А я і мае равеснікі, нягледзячы на наша сіроцтва, безбацьковасць - не было каго прадаваць - нястачу і ўскраінную зладзейкаватасць, ці не ўсе раўняліся на Паўліка Марозава. І я ці не быў ужо рэінкарнаваны ў яго. Мяне апраменьвалі ім, рыхтавалі да гэтай рэінкарнацыі. Я прагнуў... І я не ўпарціўся, не супраціўляўся гэтаму. Такая, пэўна, была наканаванасць, нарачонасць, і не толькі мне, але і новаму, здаецца, веку, новаму міленіуму, прадчуванне якога, падобна камунізму, зданямі блукала па планеце, пачынаючы ўжо выпальваць дух і душу чалавека і чалавецтва, пачынаючы з дзяцей, менавіта з мяне.
Новы век і час, падобна кракадзілу, зазыўна разяўляў пашчу на трусоў. І я хацеў увайсці ў яго пашчу. Увайсці гераічна. Як Паўлік Марозаў, як наш разведчык Мікалай Кузняцоў: непрададзеная славянская шафа была паролем маіх хаўруснікаў. Я хацеў быць шпіёнам у логаве ворага - разведчыкам. Адно толькі стрымлівала мяне: калі выкрыюць, ці вытрымаю катаванні. Не, выразанне зорак на целе, агонь і тушэнне цыгарэт і цыгарак на маім жываце, проста пабоі, не сумняваўся - вытрымаю. У нейкай меры я ўжо прайшоў праз гэта. Балюча, непрыемна, але цярпець можна.
А вось як я буду паводзіць сябе, калі мне пачнуць заганяць пад пазногці іголкі ці тыя пазногці здзіраць, тут я сумняваўся. Адна справа, калі ты выпадкова саб’еш пазногаць аб корань ці корч. Ну, падумаеш, адзін жа толькі, пасыпаў попелам ці па...цаў на яго і пабег далей. А тут дзве рукі, дзве нагі і столькі пальцаў, і на кожным пазногці, кіпці. Не вытрымаю, выдам ворагу ўсе савецкія сакрэты, калі не зайдуся і не сканаю адразу. І я паціху пачаў сам катаваць сябе, выпрабоўваць болем пашкамутаных і здзёртых пазногцяў, а спакваля і агнём. Да іголак не даспеў, баяўся іх, ды і ў дэфіцыце яны тады былі - бацька ўсяго нічога з пераможанай Германіі прывёз, схаваўшы ў мыла.
Але болю хапала - ад выспяткаў і ўшчуванняў з усіх бакоў. І проста жыць - патрэбны былі і мужнасць, і воля. Тым больш, калі твая мэта - вырасці шпіёнам. І я, пэўна, не здрадзіў бы ёй, ні схібіў. Але адбылося тое, што адбылося. Толькі тут наканаваная ці зададзеная некім насуперак мне станцыя прызначэння майго лёсу, жыццёвага, вулічнага, крута памянялася. Мой нехапатлівы лёсавы рабочы паяздок раптоўна набраў хуткасць і экспрэсам панёс мяне ў невядомасць і нязведанасць: ад роднай хаты, у беспрытульніцтва. Так здарылася. Так згуляла са мной мая доля і прага да чытання, непрадказальнасць памкненняў і непраходнага точыва кніжнага чарвяка, з якім я датачыўся да Аляскі. Вычытаў, что яе аддалі на дзевяноста гадоў у арэнду Амерыцы. І тэрмін арэнды ўжо зусім хутка заканчваўся.
Я вырашыў крыху апярэдзіць час. Пачаць свой ратны подзвіг на краі зямлі - адвечныя нашы айчынныя і паляшуцкія памяркоўныя выкрутасы, хітрыкі і выбрыкі, з якіх здзіўляўся сам Лаўрэнцій Паўлавіч Берыя, усклікнуўшы прыкладна так: неспазнаны гэты народ, беларусы. Душыш іх, душыш, а яны маўчаць, трываюць, церпяць. Я ж, калі адчуў, што ўжо няўсцерп, маўкліва, ці не па-агліцку, знік са сваёй наканаванай мне прасторы і будучай нарачонасці. Даверыўся цягніку і спадарожным вакзалам.
Адчуваў, падсвядома разумеў, што гэтая наканаванасць ужо легла, аблытала мяне, і ці не назаўсёды. І гэтая мая падсвядомасць спраўдзілася. Мяне прыкмецілі і павялі не толькі ў маленстве. Дзяржаўнае вока было на мне на ўсё свядомае жыццё, думаю, да сённяшняга дня. І я ніколькі не імкнуўся пазбавіцца яго. Наадварот, ішоў на збліжэнне з ім, а часам і на сяброўства. Хадзіў у грыбы, ездзіў на рыбалку. А часам, чаго граху таіць, ішоў насустрач яму. Правакаваў і выпрабоўваў: а што будзе, калі?.. Так палеская ластаўка, паэтка Жэня Янішчыц, якая да мяне пабывала ў ААН, папярэджвала, каб я перасцерагаўся там: усе пільнуюць, сочаць адзін за адным. Я вырашыў праверыць гэта. Напісаў нейкую правакацыйную лухту, скруціў і засунуў у пераплёт тэлефоннага даведніка. Прарабіў гэта ранкам. А ў абед праверыў. Маёй лухты ў пераплёце ўжо не было. Мела рацыю Янішчыц - чытаюць савецкія чукчы ў ААН. Во дзе і ў каго пільнае вока. Але я толькі пераканаўся ў гэтым і застаўся нязменна верным сабе. Як і раней, піў са сваімі даглядальнікамі гарэлку і ні ў якім разе і ў галаве не трымаў пратэстова паўстаць, бо, як казала Ганна Ахматава, сваіх даглядчыкаў заўсёды трэба ведаць у твар і паіменна. Ні ў якім разе не скардзіцца, пазбягаць цурацца і выдаляцца. Бо знойдуць і прызначаць іншых, пра якіх і падумаць не зможаш - лепшага і самага вернага твайго сябра, каторы ведае ўсё пра цябе да донца, пра што ты сам ужо забыўся.
Читать дальше