Гэтая прыгода правяла ў Васілёвай душы даволі сур’ёзную ператасоўку. Па-першае, яму начыста расхацелася бегчы дамоў поначы ў адной кашулі і гальштуку, бо гэтак можна не толькі скалець, а і быць заарыштаваным за такі выгляд органамі правапарадку. Світэр Сурмач, як цяпер успаміналася, зняў у час застолля з-за духаты. Па-другое, уласныя паводзіны, а асабліва рукапрыкладства ў дачыненні да Зосі Шальговіч, бачыліся ўжо не такімі і правільнымі. Ён толькі зараз дапяў, што ўпершыню ў жыцці ўдарыў жанчыну. Па-трэцяе, арганізм пераходзіў у тую стадыю ап’янення, калі розум ужо досыць цвяроза ацэньвае рэчаіснасць, але не толькі не выдзяляе з яе ніводнае станоўчае эмоцыі, а, наадварот, займаецца самабічаваннем, хваравітым аналізам толькі што перажытага, здзейсненага.
Васіль пэўна знаў, што такі ўнутраны стан асабліва цяжка пераносіцца на адзіноце. Ён страшэнна не любіў самаедства і плаксівай меланхоліі. Вярнуцца ж да Шальговіч ён прымусіць сябе не мог… “Мяркулаў! – угодліва стукнула ў галаву. – Папрашу ў яго цыгарэт!” Так, цыгарэты былі важкай падставай, каб заявіцца да чалавека ў першай гадзіне ночы. “Да таго ж сам зайсці прапаноўваў”, – пераконваў сябе Сурмач, калі выбіраўся з прыбіральні.
“Адрас, ліха на яго! – азарыла начнога вандроўніка ўжо перад радам шэрых аднастайных дзвярэй. – Я ж не ведаю нумар пакоя…” Васіль, помніцца, пару разоў баляваў у Пецькі Мяркулава, але, хоць трэсні, нават паверх не мог зараз прыгадаць. “Гэх, дзе наша не прападала!” – З гэтай адважнай думкай ён пастукаў у найбліжэйшыя дзверы. Адказу не было. Васіль узмацніў стук. Вынік быў гэтакі ж. Хлопец з прыкрасці джвагнуў напаследак нагой па вушаку і ўжо збіраўся перайсці да суседняга нумара, як з глыбіні памяшкання данёсся глухі стогн раздражнення:
– Вы што, асатанелі там?! Чаго грыміцё?! – Гэта быў, падобна, жаночы голас.
– Прабачце, людцы мае харошыя! – ветліва крыкнуў праз дзвярны шчыт Сурмач. – Мне б Пецьку Мяркулава!
– Ну займей ты сумленне, заўтра ж на работу! – далучыўся да гэтай начной гутаркі сонны мужчынскі бас.
– Мяркулава, Пецьку Мяркулава знаеце?! – цвяліў Васіль насельнікаў гэтага катуха.
– Вось я цябе завяду зараз да каменданта, п’янюга! Будзе табе і Пецька і Хведзька! – сурова басіў гаспадар. – Ідзі ў ж…у!
– Чаго ты хаміш, быдла! – пакрыўдзіўся Сурмач і прыгразіў: – Зараз падпалю дзверы!
– Ідзі на чацвёрты паверх, ён, здаецца, адтуль! – каб хутчэй пазбавіцца ад бузацёра, параіў невясёлы жаночы голас і ледзь чутна дадаў: – Каб у цябе павылазіла…
Не больш як праз пяць хвілін Васіль ужо верадзіў сон жыхароў чацвёртага паверха. На трэціх па ліку дзвярах ён такі займеў поспех.
– Мяркулаў? Пецька? – пытаўся ў яго п’яненькі саракагадовы дзядзька, што адчыніў дзверы. Да слова, за яго спінай віравала досыць бадзёрая бяседа: чулася сумесь жаночых і мужчынскіх галасоў, гітарныя пераборы. – Ды ў чатырыста семнаццатым ён! Яны там яшчэ банкет ладкавалі сёння…
– Во-во, банкет і павінен быць! – усцешыўся Сурмач. – Дзякуй вам, прабачце, што патрывожыў!
– Нічога, тутака ўсе свае людзі, – дабрадушна падміргнуў яму п’яненькі дзядзька і ўжо зачыняў дзверы, як успомніў: – Пачакай, а ў цябе пару папяросін не будзе?
– На жаль… – шчыра ляпнуў сябе па кішэнях штаноў Васіль. – Якраз у Петруся думаю і разжыцца…
Прайшоўшы некалькі метраў, ён грукнуў ва ўказаныя дзверы:
– Пятро, ты дома?! Адчыні, Пятро!..
Хутка сонны ўскудлачаны Мяркулаў паўстаў у дзвярным праёме.
– Ты? – тупа глядзеў ён на паўночнага госця. – А што здарылася?
– Прабач, дружа, – сарамліва казаў Сурмач, праціскаючыся за прыяцелем у цемрадзь пакойчыка. – Заляцеў я, чорт мяне падаткнуў! Ні грошай, ні курыва, ні адзення, ні…
– Сядай вось сюды. – Мяркулаў уключыў настольную лямпу і паказаў на адзін з ложкаў.
На другім, тварам да сцяны, кучай ляжаў апрануты мужчына.
– Гэта Говараў, з тэхбюро. Гэтак набраўся, што дамоў не дабраўся, – паясніў Пецька.
– А ты што, адзін жывеш? – спытаўся Васіль, прысеўшы. – Слухай, у цябе часам курнуць чаго не засталося? Нешта азяб я…
– Ёсць, здаецца… – Мяркулаў дастаў з верхняй шуфляды стала разбэрсаны пачак “Прымы”, паклаў на стол. – Закурвай тут, мы ўсё адно так прасмярдзелі, што за дзень не выветрыш.
– А жыву я адзін, – працягваў Пецька, адказваючы на папярэдняе пытанне. – У нас цяперака “недасяленне”, як ні дзіўна. Гэты ж корпус выключна для інжынернага, так бы мовіць, складу. А хто цяпер пасля інстытута на завод ідзе? Адны недарэкі. Памятаю, пяць гадоў таму тут перапаўненне было – месяц засяліцца не мог, а яшчэ затым два месяцы трэцім лішнім жыў у двухмесным. А зараз – раскоша: праз нумар кожны адзін жыве! Захацеў выпіць ці там, хе-хе, маладзічку – аніякіх праблем. – Мяркулаў нечакана і гучна ікнуў. – Ат, праклятае пойла… Уф-ф! Казаў жа хлопцам, каб не куплялі раённай вытворчасці. Гэта ж сівуха проста… Бр-р! – Ён сцепануў плячамі ад гідлівасці.
Читать дальше