізныя палонкі. Самога правадыра, а таксама 70 старэйшын, сярод каторых меліся і пчаляры, остготы распялі на ліпах. [55] Там сама. С. 97.
Відавочна, што чужынцам не аднойчы даводзілася сустракацца на землях старажытнай Беларусі з такой пагрозай, як крывыя пчолы. Таму звесткі пра іх хоцькі-няхоцькі траплялі ў тагачасны працы, прысвечаныя вайне і ваеннай справе. Візантыйскі гісторык Пракопій Кесарыйскі ў кнізе «Вайна з готамі» (VI ст.) пісаў пра нашых продкаў: «Ідучы ў бой, большасць з іх рушыць на ворагаў са шчытамі і дроцікамі ў руках, панцыраў жа яны ніколі не апранаюць. Некаторыя з іх не носяць ні хітонаў, ні балахонаў, а адны толькі порткі з шырокім поясам, і ў такім выглядзе сягаюць на бітву з ворагамі. Не з прычыны глупства ўласнага робяць так, а таму, што за імі маса пчол незвычайных, якія заўжды дапамогуць у бітвах». [56] Хрэстаматыя па гісторыі сярэдневякоўя / Пад. рэд. Стасюлевіча Я., Байкоўскага К. Мінск, 1950. С. 293–294.
Падобнае знаходзім і ў «Стратэгіконе» Псеўда-Маўрыкія (VI ст.): «Змагацца са сваімі ворагамі яны любяць у месцах, парослых густым лесам, у цяснінах, на абрывах. З выгодай для сябе выкарыстоўваюць засады, раптоўныя атакі, хітрасці, вынаходзячы і ўдзень, і ўначы мноства разнастайных спосабаў. Дасведчаныя вельмі ў выкарыстанні баявых пчолаў, якія больш нідзе, апрача вярхоўяў Барысфену, не вядуцца. Невядома, ці тыя пчолы самі такімі нараджаюцца, ці іх адмыслова выхоўваюць у ваярскім духу. Зрэшты, апошняе здаецца чыстай казкай, як і тое, што пчаляры знаюцца ў чараўніцтве». [57]Тое, што Псеўда-Маўрыкію здавалася казкай, для нашага краю было пракаветнай традыцыяй. Паводле народных уяўленняў пчаляры валодалі звышнатуральнымі (знахарскімі, чарадзейскімі) здольнасцямі. Іх занятак успрымаўся як пастаянная камунікацыя з «тагасветным», якая здзяйснялася з дапамогай пчолаў. [58] Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік. Мінск, 2004. С. 400.
На жаль, з найстаражытнейшых крыніцаў нельга даведацца пра іншае прызначэнне крывых пчолаў, акрамя абароны ад чужынскай агрэсіі. Самая ранняя пісьмовая звестка пра іх выкарыстанне ў рытуальных мэтах звязваецца з Х ст. У асобных спісах «Хронікі» Рэгінона Латарынгскага згадваецца «нялюдскі паганскі звычай», які быў уласцівы «крывітэнам» ( criviteni ). «Гэтыя крывітэны не хрысцяць сваіх немаўлят, але нясуць да пчаляра, каб той акунуў дзіцятка ў цэбры з мёдам. Пасля таго малое кладзецца ў адмысловую гушкалку і пакідаецца сам-насам з роем дзікіх пчол. Пакуль хаця б адна пчала не ўджаліць дзіця, яго бацькам не вяртаюць. Пчолы ў іх адметныя: джалячы каго-небудзь, не паміраюць. Крывітэны лічаць, што такі дзікунскі звычай умацуе ў дзецях паганскую веру, прышчэпіць любоў да Крыўі (Crivia) і яе вычварнай гаворкі. Узімку, калі пчолы спяць, дзетак толькі акунаюць у мёдзе, і бацькі ў сваёй паганскай аблудзе нясцерпна чакаюць вясны, каб аддаць сыночка ці дачушку пад пчаліныя джалы. Брыдка, калі хрысціянскія прапаведнікі трапляюць пад уплыў такіх баек і ахвотна гукаюць пчол выйсці са спячкі», – паведамляе Рэгінон. [59]
Читать дальше