2004 г.
«Пчолачкі гудуць…», або Кароткая гісторыя крыўскага сакральнага пчалярства
У 1855 г. краязнавец Павел Шпілеўскі у часопісе «Зори Замоскворечья» апублікаваў даволі дзіўную беларускую легенду. Сам аўтар публікацыі называў яе народнай прыпавесцю («простонародная притча»). Згодна з легендай, калі першыя беларусы жылі ў раі, Бог пасадзіў недалёка ад іх жытла два сады. І ў адным, і ў другім садзе раслі яблыні і грушы. Аднак у першым гэта былі дзічкі, а ў другім акультураныя («гойныя») дрэвы з сакавітымі салодкімі пладамі. Дрэвы ў абодвух садах выраслі вельмі хутка, бо «як жэ ж іначэй? Бог віць саджаў». Першых беларусаў Бог адразу папярэдзіў, што ў ніводзін сад яны не павінны «тачыць насоў». Акрамя папярэджання, Ён абгарадзіў кожны сад высокім парканам. Але як толькі сады «ўвабраліся ў красу і сілу» беларусам стала мутарна – «так пладоў божых паспытаць хацелі». Спачатку дужа баяліся, але потым асмеліліся пайсці ў сад, дзе раслі дзічкі. Яны разважылі, што «калі Бог угневаецца і стане на іх сварыцца, так за дзічкі яго гнеў і сварка будзе меншаю, ніж за салодкія яблыкі і грушы». Беларусы з цяжкасцю перабраліся праз паркан, назрывалі кіславатых пладоў і наеліся імі, ажно ледзь дыхалі і мучыліся ад «джагі» (пякоткі). У такім стане Бог і заспеў іх. Ён не праяўляў вонкава свой гнеў і не лаяўся на бедакоў. Але сказаў: «Як вы панадзіліся ў дзічкі, дык адцеперся самі будзеце такімі, бытта гестыя дрэвы». Не, Бог не ператварыў беларусаў у дзічкі фізічна, але зрабіў іх дзічкамі свядомаснымі. І ад тых часоў, падводзіць рысу легенда, «беларусам, каб душа іх слодыччу і сакавітасцю беларушчыны напоўнілася, трэба рабіць прышчэпку». [43]
Ні ў тэксце легенды, ні ў каментарах да публікацыі не тлумачыцца, якая прышчэпка патрэбна беларусам-дзічкам , каб адчуць сябе сапраўднымі беларусамі. Не зусім зразумела таксама паходжанне легенды. Ва ўступным слове Павел Шпілеўскі месцам запісу называе вёску Мамутовічы, «лежащую в бескрайних красотах с отрочества милого Белорусского края». Між тым у каментарах пэўныя моўныя асаблівасці легенды ён называе «характерными для народных говоров окрестностей Слонима». Але каля Слоніма вёскі з назвай Мамутовічы ў ХІХ ст. не было. Відавочна, што Шпілеўскі нешта недагаворваў або папросту сам стварыў стылізацыю пад народную легенду.
У кожным разе і сюжэт, і агульны каштоўнасны пасыл гэтага твору ўражваюць сваёй сімволікай і глыбокім сэнсам. Апроч таго, што тут ці не ўпершыню ў нашай гісторыі ўжываецца паняцце «беларушчына», твор вельмі востра ў алегарычнай форме адлюстроўвае адно з выклятых пытанняў беларускай ідэі: пытанне мовы і этнічнай свядомасці. Гэта тое самае пытанне, якое ў правакацыйнай форме ў 2009 г. паставіў перад чытачамі свайго блога тульскі беларус Уладзімір Васькоў: «Ужо прыкладна 450 гадоў намаганні зрабіць беларускую мову «роўнай сярод роўных» ні да чаго ні прывялі. Як не хацелі людзі ў сваёй масе на ёй пісаць, так і не хочуць. Цікава, ці зменіцца нешта ў бліжэйшыя 50 гадоў? Ці мы апошнія з магікан?». [44]Гэта тое самае пытанне, якое ў 1891 г. ставіў перад чытачамі сваёй «Дудкі беларускай» Францішак Багушэвіч: «Божа ж мой, Божа! Што ж мы за такія бяздольныя. Якаясь маленькая Булгарыя – са жменя таго народу – якіясьці Харваты, Чэхі, Маларосы… маюць па-свайму пісаныя і друкованыя ксёнжачкі і газэты, і набожныя, і смешныя, і слёзныя, і гісторыйкі, і баячкі; і дзеткі іх чытаюць так, як і гавораць, а ў нас як бы захацеў цыдулку ці да бацькі лісток напісаць па-свойму, дык, можа б, і ў сваёй вёсцы людзі сказалі, што «піша па-мужыцку», і як дурня абсмяялі б!». [45]
І сёння, і сто гадоў таму, і ў часы Паўла Шпілеўскага, не зважаючы на розны маштаб пашыранасці беларускай мовы, пытанне застаецца адным і тым жа: які імпульс змушае раптоўна навяртацца (або вяртацца) у беларушчыну інертных, схільных падпадаць пад староннія культурныя ўплывы жыхароў Беларусі?
Загадка прышчэпкі беларускасці заставалася да нядаўняга часу не толькі неразгаданай, але і слаба прыкметнай у дыскурсе беларускай ідэі. Сучасны культуролаг Панас Сівабародзька лічыць, што прышчэпка з легенды Шпілеўскага, гэта адно вобраз парадаксальнага збегу грамадска-палітычных, сацыяльна-эканамічных і рэлігійна-культурных абставін, у выніку якога частка беларусаў губляе сваю інертнасць і падатлівасць староннім уплывам. Доктар медыцынскіх навук Альберт Зёлкін мяркуе, што ў легендзе зашыфравана праблема недахопу ёду ў арганізмах беларусаў. На яго думку, маторамі беларускага руху заўжды былі тыя ўраджэнцы Беларусі, якія спажывалі шмат ёдаўтрымальных прадуктаў: «Недарма асноўная маса нашых адраджэнцаў паходзіла са шляхты – шляхта мела больш магчымасцяў сілкавацца прадуктамі, якія ўтрымліваюць ёд». Рэдактар газеты «Х-схроны» уфолаг, Аскольд Мянжынскі сцвярджае, што прышчэпку з легенды трэба ўспрымаць амаль літаральна. «Беларускі праект – гэта толькі частка вялікага эксперымента, які ставіць магутная іншапланетная цывілізацыя, – заяўляе ён. – Па невядомым крытэру іншапланетнікі абіраюць жыхароў Беларусі, дастаўляюць іх ў сакрэтныя лабараторыі на адной з касмічных станцый, змяняюць фармат іх свядомасці і потым вяртаюць назад. Большасць з тых, хто прайшоў праз гэта, нічога не памятае і спрабуе растлумачыць свой зварот да беларушчыны нейкімі рацыянальнымі довадамі, якія пераважна выглядаюць досыць смешна». [46] Беларуская прышчэпка для тутэйшай дзічкі: круглы стол 29 лютага 2008 г. // Новая Атлантида. 2008. № 1. С. 18–31.
Читать дальше