— Ты не ведаеш, што з брыгадай Дубровіча? Што яна прарвала блакаду, я чуў. А вось дзе яна зараз? На Палік яна не прыйшла.
Крамнёў зноў са здзіўленнем паглядзеў на Кантаровіча: і гэта ведае!
— Гэта цікавіць не толькі мяне, — супакоіў яго Кантаровіч. — Хвалююцца і ў Цэнтры, і на Паліку. Там жа, здаецца, і твае дзве брыгады?
Васіль прамаўчаў. А Кантаровіч працягваў:
— Нядаўна прыходзіў да мяне Рыгор Вайцёнак — ты яго ведаеш, — дык і ён пра брыгаду Дубровіча нічога не ведае.
— Я — таксама, — памаўчаўшы, азваўся Крамнёў. — Я не змог сесці ў самалёт. А калі вярнуўся на Высокую выспу, у наш лагер, брыгады там ужо не было. Вось і блукаю адзін. Праўда, не зусім адзін. Са мной наша радыстка, але без радыёстанцыі.
— Радыстка? — здзівіўся Кантаровіч. — Дык яна ж загінула! Аб гэтым паведаміў у цэнтральны партызанскі штаб адзін з тваіх афіцэраў, здаецца, Міхась Шапавалаў. Масква абяцала прыслаць другую радыстку, як толькі стане вядома, дзе атабарылася брыгада Дубровіча.
— Адкуль і гэта вам вядома? — не стрываў Крамнёў.
— Зямля чуткамі поўніцца, — усміхнуўся Фама Савельевіч. — Не адзін Гаўрыла, што ў Полацку, і не адзін разведчык, што Васіль Крамнёў. Не крыўдуй... — На момант Кантаровіч замоўк, відаць, нешта вырашаючы, потым спытаў: — Можна мне сказаць Вайцёнку, што я цябе бачыў?
— А ён што...
— Праз два дні будзе тут.
— Я хацеў бы з ім сустрэцца.
— Тады будзь на базе Шаблюка роўна праз два дні, ноччу, у дваццаць чатыры нуль-нуль. За тваё здароўе.
IX
Развітваючыся з Крамнёвым, Кантаровіч яшчэ раз напомніў месца і час сустрэчы з Вайцёнкам, але не сказаў, ці будзе сам прысутнічаць пры гэтай сустрэчы. Ды і наогул прамаўчаў, ведае ён, Кантаровіч, гэтую «базу» ці толькі чуў пра яе ад Вайцёнка. У практыцы работы падпольшчыкаў такое — звычайная з’ява, і таму ад лішніх пытанняў Васіль устрымаўся. I цяпер, падыходзячы да разбуранага хлеўчука, ламаў галаву, што яму сказаць Ігнату і што рабіць з «бабскім гарнізонам». Выселіць такую кабету, як «старшыніха», відаць, будзе цяжэй, чым выбіць паўсотню эсэсаўцаў з жалезабетоннага дота.
Шаблюк таксама не спяшаўся пытаць у Васіля пра вынікі яго сустрэчы са старастам, бо і ён даўно ўжо ведаў, што справа гэта дохлая: нават партызанскія разведчыкі, многіх з якіх ён помніў яшчэ падшыванцамі і не раз частаваў крапівой, а то і лазінай, злавіўшы ў сваім багатым садзе, не дужа ахвотна дзяліліся з ім навінамі, хіба толькі за сталом, у кампаніі з потным глячком. Ну а гэты — рэ-гу-ляр-нік, хрэн з такога што выцягнеш!
Ды, калі ужо казаць праўду, у гэту мінуту ніякія навіны і не дужа яго цікавілі. Куды больш хваляваў незразумелы дух, што веяў ад «рэгулярніка», надакучліва казытаў яго чуйны нос, асабліва калі Крамнёў аказваўся побач ці злосна лаяўся, наскочыўшы на корч або непрыкметную купіну. «Чым жа гэта Савельіч так нафарбаваў «рэгулярніка»? — пакутаваў стары рыбак.
Нарэшце цярпенне ў яго лопнула, ён тузануў Васіля за рукаў і таямніча прашаптаў:
— Скажы, саколе, у якую святую вадзіцу ты абмакнуў свае вусны? Усё магу распазнаць: і пяршак, і «маскоўскую», і «польскую», нават шнапс фрыцаўскі, а вось гэты боскі пах!.. Дыхнеш, а мая галава — шусь, і паплыла, ніба гэта нясе мяне мая Гэлька, п’яненькага, купаць у рацэ.
Думаючы пра свае няпростыя справы, Крамнёў не адразу зразумеў, пра што чаўпе гэты баламут з кулямётам. Але, сустрэўшыся з яго блакітнымі вачыма і ўбачыўшы там сляды найглыбейшых душэўных пакут, заўважыўшы, з якім замілаваннем ловіць ён сваім вострым носам паветра, Васіль спыніўся і так зычна засмяяўся, што нават сам Шаблюк не на жарт спалохаўся.
— Ды ты што? — замахаў ён рукамі. — Гарнізон разбудзіць захацеў?
— Ладна, ідзём. Пасля ўсё раскажу, — паабяцаў Крамнёў, махнуўшы рукавом па вачах, дзе свяціліся дзве вясёлыя слязінкі. — Ды вось што скажы мне: як нам вызваліць ад жанчын тваю базу?
— А... а гэта навошта? — не зразумеў !гнат.
— Трэба. — Крамнёў на момант замоўк, але тут жа, успомніўшы, што Вайцёнак хутчэй за ўсё ўжо не раз быў у гэтай зямлянцы, паведаміў, як нешта зусім малаважнае: — Праз два дні дзед Рыгор тут будзе.
— Ды ну?! — аж падскочыў Ігнат.
— Точна. Не будзем жа мы пры чужых людзях?
— Э-э, Васіль Ьанавіч, — загарэўся Iгнат, — ды зараз гэта Гэльчына войска шугане з маёй базы, як вераб’і з канапель, што ката ўгледзелі. Ану, ступай весялей! Да раніцы ўсё трэба зрабіць, адкладваць нельга ні на мінуту.
— А можа, усё ж няхай яшчэ суткі пабудуць?
Читать дальше