Як бачна, у старабеларускім тэксце пчолы называюцца «бчолы крывыя». Інтэрпрэтаваць гэта можна не толькі ў сэнсе «няправільныя», «няслушныя», але і ў значэнні «тыя, што звязаныя з крывамі (крэвамі), крывіччынай». Верагоднасць такога сэнсу Мілн (ці невядомы нам пасярэднік) чыста выпусціў з пад увагі. Між тым аўтар «Дыярыуша» у своеасаблівым пралогу падкрэсліў: «А был бы дыярыуш оный па-полску албо навет лациною списаный, кабы не бчол крывых покусы, завдяки кторым я, грешная душа, до своевицы ся повернул». Безумоўна, пададзены эпізод і прызнанне аўтара лягчэй за ўсё трактаваць як барочныя вымудры. Аднак на сённяшні момант ёсць усе падставы сцвярджаць, што «крывыя бчолы» былі рэальнасцю не толькі XVIII ст., але і іншых часоў – як ранейшых, гэтак і больш позніх.
Першыя згадкі пра крывых пчол (будзем іх так называць дзеля зручнасці) сягаюць у сівую мінуўшчыну. Відаць, што яны існавалі ўжо ў VI ст. да н. э. і выкарыстоўваліся нашымі далёкімі продкамі неўрамі як сродак абароны ад чужынцаў. Вядома, што неўры з шэрагам іншых народаў нашай часткі Еўропы адмовіліся дапамагаць скіфам у ваенным канфлікце з персідскім валадаром Дарыем: «Калі б вы раней не зрабілі крыўды персам і не пачалі ваяваць з імі, тады б мы ўважылі вашу просьбу слушнай і з ахвотай дапамаглі б вам. Аднак вы без нашай дапамогі ўварваліся ў зямлю персаў і валодалі ёю, пакуль боства патурала гэтаму. Цяпер жа ж боства спрыяе ім, і персы жадаюць адплаціць вам гэтак жа». [49] Герадот. История. Ленинград, 1972. С. 213.
Аднак персідскія войскі ў сваім пераследзе скіфаў не зважалі на тое, хто з народаў стаў скіфскім хаўруснікам, а хто не. Калі даваць веры «бацьку гісторыі» Герадоту, то персы здолелі застрашыць неўраў і прымусілі іх адступіць на поўнач. Але малавядомы сёння Герадот Малодшы (або ў памылковым сярэднявечным напісанні – Герадзот) [50] Традыцыя называе яго пазашлюбным сынам Герадота (верагодна, ад жанчыны з племені будзінаў). Герадот Малодшы ўсё свядомае жыццё імкнуўся выпраўляць бацькавы памылкі. У часе адной са спрэчак з нагоды інтэрпрэтацыі падзеяў паходу Дарыя І на Вялікую Скіфію ён выкрыкнуў Герадоту: «Бацька, ты тут не адзін!».
аспрэчваў слушнасць такога апісання падзей: «Застрашыўшы андрафагаў, персы скіраваліся ў зямлю неўраў, мяркуючы і там пасеяць досыць страху. Аднак набліжаючыся да Неўрыды, яны ўбачылі шчыльную сцяну, якая дзіўна гула. Пра гэтае дзіва ніхто з праваднікоў раней не паведамляў. Персы наважыліся падыйсці бліжэй і былі моцна ўражаны ўбачаным відовішчам: памянёную сцяну ўтварала незлічоная колькасць пчолаў. І Дарый, і яго дарадцы згадалі, што неўры слылі чараўнікамі, а цяпер пераканаліся ў гэтым на ўласныя вочы. Калі здарылася, што некаторыя пчолы ўджалілі некалькіх воінаў, то ўсе зразумелі, што пчолы няпростыя, бо, уджаліўшы, не паміралі, а працягвалі лятаць і пагрозліва гусці. Але і гэты цуд не быў цудам у параўнанні з тым, што ўджаленыя персідскія воіны раптоўна для ўсіх пераходзілі на гаворку неўраў, звяртаючыся да пчолаў: «Ні баі сін, ісмі драўгу» («Νί βάί ςίη, ίςμί δράυγυ»). Гэта азначае: «Не бойся, я – друг». Разумеючы, што перайсці пчаліную сцяну без шкоды для войска немагчыма, персы вырашылі пакінуць неўраў у спакоі». [51]
Старажытнарымскі гісторык Аней Салюстый Крэбс, які жыў на мяжы старой і новай эры, сцвярджаў, што беглы гладыятар, які ўзначаліў найбуйнейшае ў гісторыі Рымскай дзяржавы паўстанне рабоў (І ст. да н. э.), паходзіў не з Фракіі, а з Неўрыды – «тых земляў, адкуль бярэ пачатак Данапрыс ( Danapris )», то бок Дняпро. Паводле яго сведчання Спартак «шанаваў пчалінага бога сваёй радзімы» і часта прыгадваў «чароўны мёд, пчолаў Неўрыды, які саладзіў вусны яго супляменнікаў, робячы іх мову найпрыгажэйшай у свеце». Апошняя тэза вельмі раздражняла Анея Салюстыя і ён характарызаваў яе як «праяву неўтаймоўнай барбарскай пыхі». Аднак не зважаючы на падкрэслена халоднае стаўленне да Спартака, рымскі гісторык усё ж стараўся быць аб’ектыўным у падачы фактаў. Паміж іншага ён прывёў і іншыя словы Спартака, калі той звяртаўся да рабоў-паўстанцаў: «Будзьма, як пчолы маёй далёкай радзімы! Джальма ворага і не памірайма! Джальма ворага двойчы, тройчы і не памірайма!». [52]Дарэчы, Аней Салюстый называў і сапраўднае імя Спартака – Znaidenius , што можа цалкам адпавядаць фальклорнаму беларускаму «Знайдзён», пацвярджаючы вылучную архаічнасць казачнага вобраза Івана Знайдзёна. [53] Беларуская міфалогія: энцыклапедычны слоўнік. Мінск, 2004. С. 418.
Читать дальше