Яніс падышоў да піцерца, які нядаўна закончыў партыю і цяпер разваліўся ў прывольным крэсле, адпачываючы.
— Добры вечар, — сказаў ён з характэрным для прыбалтаў расцягваннем і прапяваннем галосных. — Мяне завуць Яніс.
— Вечар добры, — адказаў піцерскі злодзей і, нечакана для сябе, падняўся і працягнуў руку: — Яраслаў.
Яніс суха парукаўся з ім сваёй халоднай далонню і з расстаноўкай прамовіў:
— Мне сказалі, вы не супраць правесці са мной партыю. Таму хачу найперш давесці пра ўмовы, на якіх я гуляю. Калі яны вас, Яраслаў, не задаволяць, то проста разыдземся па розных сталах. Згода?
— Чаму ж не задаволяць… — хітравата зірнуў на яго піцерац. — Давай…це, выкладайце вышыя ўмовы. — (За тры дні ён яшчэ нікога не называў тут на “вы”.)
— Умовы мае вельмі простыя: я згаджаюся гуляць не болей як тры партыі, гэта ўсе тут ведаюць. — Яніс абярнуўся да людзей, што згрудзіліся каля іх.
— Так… Праўда… Ён гуляе па тры партыі… Гэта праўда… — адразу ж раздаліся разнамасныя галасы.
— Ну, тры дык тры, — паблажліва ўсміхнуўся Яраслаў. Яго пачынала няёмчыць гэтая цырымонія, ён быў чалавек справы.
— Агульная мая стаўка, — як аўтамат працягваў Яніс, — звычайна не перавышае тысячы долараў.
— Гэта мала, — рашыў казырнуць піцерац. — Давайце па пяцьсот. Тры партыі, па пяцьсот кожная.
— Ладна, — пасля трохсекунднай паўзы згадзіўся прыбалт. — Але з адной агаворкай: першая — трыста, другая — пяцьсот, трэцяя — семсот.
— Гэта яшчэ навошта? — падазрона зірнуў на яго сапернік.
— А калі хто прайграе першыя дзве, у яго застанецца шанц амаль усё адыграць у трэцяй, — патлумачыў Яніс. — Але, паўтараю, толькі тры партыі. Вы чулі, спадары? — Ён ізноў звярнуўся да акаляючых.
— Так… чулі… тры партыі… каб усё сумленна…
— Вы згодныя з маімі ўмовамі, Яраслаў? — Яніс пільна і нават строга зірнуў будучаму саперніку ў вочы.
— Ды згодны, згодны. Давайце распачынаць. — Піцерцу карцела як найхутчэй збіць гонар з гэтага самаўпэўненага лабуса; да таго ж ён няўтульна пачуваўся, калі змушаны быў размаўляць на прыстойнай (не прыблатнёнай) гаворцы, якую неяк няўзнак навязаў яму прыбалт.
— І яшчэ, — роўным голасам дадаў пунктуальны Яніс. — Права першага ўдару я звычайна разыгрываю жэрабем.
— Ды што за праблема! — нецярпліва ўзмахнуў рукой піцерац. — Ды я вам саступаю разбіваць першаму. Давайце ж толькі хутчэй!
— Не, — сур’ёзна сказаў гэты невыносны педант, — толькі жэрабем. Так будзе справядліва. Іначай я не магу пачынаць.
— Ды ладна, ладна… — Тут Яраслаў хацеў мацюкнуцца, але невядомая сіла яго стрымала, і ён прабурчаў: — Як вам заўгодна.
Яніс спрытна зняў пінжак, аддаў яго маркёру і застаўся ў чорнай камізэльцы. Піцерац ужо даўно быў у адной кашулі. Ад вялікага згушчэння народу ў празмерна нагрэтай зале было душнавата і на мясістым твары Яраслава блішчалі кропелькі поту.
Анатоль Гарун, стаіўшыся за спінамі прысутных, з нянавісцю пазіраў на гэты таўсматы твар. Яго вар’явала, што піцерац не абцірае пот насоўкай, як усе людзі, і той перыядычна капае на кашулю, стол і падлогу.
Кінулі жэрабя манетай. Прычым манету падкідваў старонні чалавек. Упала яна на сукно стала і вызначыла першым разбіваць піцерцу. Перш чым нанесці ўдар, ён прыдзірліва агледзеў і падправіў піраміду, затым карцінна адышоўся ад стала, прысеў, заціснуў кій паміж каленямі і жвава пацёр далонь аб далонь. А тады імпэтна наблізіўся да стала, элегантна прыгнуўся, нацэліў кій і няўлоўным тычком стукнуў па шары. Той смачна ўрэзаўся ў піраміду, слізгануў па адным з першых шароў і накіраваўся раўнютка ў правую бакавую лузу.
У памяшканні, дзе на колькі секунд устанавілася цішыня, пасля ўдалага шара раздаўся шэпт захаплення. Гарун адвярнуў твар ад стала і пакутліва зморшчыўся. І толькі Яніс застаўся як быццам зусім абыякавы. Ва ўсякім выпадку, ніводзін мускул не таргануўся на яго бледным халодным твары. Ён адно адышоўся яшчэ далей ад стала, даючы магчымасць саперніку дзейнічаць у поўную волю.
А Яраслаў, натхнёны выдатным пачаткам, раскачагарыўся і стаў заганяць шары адзін за адным. Тым больш што піраміда разбілася на рэдкасць удала, і асобныя шары раскаціліся на стопрацэнтныя пазіцыі.
Ух, як хваляваўся ў гэты час Анатоль Гарун. Ён нават забываўся на свае службовыя абавязкі і пару разоў атрымаў вымову ад кліентаў, што гулялі на суседнім стале і якіх ён мусіў абслугоўваць. Рукі Гаруна падрыгвалі, на нервовым абліччы раз-пораз праступалі сляды страшнай унутранай барацьбы, ён нават крадком свідраваў вачыма шары, якія мерыўся даслаць Яраслаў у лузу, каб сурочыць. Але гэта не дапамагала. Піцерац яўна злавіў кураж і ўпэўнена набліжаўся да перамогі.
Читать дальше