Як бачна, разбежка ў меркаваннях вельмі шырокая. Аднак пры ўсёй павазе да аўтараў ніводная з гэтых версій пры ўважлівым звароце да гістарычных крыніц не вытрымлівае ніякай крытыкі. Зрэшты, перш, чым выкласці свой добра абгрунтаваны і падмацаваны сур’ёзнай крыніцавай базай пункт гледжання, хацеў бы ўзгадаць пэўную гісторыю з уласнага дзяцінства. У пачатку 1980-х гг., на схіле брэжнеўскай эпохі, калі я быў маленькім чатырохгадовым жэўжыкам, са мной здарылася бяда. Было гэта ў вёсцы Гарысты Веткаўскага раёна. Падчас цётчынага вяселля я з кімсьці шлындаў па вясковых вулках і ўрэшце апынуўся на чыёйсьці прысядзібнай пасецы. Мне ўпершыню давялося бачыць пчаліныя хаткі . Я зачаравана глядзеў на вуллі і на мітусню пчолаў на прылётных дошках каля ляткоў. Дзіцячая прага да эксперыментаў спарадзіла недаравальнае жаданне наступіць на пчаліную мітусню нагой. Ніхто ж не папярэдзіў, што так рабіць нельга. Пчолы наляцелі на мяне, і я на сваёй малечай скуры спазнаў, як яны «боронять ульев своих».
Боль і шок выцерлі з маёй памяці ўсё, што адбывалася са мной адразу пасля пчалінай атакі. Але напэўна акурат тады я назваў абаронцаў вулляў няправільнымі пчолкамі («Няправільныя пчолкі наторкалі іголкі», – неяк так сказаў я). Цяжка меркаваць, паўстала гэтая характарыстыка ў маёй галаве цалкам самастойна ці пад уплывам культавага савецкага мульціка пра мядзведзя Віні-Пуха і яго сяброў. Аднак з вышыні сённяшніх гадоў я ўпэўнена кажу, што тады выпадкова прайшоў адмысловую ініцыяцыю праз джаленне сапраўды спецыфічных беларускіх пчолаў – тую самую прышчэпку беларушчыны з легенды Шпілеўскага. [47]Мне даўно здавалася, што нешта з гэтым джаленнем не так. Але толькі нядаўнія архіўныя і букіністычныя знаходкі пацвердзілі мае самыя смелыя здагадкі.
Вядомая даследчыца Серафіма Скрыдлеўская здолела адшукаць фрагменты барочнага раману пачатку XVIII ст., стылізаванага пад дзённікавыя запісы сярэдняга беларускага шляхціца. Захаваўся і загаловак гэтага ўнікальнага твору – «Дыярыуш о деях размоитых пана Михала Винярскага-Пуховскаго а вшеляких другах онаго, суполный реестр яковых велекроть надалей пререкается». Нават павярхоўнае знаёмства з гэтымі фрагментамі дае магчымасць сцвердзіць, што аўтар кнігі «Віні-Пух» Алан Аляксандр Мілн быў не проста знаёмы са старабеларускім раманам (ці нейкім яго спісам), але і пазычыў з яго многія пасажы, набор персанажаў, перамяніўшы, што праўда, бальшыню вобразаў з чалавечых на звярыныя: Віні-Пух ( Winnie-the-Pooh ) – Міхал Вінярскі-Пухоўскі, Свінчо ( Piglet ) – Ян Багуслаў Свінка, Тыгра ( Tigger ) – Палямон Рысінскі, Трусік ( Rabbit ) – Юры Дзямід Караль Трусевіч, Крыстафер Робін ( Christopher Robin ) – Крыштаф Радзівіл. Пакідаючы адмыслоўцам праблему далейшага высвятлення паралеляў між гэтымі творамі, прапаную звярнуцца да цікавага ўрыўку, які тычыцца няправільных пчолаў (у Мілна – the wrong sort of bees ).
Дазволю сабе працытаваць даволі абсяжны кавалак старабеларускага тэксту з пэўнымі арфаграфічнымі і сінтаксічнымі праўкамі. Міхал Вінярскі-Пухоўскі захацеў мёду дзікіх пчол і ўскараскаўся на высознае дрэва, у дупле якога пчолы жылі. Седзячы на галіне, ён стаў беспаспяхова ўдаваць з сябе хмару, якая зачапілася за вяршаліну. Асцерагаючыся пчолаў, Міхал папрасіў свайго сябра Крыштафа Радзівіла чытаць малітву на дождж. Вось жа: «Пан Крыштоф не ведал оной молитвы, але ж барздо скемил, што требо робити, и зачал спевати: «Богародзицо, дзевице, богославена Марыя! У твекго сына, кгосподзина матко зволена – Марыя! Зычы ж нам, спусти ж нам переливных дощов!». Бчолы стали ся поводить еще боле дивным обычаем, и я мусел теж распочати спев:
Над Литвою хмары хмурно ходять,
«Баяров» скачуть, карагоды водять,
Карты раскладають, у фараона гуляють,
Древы хистають, за голье ся чепляють.
Бчолы, як дотоле гудбарыли велми дивно. Колькидзесят оных вылетели з дупла и оточыли мя з усих строн. Една ж з онаго роя села мне на кирпу и уджалила боляче, што я ледва стрывал того глума а здирства. А стрывал я катованье тое, бо дуже ся устрашыл, же бчолы ся накинут и переджгуть мя грешнаго всего чысто. Я крыкнул до пана Крыштофа, даючи ему зведомье, же бчолы, кторыя оточыли мя, крывыя бчолы суть. И же се пчолы, кторыя мед крывый вычварають. Пан Крыштоф постал в подиве немалом. Я хотел был злезти долу, але убоялся. Волал пану Крыштофу, абы той з мушкета люб ручницы стрелил и перебил галину, на кторой я восседал. В превеликих сумненьях пукнул друг мой ласкавый ажно з гаковницы, мало не вынес мне стегна полову. Я заляментовал, а бчолы крывыя стали мя джалити люто. Пан Крыштоф пукнул з гаковницы еще раз, перебил галину и дал мне ратунку од тых бчол крывых». [48] Дыярыуш о деях размоитых пана Михала Винярскага-Пуховскаго. Прыватная бібліятэка Серафімы Скрыдлоўскай. Пагінацыя адсутнічае.
Читать дальше