Я інтуітыўна трымаўся гэтага мудрага, ці не паляшуцкага нават, запавету. І ў мяне былі цудоўныя, спадзяюся, адносіны з дзяржаўным вокам. Неаднойчы мне нават прапаноўвалі ўславіць яго. Мажны генерал разам з палкоўнікам КДБ і з пісьменнікам паклікалі да сябе. Накрылі паляну, якая, не буду хавацца, уразіла мяне. Не багаццем стала, хаця і гэта было, - арыстакратычнасцю: крышталь, фарфор ці не палацавыя, кітайскія. Крухмальныя настольнікі і сурвэткі. А пітва заморскага - хоць захлыніся. Да ўсяго няспынна сярод застолля спакушалі рыбалкай, сакрыта бязлюдным востравам і прыватным, толькі для мяне, катэрам, каб толькі я пагадзіўся на кнігу ці сцэнар аб іх справе.
Не ведаю, што мяне спыніла, вымусіла мякенька, але няўмольна адмовіцца, што было зусім не ўласціва мне, дзетдомаўцу і палешуку. У адрозненне ад земляка А. Грамыкі - містэра «Не», я быў хлопчык «Так». Мо менавіта арыстакратычнасць паляны і, чаго ўтойваць, прывабнасць і прага прыватнага вострава з асабістым катэрам. Нязвыкла гэта мне было. Чаго- небудзь прасцей бы, пралетарска-лапцевага, дзетдомаўска-фабзайцаўскага, ад родных асінаў і аўсоў... А так. Вось чаго няздольны быў зразумець у беларусах Лаўрэнцій Паўлавіч: цураліся яны костак з барскага стала, хаця і ім воцат на халяву быў салодкі. Толькі свайго воцату ў іх было хоць заліся і запіся. А яшчэ яны добра ведалі: апроч косткі з барскага стала ім ніколі нічога не выпадзе. Ну і пануйце, пакуль кутніцу не выпрэ.
Другая сустрэча, усутыч, вока ў вока, адбылася крыху пазней і ўжо амаль афіцыйна, без паляны. У бярлозе, у логаве іхнім. У грувастскім гмаху ці не на квартал галоўнага сталічнага праспекта. Гмах быў светлых, калыскавых колераў, фарбаў дзіцячае нечаканасці, але прыгнятаў велічнасцю, спалучэннем савецкага і нямецкага ампіру. Пад пільным каменным ці бронзавым прыглядам у скверы насупраць у нейкім родзе і нашага земляка Ф.Э. Дзяржынскага. Мяне і двух маіх сяброў-кіношнікаў, сцэнарыста Фёдара Конева і рэжысёра Юрыя Марухіна, пазвалі і запусцілі праз парадныя дзверы, пра якія я дагэтуль думаў, што яны ўвогуле ніколі не адчыняюцца і праз іх «нет ходу никому». Такімі яны былі ўнушальна велічнымі, што нават прыступкі, пэўна, за час свайго існавання не зведалі чалавечага абутку. А ў сярэдзіне, да седала чалавека ў форме, вартаўніка, часавога, было добра выхаджана. Ногі ды ногі па камені тут патупалі. Калідор разбягаўся на два патаемыя крылы-рукавы. Нас пасля праверкі прапускоў і некалькіх тэлефонных званкоў па таксама добра выхаджанай дывановай дарожцы павялі налева. У канец калідора ўніз, у напаўпадвал. Ад чаго ўвушшу і галаве адразу зрабілася вусцішна. Асабліва пасля таго, як пстрыкнуў замок у дзвярах.
Нас замкнулі. Папярэдне, праўда, патлумачылі, што мы павінны рабіць, дзеля чаго пакліканы сюды. Нам быў аказаны гонар і давер. Ад нас чакалі, хацелі амаль таго ж, чаго хацеў сябар Астап Бэндэр ад сяброўкі яго дзяцінства. Мы павінны былі напісаць сцэнар пра работу нашых гераічных органаў. Забяспечылі нас неабходным фактычным матэрыялам.
Матэрыял быў выкладзены на стале перад намі і здаўся мне так сабе, заезджаным і разыходжаным. Ці не спрэс добра абсмоктаны іншымі таленавітымі творцамі таго ж сацрэалізму. Зладзейская падрыўная дзейнасць супраць нашай краіны рознага разліву імперыялізму і іх пасобнікаў-адшчапенцаў, здраднікаў, варожых выкармкаў і нелюдзей, у большасці НТСаўцаў (Народно-Трудовой Союз), УПА (Украинско-повстанческая армия).
У падмацаванне гэтай іх варожай дзейнасці нам была дадзена кніжка. Без назвы і прозвішча аўтара і нават без вокладкі, старонкі якой былі сшыты суровай канцылярскай ніткай. Я пагартаў кніжку. Змест яе быў прадказальна знаёмы мне. Знаёмы нават не кніжна, а вусна і крыху нават як відавочцу, яшчэ з дзетдомаўскіх часоў.
Недзе ў сярэдзіне пяцідзясятых гадоў, калі я дарэшты яшчэ не развітаўся з надзеяй вырасці героем, адбыцца шпіёнам-разведчыкам, у нашым дзетдоме было толькі і гаворкі пра падкопы капіталістычных імперыялістаў. Пра гэта гаварылі падчас палітінфармацый лектары, якія спраўна праведвалі і адукоўвалі нас, выхавацелькі. Ды і самі мы тое-сёе бачылі і чулі на свае чуйныя вушы і пільныя вочы. Шары і зонды, як сёння НЛА - неапазнаныя лятальныя аб’екты - лёталі над нашым лесам, хмызамі і палеткамі, а некаторыя з нас кляліся, што і над дзетдомам. Шпіёнілі і разведвалі, на выгляд, дык зусім як метэаралагічныя зонды. Але замест метэаралагічных прычындалаў - лістоўкі з заклікам змагацца з савецкай уладай. Лістовак я тых не бачыў і не чытаў. Хаця адзін, спадзяваліся, з тых капіталістычных шароў ці зондаў мы адлавілі, знайшлі ў лесе. І каб ён дастаўся некаму аднаму з нас, прыдумалі б, куды і як яго ўжыць. Стужак залатых ці сярэбраных было на ім зашмат - хоць і капіталістычнае, але - багацце, скарб. І гэты нябесны скарб з-за таго, што шмат было сведак, жадаючых займець яго, не дастаўся нікому з нас. Аддалі, аднеслі каму і куды трэба. І атрымалі толькі дзякуй.
Читать дальше