– Але ж і ў каталікоў жорсткая цэнтралізацыя – Ватыкан. Што наогул пярэчыць хрысціянскай ідэі…
– Ва ўсякім выпадку, Рымскі папа – гэта толькі духоўны лідэр. І ён не асацыіруецца з нейкім уяўным еўрапейскім імператарам, што прагне кіраваць сотнямі народаў. Ці не так?
– Як табе сказаць… – задумалася Галя. – І ў каталіцтве было шмат перакосаў: інквізіцыя, крыжовыя паходы…
– Аднак яны ў гэтым пакаяліся.
На пару хвілін паміж суразмоўнікамі ўстанавілася няёмкае маўчанне. Было толькі чуваць, як тарахціць на супрацьлеглым беразе прагулачны катэр, ды нешта соўгаецца на будпляцоўцы перад царквою.
– А ўсё ж дзіўна, наколькі магутная, наколькі жыццястойкая ідэя хрысціянства, – падаў голас Васіль. – Чаго ніяк не ахопіць мой розум, дык тое, што чалавек, які быў бадзягам, амаль жабраком, які не меў над галавою сталага даху, з якога пасміхаліся і якога закатавалі насмерць, – гэты чалавек праз амаль дзве тысячы гадоў з’яўляецца самым багатым, самым вядомым, самым паважаным на зямлі чалавекам. Неверагодна!
– Ты пра Хрыста?
– Так. Ты паглядзі толькі: сотні самых магутных уладароў свету сышлі ў зямлю, дзесяткі дыктатараў, тыранаў, што кіравалі мільёнамі людзей, пахаваны ў нябыце. Іхняе багацце, улада, слава – пайшлі на тло. І хто пра іх узгадае цяпер добрым словам? Яны такія ж малаўплывовыя на масы, як героі пасрэдных кніжак. Яны – пустое слова… – Сурмач перавёў дух. – А Ён, гэты бядняк, туляга, мае цяпер сотні тысяч найбагацейшых палацаў – храмаў, да Яго ў сваіх малітвах звяртаюцца мільёны. Ён, які цураўся ў жыцці багацця і ўлады, валадарыць лепшай, самай цывілізаванай, паловай свету. Парадокс! Але гэта так.
– А гэта і ёсць Боскі цуд, Вася. Божая воля, – з захапленнем загаварыла Галя. – Мы чамусь памылкова ўяўляем цуд як нешта звышнатуральнае: прывіды, лятаючыя талеркі, фокусы там разнастайныя. А не бачым самага сапраўднага цуду, які адкрыў нам Гасподзь у вобразе свайго Сына. Ты ўдумайся: усё, што пакінуў нам гэты Чалавек – словы. Прычым ён нічога не надрукаваў. Але сіла тых слоў была настолькі каласальная, што яны перадаваліся з вуснаў у вусны ў геаметрычнай прагрэсіі і літаральна перавярнулі сусвет. Ён не імкнуўся іх увекавечыць, ён проста тварыў імі дабро. Але яны, Словы, на сёння надрукаваны тыражамі, непараўнальнымі з тыражамі самых геніяльных пісьменнікаў. Ці гэта не цуд?
Васіль хацеў быў штосьці сказаць, але ад узрушэння не мог хутка сфармуляваць сваю думку.
– Цяпер спрачаюцца, якая рэлігія найбольш правільная, – доўжыла Галя. – А яны ўсе правільныя, бо дадзены таму ці іншаму народу ад Бога і неабходныя таму ці іншаму народу на пэўным этапе развіцця. Але ж для мяне няма сумненняў, што самай магутнай з іх, самай перспектыўнай, прагрэсіўнай і чалавечнай з’яўляецца хрысціянства.
– Ну, мусульмане з табой не згодзяцца…
– Я доўга разважала над гэтым. А адказ, Вася, ляжаў на паверхні. Ды ты сам яго ведаеш. Паглядзі аб’ектыўна: увесь цывілізаваны свет – хрысціянскі. Толькі там вышэй за ўсё цэніцца чалавечае жыццё, толькі там навука і мастацтва дасягнулі напраўду боскіх вышынь.
– Цывілізацыя – гэта яшчэ не абсалютны крытэрый высокадухоўнасці, – запярэчыў Васіль. – Святыя людзі, наўсперач, сыходзілі ў лес і жылі дзікунамі.
– Правільна, сыходзілі, каб вярнуцца і даць нам святло, прагрэс, веды. Ды што там навука! – з захапленнем гаварыла Галя. – Навука і сапраўды можа мець негатыўны бок… Але вазьмі культурную сферу. Усе колькі-небудзь значныя творцы – альбо самі з’яўляліся перакананымі хрысціянамі, альбо жылі ў краінах з глыбокімі хрысціянскімі традыцыямі. Нават тыя, хто называў сябе атэістам, мімаволі сілкаваліся ад культурніцкай аўры хрысціянскіх краін, дзе яны тварылі. А яўрэйскі народ! Такі таленавіты амаль ва ўсіх жыццёвых сферах, ён дасягнуў вельмі сціплых поспехаў у літаратуры, мастацтве, музыцы. Я маю на ўвазе творцаў-іудзеяў. Барыс Пастарнак быў з сям’і хрышчаных яўрэяў і працаваў у рэчышчы рускай праваслаўнай культуры. А гэта, між іншым, адзіны яўрэй, на якога можна смела прымяраць вянец мастацкай геніяльнасці.
– А Шагал, Левітан? – спытаўся Сурмач. – Ды, наадварот, на яўрэях усё мастацтва трымаецца...
– Не думаю, што гэтыя постаці супараўнальныя з Мікеланджэла ці Рэмбрантам… Да таго ж сумняваюся, ці былі Шагал з Левітанам перакананымі іудзеямі... – сказала Галіна. – Хаця – не! Левітан быў іудзеем, і нават строгім. Успомніла: ад таго на яго карцінах і няма людзей. А чалавек, яго душа – самае складанае і цікавае для мастака; толькі праз яго, чалавека, можна да Бога наблізіцца. Іудзейства забараняе маляваць людзей. Хрысціянства – адчыняе гэтыя вароты, дае нам творчы прасцяг. Ад нязгаснай духоўнай аўры Хрыста сілкаваліся і сілкуюцца сотні тысяч літаратараў, мастакоў, музыкаў; ільвіную долю лёсавызначальных для сусветнай культуры мастацкіх твораў далі нам хрысціяне. Гэта неаспрэчны факт.
Читать дальше