Сыч нехаця падышоў да Фядула, сагнуўся і штосьці шэптам спытаў.
— Ідзі ты ў балота! — злосна гыркнуў на яго таўстун.
Хлопец з нунчакамі тым часам павярнуўся да дзяўчыны, пра якую ўсе на некаторы час забыліся.
— Ты тутэйшая? — спытаўся ён памякчэлым голасам.
— Не, я ад сяброўкі ішла… Я з цэнтра.
— То давай давяду да прыпынку, — прапанаваў хлопец.
Дзяўчына згадзілася, узяла яго пад руку, і яны горда рушыліся з поля бітвы.
Праціўнікі з баязлівай нянавісцю глядзелі ім услед.
Бабулькі, кабеты і паасобныя дзеці, што сталіся мімавольнымі сведкамі вышэйапісанай сцэны, атрымалі небывалую асалоду.
— Правучылі нарэшце падонкаў… Знайшлася і на Мамая сякера… Цяпер будуць знаць… Трэ было яшчэ ўсыпаць мардатаму… Я б іх зусім пастраляла… — шалахцелі над снежнымі гурбамі радасныя галасы.
21
— Цябе як зваць? — спытаўся хлопец, калі яны завярнулі за рог дома.
— Света. А цябе?
— Сяргеем.
З хвіліну, пакуль спускаліся з пагорка па замеценых снегам сходах, яны памаўчалі.
— Ты пару тыдняў пастарайся сюды не хадзіць, — сказаў Сяргей, — каб яны на цябе забыліся.
— А я ўсё адно тут рэдка бываю. — Дзяўчына, ідучы поруч, краем вока прыглядалася да новага знаёмца. Гэта ёй не вельмі ўдавалася, павярнуцца ж і разглядаць хлопца пільней было няёмка.
— З гэтымі паршыўцамі толькі дубцом размаўляць можна. Іначай не разумеюць… Нічога, калі я закуру? — Ён спыніўся і запусціў руку пад зімовы плашч.
— Нічога, — усміхнулася Света.
Хлопец дастаў з унутранай кішэні пачак “Космасу”, падпаліў і вярнуў цыгарэты ў кішэнь. За гэты час дзяўчына нарэшце разгледзела свайго спадарожніка: някідкі, худы, але валявы твар; з пад шапкі высоўвалася светлая чупрына; апрануты ў сціплы шэры плашч, такога ж колеру штаны і карычневыя чаравікі. Нічога асаблівага. Толькі позірк, які Сяргей пару разоў кінуў на яе спадылба, быў надзвычай выразны — жартаўліва-сур’ёзны, праніклівы. Нібы іранізаваў гэты позірк і з яе, і з сябе, і з усяго свету.
— Слухай, а ты з гэтымі дубцамі заўсёды ходзіш? — Света кіўнула на сумку.
— Не заўсёды, але часцяком. І недарэмна, як бачыш. Хаця трэба б не з дубцамі, а з пісталетам ці аўтаматам хадзіць. Ты ж бачыла, яны яшчэ вагаліся, калі я таўстапуза паклаў. А каб стрэльнуў з якой зброі, яны б уміг паабпісваліся. Ладна. Хадзем… Табе на гэты прыпынак? — Ён паказаў рукой на павець, што стаяла метрах у ста наперадзе.
— Ага, — сказала Света і ўзяла хлопца пад руку.
Па тратуары, яшчэ ненатаптаным пасля завірухі, яны прасоўваліся марудна. Снег у некаторых месцах быў ледзь не па калена.
— Дык кажаш, у цэнтры жывеш? — спытаўся Сяргей, калі яны наблізіліся да прыпынку.
— Так. Недалёка ад цырка.
— Так-так… — Хлопец паглядзеў на купку людзей, што чакалі аўтобуса, затым ступіў на праезджую частку і зірнуў па баках. — Ну што, Света. Дрэнь нашы справы — абедзенны перапынак зараз, аўтобуса паўгадзіны правалэндаць можна.
І праўда, на гэтым раёне з транспартам было тугавата. Ён і ў гадзіну пік хадзіў не надта шчыльна.
— Ну, пачакаем. — Святлана паправіла на плячы сумачку. — Ці як?
Яе спадарожнік не адказаў, паколькі ўсё ўзіраўся ў чараду легкавікоў, што крыху запавольвалі свой ход перад прыпынкам, за якім стаяў святлафор.
Праз хвіліну ён гучна свіснуў і замахаў рукамі. Тут з агульнага патоку машын вылучыўся чырвоны “жыгуль” і пад’ехаў да броўкі. Сяргей самавіта падышоў да яго і адчыніў пярэднія дзверы.
— Шэф, да цырка падкінеш? — пачула Света.
Неўзабаве яны, уладкаваўшыся на заднім сядзенні, імчалі па заснежаным горадзе.
— Глядзі, — сказаў Сяргей, — колькі ўжо праехалі, а ніводнага аўтобуса не напаткалі. Во саўдэпія подлая! Не любяць у нас просты народ, што ж ты паробіш.
— А я, бывала, адразу на канцавую ішла, там лягчэй можна сесці…
— Гэта… тры прыпынкі назад? — здзівіўся Сяргей.
— Ага.
— Ну, ты маладая, ты можаш… А што ж нам, старым, рабіць? — перавёў ён на жарт і тут жа звярнуўся да вадзіцеля: — Праўда, шэф, не любіць наша дзяржава людзей…
Пажылы вадзіцель прамаўчаў.
— Ну ды табе нішто. Табе яшчэ і лепей, каб транспарт радзей хадзіў. Твой хлеб…
— Гары ён гарам такі хлеб, — прабурчаў дзядзька. — Больш бензіну спаліш, чым накалыміш. Ды паспрабуй пасядзі дванаццаць гадзін крукам.
— Гэта яшчэ што! — разгаманіўся Сяргей, чым крыху бянтэжыў Святлану, нязвыклую да такой развязнасці. — А як сядзе ззаду якая пачварына ды на шыю — зашмаргу, ды цела — у кювет… Ха-ха-ха! Народзік цяпер не дай Бог. Во Светка ведае! — Ён падміргнуў дзяўчыне.
Читать дальше