— Пачакайце, — сумеўся Васіль. — Куды ж, па-вашаму, ён можа падацца... галодны і з пустымі вінтоўкамі?
— Ёсць куды. I я думаю, што ён туды зараз і кіруе.
— I далёка гэтае «куды»? — памаўчаўшы, спытаў Крамнёў.
— Далекавата. Але, — сумна ўсміхнуўся Рыгор, — думаю, што ў нас з табой сіл хопіць, каб дайсці «туды»...
Раздзел чацвёрты
Удар маланкі
I
Барсучыныя горы — дзіўнае стварэнне фантазёркі-прыроды. Рэдкая для тутэйшых мясцін гара, нібы даўно анямелы вулкан, узнялася над пушчай метраў на трыста, на амаль плоскай вяршыні якой, нібы слуп чорнай стылай лавы, стаіць чубок састарэлых ялін, што ў нейкім дзікім экстазе спляліся між сабою магутнымі калючымі лапамі.
Гару тугой халоднай пятлёй абвіла вузкая, нібы штучны глыбокі канал, рачулка — безымянны прыток Ціхай Лані, які за стагоддзі падтачыў крутыя берагі, і цяжкія цёмна-шэрыя глыбы акамянелага вапняку грозна вісяць над амаль нерухомай цёмнай вадой. Падступіцца, трапіць на вяршыню гары можна толькі з заходняга боку, дзе рачулка, нібы знарок, пакінула людзям вузенькі, як праехаць вясковым калёсам, праход. Ды на амаль голай вяршыні гары чалавеку няма чым пажывіцца, то і гэта мізэрная палоска зямлі даўнымдаўно зарасла калючымі кустамі ажынаў ды дзікім маліннікам.
Узнесла прырода нешта велічна-халоднае, амаль непрыступнае, ды, расчараваўшыся непатрэбствам свайго стварэння, кінула яго на здзек асеннім дажджам, зімовым завірухам ды марозным вятрам.
Ёсць на беразе безымяннай рачулкі, у змрочнай глыбіні дзікай пушчы забытая богам горачка, а на ёй — партызанская база яшчэ тых, даўніх часоў, калі па шматпакутнай беларускай зямлі гулялі польскія «жалнежы», і па-новаму абжытая зараз, у крывавая дні вайны з нямецкімі фашыстамі.
Камбрыг Мірон Дубровіч, стараючыся нікога не патрывожыць, яшчэ да сонца пакінуў штабную зямлянку, у якой жыў у сорак першым і ў якую вярнуўся цяпер, майскім днём сорак чацвёртага. Карцела агледзець былыя
ўладанні, а кажучы праўду, адшукаць і праверыць свае даўнія сховы, ад якіх сёння цалкам залежаў лёс яго знясіленай голадам і цяжкімі баямі брыгады.
Ён выбраўся з чэпкіх зараснікаў і спыніўся на голым месцы, на краі абрыва, што вісеў над ракою. I нечакана пачуў знаёмую песню:
И-идет война народная,
С-священная в-в-война!..
Дубровіч азірнуўся на голас і ўбачыў Антона Сімука, свайго былога эмтээсаўскага механіка, а цяпер брыгаднага разведчыка і адначасова «начбоя». Антон сядзеў на круталобым камені, цягнуў дурным голасам песню і з дубовага круглячка стругаў сабе лыжку. Яго ранейшая лыжка, адлітая з крыла самалёта, збітага партызанамі яшчэ ў сорак другім, засталася дзесьці ў возеры ці на тым злашчасным перашыйку.
П-пусть ярость благородная
В-вскипает...
— Ах, маць тваю! — Антон злосна плюнуў, шпурнуў у кусты цяжкі, як кавалак рэйкі, дубовы круглячок, якому не мог даць рады, сунуў у рот парэзаны палец і пачаў шукаць у кішэнях бінт, якога там даўно не было. Знайшоў нейкую анучу, якая, відаць, выконвала ролю насоўкі, пачаў бінтаваць палец, а Дубровіч, не жадаючы бянтэжыць добрага чалавека, зноў нырнуў у кусты.
I зноў нічога там не знайшоў. Затое знайшоў Антона, які поўзаў па траве на каленях ды шукаў свой злашчасны непакорны круглячок.
— Ты што тут шукаеш? — нібыта здзівіўся камбрыг.
— Я? Ды так... табакерку згубіў, — сумеўся Антон і схаваў у кішэню парэзаную руку. — А вы як сюды трапілі ў такую рань?
— Таксама шукаю. Склады нашы згубіў. Вось і поўзаю па ламаччы. Помніш ямы, якія мы тут капалі ў сорак першым?
— Уга! — ажывіўся Антон і падхапіўся на ногі. — Ды вы зусім не там шукаеце. Хадземце, пакажу. Мы з дзедам Рыгорам іх яшчэ ўчора праверылі.
— Праверылі? — насцеражыўся камбрыг.
— Ды не, іх мы не чапалі. Знайшлі, паглядзелі. Як быццам цэлыя, не кранутыя.
— А-а, — з палёгкай уздыхнуў камбрыг. — Цэлыя. Ну дык вось, Антон Пятровіч. Бяры ногі ў рукі і айда ў маю зямлянку. Няхай Вайцёнак знойдзе Сіўцова. Бярыце самых моцных хлапцоў, рыдлёўкі — яны ёсць у «штабной» зямлянцы, — і газуйце да мяне. Будзем рабіць інвентарызацыю базы.
— О! Гэта я мігам! — Антон зноў кінуў у кусты свой злашчасны круглячок, імгненна знік сярод мізэрных каржакаватых дубкоў-ліліпутаў.
II
«Iнвентарызацыю» базы, усіх яе шасці патаемных падземных сховішчаў, закончылі, калі стомленае майскае сонца ціха знікла за лесам.
Усё збераглі Барсучыныя горы! Ад бляшанкі тушонкі да аўтаматна-вінтовачнага патрона. Нават выдатны зялёны брызент, некалі зняты з армейскіх павозак, якім былі старанна ўхутаны ямы з дабром ці проста пакінуты ў гэтых жа ямах пра запас, застаўся цалюткім: бяры і ўкрывайся ім ад непагоды.
Читать дальше