— А яна незвычайная. Так змянілася. Ты ж цяпер яе дакладна не адпусціш, будзеш за ёй цягацца, як той кот за валяр'янкай.
— Бывай, Маша, — прамовіў Грынкевіч і пайшоў да Анны і Гюнтара.
Ён ужо сядзеў за столікам і спрабаваў надаць размове нязмушанасці, бо сыходзіць не мела сэнсу, калі ў кавярню са слязьмі на вачах зноў уварвалася Маша.
— Ніколі яна цябе не кахала. І цяпер не пакахае! Ты ёй непатрэбны, хіба так, пагуляцца. Можа пакуляецеся пару разоў, як у былыя часы. Бывайце здаровы! — выпаліла яна, як з кулямёта.
Донна Анна і дон Атавіа канчаткова запэўніваюцца ў тым, што Джавані нешта ад іх хавае і таму не заслугоўвае даверу.
І з плачам выйшла з кавярні. Гюнтар, які не ведаў усіх акалічнасцяў, але адчуваў, што гаворка ідзе пра нешта непрыемнае, запытальна глядзеў то на Анну, то на Грынкевіча. Анна спрабавала захоўваць спакой, але вусны ў яе напружана сціснуліся. Грынкевіч сказаў, што яму, відаць, усё ж варта сысці, расплаціўся па сваім рахунку і пайшоў дадому. Было яшчэ тры гадзіны да спектакля, і ён паспяваў праверыць, ці не ўчыніла Маша развітальны пагром у яго жытле. Але ўсё было нармальна, без разбурэнняў. Дзяўчына яўна дасягнула духоўнага прагрэсу, бо калі яна з'язджала з N два гады таму, то выбіла шкло ў акне на кухні.
Донна Эльвіра сыходзіць.
Рэчытатыў «Povera sventurata!».
На спектаклі ён зноў сустрэўся з Аннай і Гюнтарам, але наўмысна заняў месца ў зале падалей ад іх. Затое ён апынуўся побач з Ірынай, якая нават не павіталася. Ён, тым не менш, павітаўся сам і завёў свецкую размову. Дзяўчына спачатку рэагавала напружана, але потым зрабілася больш прыязнай. Грынкевіч шапнуў, што Маша з'ехала з канцамі.
— Ты дасі мне шанец? — запытаўся ён.
— Бадай што апошні, — шапнула Ірына.
Дон Джавані пасля сыходу Эльвіры таксама спяшаецца адкланяцца, маўляў, яму трэба суправаджаць гэтую нешчаслівіцу, каб яна чаго не нарабіла.
У антрактах ён падыходзіў да Анны. Яны мелі хвілінаў пяць, калі Гюнтар адышоўся. Грынкевіч не ведаў, як выкручвацца пасля прыкрай сцэны ў кавярні і ці варта нешта казаць пра Машу. Аднак Анна загаварыла сама.
— Я не ведала, што ў вас з Машай такая доўгая гісторыя выйшла.
— Яна паехала за мной у N, хоць я яе не клікаў, — адказаў Грынкевіч і падаў сінапсіс гэтай лаў-сторы.
Анна слухала з іранічнай паўусмешкай і нічога не каментавала. Гюнтар вяртаўся да іх, у яго прысутнасці згадкі пра мінулае былі ўдвая недарэчнымі. Грынкевіч пайшоў у залу на сваё мёсца, бо ўжо даўно далі другі званок. Ён дастаў мабільнік і напісаў СМС: «Я клікаў цябе, а прыехала яна. І гэта самая вялікая недарэчнасць у маім жыцці».
Ён асобна выбачаецца перад доннай Аннай і кажа, што заўсёды да яе паслугаў і яго дом заўсёды для яе адчынены.
Сядаючы, ён зірнуў у той бок залы, дзе ўладкавалася Анна са сваім спадарожнікам. Яна таксама глядзела на яго — са здзіўленнем, нават са збянтэжанасцю, як быццам змест СМС яе занадта ўразіў. «Пазней пагутарым. пра ўсё», — адказала яна СМСкай ужо позна ўначы.
Дон Джавані сыходзіць.
Сцэна XIII
Дон Атавіа і донна Анна.
№ 10: Акампанаваны рэчытатыў і арыя «Don Ottavio, son morta!».
Донна Анна раптоўна пазнае ў доне Джавані таго самага незнаёмца, які ўначы прабраўся ў ейны пакой і потым забіў бацьку. Дон Атавіа моцна гэтым уражаны, бо, напэўна, сапраўды лічыў Джавані сваім сябрам, хоць у свавольніка і кепская рэпутацыя.
Донна Анна пачынае распавядаць дону Атавіа пра падзеі той трагічнай ночы. Яна была ў пакоі адна, калі туды ўвайшоў нейкі мужчына, загорнуты ў плашч. Спачатку Анна прыняла яго за Атавіа, бо той жыве ў доме Камандора на правах жаніха. Але неўзабаве яна зразумела сваю памылку.
Анна пераказвае падзеі: незнаёмец моўчкі падыходзіць да яе і хоча абняць, яна вырываецца. Ён наступае — яна крычыць. Але ніхто не ідзе. Нягоднік тым часам адной рукой закрывае ёй рот, а іншай абдымае з такой сілай, што ёй робіцца блага. Атавіа дапытваецца: што потым? Анна кажа, што ўрэшце яна апрытомнела і вырвалася з рук незнаёмца.
Тады Анна стала гучней клікаць на дапамогу. Нягоднік зразумеў, што трэба ўцякаць, але яна пабегла за ім, у двары нагнала і схапіла за плашч. Ёй давялося самой і нападаць, і абараняцца. На крык Анны прыбягае бацька, адбываецца бойка на шпагах... І злачынца забівае старога Камандора.
Донна Анна цяпер прагне помсты. Імя забойцы вядомае, і ён павінен адказаць за свой учынак.
.можна меркаваць, што яны былі знаёмыя даўно, да таго, як пачалося ўласна дзеянне гэтай драмы. Можна меркаваць таксама, што Анна калісьці была захопленая Джавані, нават занадта захопленая, чаго не магла сабе дазволіць дачка Камандора дый увогуле шляхотная паненка тых часоў.
Читать дальше