– Цікава што? – з пэўным выклікам спытала Кляшторная.
– П…а, – адказала Лера.
– Сама ты п…а, – вомільгам агрызнулася Карына.
– Ды не ты п…а, а мядзведжае вушка п…а, – раззлавалася знаўца пэўных непрыстойных анекдотаў.
– Дзевачкі! – нібыта супакойваючы, выгукнула Кася.
Усё адбылося так раптоўна і маланкава хутка, што я не паспеў своечасова зрэагаваць. Іншыя мае спадарожніцы не тое, каб збянтэжана, а хутчэй зацікаўлена сачылі за аднакласніцамі і чакалі маёй рэакцыі. Мне здавалася, што маё запозненае маралізатарства не дасць ніякага плёну. Таму я адно з ушчуваннем пахітаў галавою, але, звяртаючыся да Леры, сказаў тое, чаго напэўна не чакаў ніхто з прысутных:
– А як жа тады персанаж беларускіх народных казак асілак Івашка Мядзведжае Вушка?
Лера на міг задумалася, а потым выдала, выкарыстоўваючы разнастайны тэрміналагічны апарат вядомы ёй, верагодна, з грамадазнаўчага курсу:
– Я канечне гэтую казку не чытала, але магу выказаць сваё меркаванне, сыходзячы з уласнага сацыякультурнага вопыту. Вось глядзіце: асілак – гэта ж нешта пазітыўнае, станоўчае, як ты яго ні круці. А як гэты пазітыў мог выразіць наш бедны і гаротны просты народ? Толькі экспрэсіўным прыметнікам, на які пазней царква і, верагодна, іншыя грамадскія інстытуты, імкнуліся накласці забарону, табу. І народ выкручваўся, як мог, прыдумваючы нешта нейтральнае. Вось жа быў Іван П…аты, а стаў Івашка Мядзведжае Вушка.
Дзяўчаты пачыналі патроху хіхікаць. Мінакі, праводзілі нас поўнымі сподзіву позіркамі, бо не маглі дабраць розуму, што за таварыства перад імі, аб чым гамонка і куды гэты дзядзька з усмешкай ласкавага цмока вядзе цэлую плойму юных красунь.
– Лера, можа ты перастанеш мацюкацца? – урэшце зрабіў заўвагу я.
– Эрнест Скіргайлавіч, вы ж разумны мужчына, – стала віхляць яна. – «П…а» у гэтым кантэксце не мацюк, а навуковая катэгорыя.
Мы акурат падыходзілі да вечнага агню з не менш вечнымі вясельнымі картэжамі. Яшчэ адна школьная група, каб не замінаць жаніху і нявесце, паскорыла крок і дагнала нас. На яе чале быў Дзяніс Давыдавіч Іскаліеў. Ён, учуўшы з дзявочых вуснаў ненарматыўную лексічную адзінку, разбірацца не стаў, а адразу безапеляцыйна заявіў:
– Дзяўчыначка, у цябе малако на вуснах не абсохла, каб такія словы без капкі сарамлівасці пры людзях казаць. А тым больш пры маладым настаўніку. Што ты сабе дазваляеш? Га? Як тваё прозвішча? Заўтра будзеш перад дырэктарам тлумачыцца.
Мае вучаніцы, а пагатоў Лера Булатнікава, на якую хлынула ягоная тырада, здранцвелі. Даваць дзяўчыне магчымасць апраўдвацца перад Іскаліевым было небяспечна. Па-першае, яна пачала б аскірзацца, толькі ўскладняючы становішча. Па-другое, мая маўклівасць не магла сыграць на карысць майму і без таго хісткаму аўтарытэту. Апошняе мяне і падштурхнула кінуцца на абарону нахабніцы.
– Вы, Давыдавіч, асабліва не гарачкуйце. Дзяўчо без злога намеру, а ў рэчышчы філасофскіх разважанняў. Сучасная філасофская парадыгма, знаеце…
«Знаеце», – перадражніў стары.
Ён пільна паглядзеў на Леру і яе малінавую саколку, якая добра падкрэслівала абрысы грудзей, задуменна кашлянуў, павярнуўся да мяне і ўшчыпліва папярэдзіў:
– Глядзі, каб гэтая парадыгма з тваёй традыцыйнай філасофіі ўсе цалінныя сокі не ўвабрала.
Калюча ўсміхнуўшыся, Іскаліеў прыспешыў сваю групу і шпарка пакрочыў наперад. Я не ведаў, што казаць. Вучаніцы таксама маўчалі. Нарэшце моўкнасці не вытрывала Кася Вядзёркіна.
– Эрнест Скіргайлавіч, – зусім ціха звярнулася яна да мяне і не працягвала далей, чакаючы майго голасу.
– Што? – як мага спакойней спытаў яе.
– Дык вы не скажаце нам, што значыць слова «фанабэрка»?
Я не здолеў стрымацца ад смеху і літаральна выбухнуў рогатам, а следам, нібы згодна з прынцыпам даміно, зарагаталі і ўсе мае спадарожніцы. Наш смех быў да непрыстойнасці звонкім і задорыстым. Гэта канечне схіляла да пазітыву. Але мая дзіўная здольнасць секунднага абстрагавання ад таго, што адбываецца, спрытна руйнавала такое ж мімалётнае шчасце. Заўжды, калі надыходзіў час адчування хаця б найменшага шчасця, нейкая частка маёй свядомасці выслізгвала вонкі і пачынала лунаць, азіраючы мяне збоку, адпускаючы ў мой адрас самыя жорсткія кпіны. Так было ў дзяцінстве, калі я радаваўся з’яўленню ў маёй калекцыі новай паштовай маркі. Так было ў юнацтве, калі мая аднакурсніца дэманстравала спрыт сваіх вуснаў і языка. Так здарылася і на гэты раз. Я рэзка змоўк. Дзяўчаты па інерцыі працягвалі хіхікаць. Але самыя пільныя ўсачылі неспадзяваную перамену ўва мне, сталі штурхаць астатніх локцямі ў бок ды ціхенька цыкаць.
Читать дальше
Конец ознакомительного отрывка
Купить книгу