Нейкі момант яны маўчалі, потым Соня асцярожна села, ціха папрасіла:
— Дай, калі ласка, вады... — Вярнуўшы кварту, доўга і са страхам аглядала змрочнае падзямелле, потым зноў нырнула пад коўдру.
— Соня, табе нездаровіцца? — прысеўшы побач, асцярожна спытаў Крамнёў.
— Так... нічога, — плечы яе нервова ўздрыгнулі. Нейкі момант ляжала нерухома, потым рыўком скінула з сябе коўдру і, схапіўшы руку Крамнёва, задыхаючыся зашаптала: — Вася, калі ж усё гэта скончыцца? Як толькі заплюшчу вочы, жоўтае бервяно... Божа, калі яно знікне з маіх вачэй? Няўжо так і будзе вісець нада мною ўсё жыццё?
— Пройдзе, Сонейка, пройдзе, — абняўшы дзяўчыну за плечы, прашаптаў і Васіль, стараючыся надаць свайму голасу ўпэўненасць, хоць і сам не верыў у тое, што кажа, хоць і разумеў, што і яна не верыць у праўдзівасць яго суцяшэнняў, не верыць і ўсё ж ўдзячная яму за спагаду, за шчырую цеплыню гэтых слоў, за той боль, яго, Васіля, боль, які ў ім хаваецца. Соня прыціснула руку капітана да сваёй бледнай гарачай шчакі, заплюшчыла вочы.
Скамянеўшы, баючыся паварушыцца, Васіль сядзеў каля Соні аж пакуль не пачуў яе спакойнае роўнае дыханне. Потым асцярожна вызваліў руку і ціха выйшаў з зямлянкі.
«У Маскву, на Вялікую зямлю, у шпіталь, — працягваючы думаць пра Соню, паўтараў Васіль, сам па плечы завязшы ў халоднай макрэчы. — Толькі б хутчэй прыйшоў Вайцёнак. Толькі б даць у Цэнтр радыёграму!»...
ХІ
Яны з’явіліся на выспе роўна ў поўнач. !шлі няспешна, адзін за адным, след у след. Першым — Рыгор Вайцёнак, за ім — Фама Кантаровіч. Апошнім дыбаў Ігнат Шаблюк. Усе трое былі без аніякай зброі, калі не лічыць сукаваты ядлоўцавы кій у руках старасты.
Па тым, як упэўнена спусціліся ў падзямелле Рыгор і Фама, Крамнёў зразумеў, што яны тут — не навічкі.
Падкруціўшы кнот у ліхтары, Фама Савельевіч адразу ж усеўся за сталом, а Рыгор яшчэ нейкі момант стаяў ля дзвярэй, моўчкі глядзеў на Васіля, нібы не верыў, што гэта сапраўды ён, Васька, Васіль Ьанавіч, капітан, потым рыўком абхапіў яго за плечы і заплакаў.
— Ну вось... Ну што вы? — сумеўся Васіль, стараючыся праглынуць горка-салёны ком, які раптам здушыў яго горла.
— Я так... я так... — Вайцёнак адхіліў ад сябе Васіля, паглядзеў яму ў вочы, вінавата ўсміхнуўся: — Стары стаў... Нервы... зусім развінціліся... — Рукой выцер вочы, заклапочана агледзеў «хату»: — А... а дзе ж...
— Тут я, дзядуля, тут! — саскочыла з нараў Соня, прытулілася да старога разведчыка.
— Яна!.. Белачка! — Рыгор лёгка, нібы дзіця, падняў на руках дзяўчыну, асцярожна пасадзіў на нары, прашаптаў:
— Не верыў, не верыў...
— Вось бачыце, жывая...
— Жывая! А каму ж яшчэ жыць?
— Ну што, пачнём, — азваўся Фама Кантаровіч. — Часу ў нас не так і багата, цяпер днее рана.
— Ага, пачнём, — схамянуўся Рыгор, пагладзіў залатыя валасы радысткі, на вуха шапнуў:
— Я гасцінчык прынёс табе. Ну ды потым...
— Што, дзядуля, што? — загарэлася Соня.
— Потым, потым, — загадкава паўтарыў Рыгор і паспяшаўся да стала, дзе яго ўжо чакалі Васіль і Фама Кантаровіч.
XII
Стол, адным бокам «навечна» прыкаваны да сцяны, яўна не быў прыстасаваны ні для прыёму гасцей, ні для шырокіх нарад. Таму Фама Кантаровіч заняў лаву справа, Ігнат — злева, а Крамнёву і Вайцёнку засталося месца ў цэнтры.
Соня, хоць і яе запрасілі, засталася на нарах, а потым, зняўшы са сцяны свой аўтамат, і зусім выйшла з зямлянкі.
Кантаровіч, не спяшаючыся, развязаў папку, акуратна расклаў на стале паперы, зірнуў на Вайцёнка:
— Пачнём?
Рыгор кіўнуў. Кантаровіч разгладзіў нямецкую карту-двухвёрстку, перадаў яе Крамнёву:
— Вам як начальніку штаба партызанского злучэння. Гэта — план дыслакацыі немцаў, якія акружылі Палік і Домжарыцкія балоты. Па стане на дзесятае мая. Я ўсіх вашых хітрых знакаў не разумею, усё зроблена рукою былога штабнога работніка, кадравага афіцэра, так што вы, спадзяюся, адзін аднаго зразумееце.
— Дзякую, Фама Савельевіч, — прамовіў Крамнёў і запытальна паглядзеў на Вайцёнка.
— Бяры, у мяне ёсць копія, — ціха адказаў Вайцёнак.
— Яшчэ раз — дзякую, — хаваючы карту ў планшэт, паўтарыў капітан. — Думаю, што яна мне спатрэбіцца ў самым хуткім часе.
— Дай Бог, але гэта не ўсё. Вось тут, — Кантаровіч паказаў запячатаны канверт, — спіс дыверсантаў, якіх немцы закінулі ў наш тыл — іх сто восемдзесят два, і спіс тых, хто будзе неўзабаве туды закінуты. !х — сто пяцьдзесят. Яны заканчваюць разведвальна-дыверсійную дэсантную школу. Усе — уласаўцы. Вучацца тут, у нашым раёне.
Читать дальше